Севярынец прапануе вылучаць «адзінага», як у 2006 годзе. Сам у прэзыдэнты не ідзе

  • БелаПАН

Павал Севярынец

Верагоднасьць абраньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі на выбарах 2015 года дастаткова высокая. Такую думку выказаў БелаПАН сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД), былы палітвязень Павел Севярынец, які выступіў ініцыятарам перамоўнага працэсу ў дэмакратычных сілах.

«Калі б я ня верыў у магчымасьць абраньня адзінага кандыдата, я б ня браўся за гэту справу, — заявіў Севярынец. — Верагоднасьць выхаду на адзінага кандыдата ёсьць, яна дастаткова высокая. Падзеі ва Ўкраіне, агрэсія з боку Расеі паказалі, наколькі ўсё сур’ёзна, што мы можам страціць краіну, калі ня будзем рэалізоўваць моцныя сцэнары».
Палітык упэўнены: моцны сцэнар магчымы «толькі з адным лідарам». «Падчас мясцовых выбараў мы ўбачылі, што правесьці моцную кампанію магчыма толькі разам, паасобку партыі і арганізацыі слабыя. Неабходныя намаганьні ўсёй дэмакратычнай супольнасьці. Гэта падштурхне лідэраў да прыняцьця адказных рашэньняў», — мяркуе Севярынец.

На яго думку, вызначыцца з працэдурай абраньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты апазыцыя можа на працягу месяца. «Па тэрмінах ідуць размовы, але, думаю, у бліжэйшы месяц неабходна вызначыцца ўсім дэмакратычным сілам. Засталося паўтара месяца да заканчэньня чэмпіянату сьвету па хакеі (чэмпіянат пройдзе зь 9 па 25 мая. — БелаПАН.), пасьля чаго адносная шырма лібэралізацыі будзе зьнята. За гэты час важна ня толькі вызначыцца з працэдурай, але і пачаць сам працэс абраньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты», — сказаў Севярынец.
Падрабязнасьці сцэнару абраньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі Севярынец раскрываць ня стаў. «Мы вырашылі, што пакуль не дасягнуты дамоўленасьці, падрабязнасьцяў не раскрываем. Але ў цэлым магу сказаць, што гэтая працэдура заснаваная на сцэнары кампаніі 2006 года: сустрэчы актывістаў па рэгіёнах, абраньне дэлегатаў на кангрэс. Падрабязнасьці яшчэ абмяркоўваюцца», — зазначыў палітык.

Паводле яго словаў, да перамоў запрошаны «ўсе асноўныя палітычныя партыі». Аргкамітэт БХД вырашыў не вылучаць свайго кандыдата ў прэзыдэнты, каб «не паўтараць сытуацыю 2010 году, калі кожная палітычная сіла прапаноўвала свайго кандыдата», растлумачыў Севярынец. «БХД сьвядома заяўляе, што не вылучае свайго кандыдата, каб стаць пляцоўкай для перамоўнага працэсу. І мы мэтанакіравана сталі да гэтага рыхтавацца. Тут трэба нечым ахвяраваць для агульнай мэты. Для мяне гэта адна з высноваў кампаніі 2010 года», — падкрэсьліў палітык.