Валеры Стралко: Шаўчэнка быў сваім на Майдане

Валеры Стралко

Да 200-годзьдзя з дня народзінаў Тараса Шаўчэнкі ў Менску пабачыла сьвет ягоная аповесьць «Мастак». Ці актуальная творчасьць паэта ў сёньняшняй Украіне? Як перажывае ўкраінская творчая інтэлігенцыя падзеі ў Крыме і на ўсходзе краіны? Госьцем перадачы — перакладчык кнігі, сябра Нацыянальнага cаюзу пісьменьнікаў Украіны Валеры Стралко.


Міхась Скобла

Скобла: Cпадар Валеры, Шаўчэнкаўскі юбілей, да якога рыхтавалася ўся Ўкраіна, у сувязі з украінска-расейскім канфліктам, на жаль, быў згорнуты. Вы нядаўна з Кіева, там сапраўды не да Шаўчэнкі?

Стралко: Я б не сказаў, што ўкраінцам не да Шаўчэнкі. 200-я ўгодкі Шаўчэнкі не забытыя. Па ўсім Кіеве вісяць плякаты. Шаўчэнка прысутнічае ў сэрцы кожнага кіяніна, кожнага ўкраінца, у сэрцах тых людзей, якія да гэтага часу стаяць на Майдане. А юбілей быў сапраўды згорнуты. Праграма была скарочаная да мінімуму. Здаецца, нават міжнародная канфэрэнцыя, якая плянавалася ў Доме настаўніка, не адбылася. Праўда, выйшлі цікавыя юбілейныя выданьні. Мяне ўразіў «Кабзар» раскошнага падарункавага выгляду, які, як мне сказалі, каштаваў 300 даляраў.


Скобла: Для многіх сталася нечаканасьцю, што перакладзеная вамі аповесьць «Мастак» была напісаная Шаўчэнкам па-расейску. Гэты вынік таго, што Тарас Рыгоравіч доўгі час жыў у Расеі?

— Ня толькі гэта. Сапраўды, ён доўгі час знаходзіўся ў расейскім асяродзьдзі. Але, мабыць, ужо ў той час ён думаў пра тое, што ўкраінцы і на расейскай мове прачытаюць. А для расейцаў трэба пісаць на расейскай — тады будзе больш шырокае кола чытачоў. Вядома, што Шаўчэнка напісаў каля 20 аповесьцяў, і ўсе яны былі на расейскай мове. Захавалася толькі дзевяць, зь іх «Мастак» — самая лепшая. Чаму ўсё ж пісаў па-расейску? Я магу працытаваць словы Тараса Рыгоравіча ў лісьце да Якава Кухарэнкі (1842 год), дзе ён з горыччу прызнаецца: «Перапісаў паэму „Сьляпая“ і плачу над ёй. Які мяне чорт напаткаў, і за які грэх я спавядаюся перад кацапамі чэрствым кацапскім словам. Бяда, браце атамане, далібог бяда». Усякі бывае настрой у чалавека. Я думаю, што Шаўчэнка шанаваў таксама і расейскую мову, і расейскую культуру — тут нічога дзіўнага няма. Давайце ўспомнім, хто яго выкупіў з прыгоньніцтва. Гэта зрабілі расейскія людзі. Таму Шаўчэнка ўсё жыцьцё быў удзячны і Расеі, дзе ён атрымаў адукацыю, дзе ён меў пэўную ўвагу да сябе, і канкрэтным расейцам, якія яму дапамагалі. А такіх людзей было вельмі шмат. Расея была ў яго жыцьці — што зробіш. І была яна ня толькі нэгатыўнай, але і пазытыўнай. І перш за ўсё пазытыўнай.

Скобла: Шаўчэнка сёньня ва Ўкраіне актуальны? Яго чытаюць? Ці толькі выдаюць сувэнірныя кнігі па 300 даляраў?

— Ён актуальны як ніколі. Многія яго творы гучаць, як напісаныя сёньня — настолькі яны сугучныя тым падзеям, якія адбываюцца. Яшчэ з савецкх часоў Шаўчэнка пазыцыянаваўся найперш як бунтар, рэвалюцыянэр, змагар за волю і свабоду супраць усялякага прыгнёту. Таму і на Майдане Шаўчэнка быў абсалютна сваім чалавекам. Можна сказаць, што ён там быў у першых шэрагах.

Скобла: Аднойчы я глядзеў ток-шоў на адным з украінскіх тэлеканалаў. Дык там адзін з удзельнікаў абразьліва выказаўся пра Шаўчэнку. Яму надавалі кухталёў проста ў студыі, у жывым эфіры. Шаўчэнка ва Ўкраіне недатыкальны?

— Не сказаць, каб недатыкальны, але ён — нацыянальная сьвятыня. І ўкраінцы вельмі хваравіта рэагуюць, калі пра Шаўчэнку выказваюцца нэгатыўна. Гэта нядзіўна. Цягам гадоў 150-ці сьцьвярджалася думка, што Шаўчэнка — правадыр, прарок, бацька нацыі і стваральнік нацыянальнай літаратуры. Я скажу так: Шаўчэнка — гэта нацыянальная ідэя. Ён, вядома ж, быў жывым чалавекам са сваімі слабасьцямі і хібамі, але што больш важыць — яго хібы, ці той пазытыў, які ён прынёс усяму народу? І ня толькі свайму народу, але і іншым народам. У дадатку кнігі «Мастак» прыведзеныя выказваньні выдатных людзей пра Шаўчэнку.

Скобла: Адно такое выказваньне — Іосіфа Бродзкага — цяпер часта цытуецца ў сеціве: «С Богом, орлы, казаки, гетманы, вертухаи! / Только когда придет и вам помирать, бугаи, / будете вы хрипеть, царапая край матраса, / строчки из Александра, а не брехню Тараса».

— Зноў жа, і Бродзкі — жывы чалавек. Можна толькі пашкадаваць, што ён так неадэкватна і няправільна ўспрымаў Украіну і Шаўчэнку. Што ж, у піку аднаму нобэлеўскаму ляўрэату я магу згадаць выказваньне другога нобэлеўскагя ляўрэата — Барыса Пастэрнака. Ён вельмі высока цаніў творчасьць Шаўчэнкі, вышыню яго думкі, вышыню яго паэзіі. Вось яго словы: «Тарас Шаўчэнка для мяне ідзе ўсьлед за Шэксьпірам і супернічае з Вэрленам». Гэта годнае прызнаньне творчасьці Шаўчэнкі, яго аўтарытэту ў сьвеце, а ня толькі на ўкраінскіх абсягах.

Скобла: Прыкладна ў той час, калі анэксаваўся Крым, у Маскве адкрылі помнік Шаўчэнку. Як вы расцэньваеце гэты факт?

— Гэта было не адкрыцьцё помніка, ён проста вярнуўся на пастамэнт пасьля рэстаўрацыі. Помнік быў усталяваны ў Маскве яшчэ ў 1964 годзе, а цяпер два гады рэстаўраваўся. Адкрыў яго расейскі міністар культуры, ад Украіны таксама прысутнічаў новы міністар культуры, які быў удзельнікам Майдану. Карэспандэнты спыталіся ў расейскага міністра, якім чынам удалося ў такі няпросты час забясьпечыць прыбыцьцё ў Маскву чыноўніка высокага рангу з Кіева? На што прагучаў адказ: «Я сам украінец». Магчыма, гэтым усё і тлумачыцца. Тут для мяне нічога дзіўнага не адбылося, і ніякага цынізму я тут ня бачу. Наадварот, бачу пазытыў. Нягледзячы на тое, што палітычныя стасункі разладзіліся, засталіся вечныя каштоўнасьці. І гэтым адкрыцьцём Расея прадэманстравала сваю гуманнасьць.

Скобла: Перад гэтым забраўшы сабе частку тэрыторыі Ўкраіны.

— Ну так. Можа, і забраны Крым — гэта, з гледзішча Масквы, таксама гуманная акцыя? Ня ведаю, што мелася на ўвазе. Але сам факт адкрыцьця помніка Шаўчэнку — хіба гэта дрэнна? Гэта добра — і для расейцаў, і для ўкраінцаў.

Скобла: Вы зьяўляецеся сябрам двух пісьменьніцкіх саюзаў — беларускага і ўкраінскага. Разам з Крымам уласнасьцю Расеі стаў Дом творчасьці ўкраінскіх пісьменьнікаў у Кактэбелі. Вашыя калегі ўжо з гэтым зьмірыліся?

— Вядома ж, гэта балюча, што Кактэбель трапіў у рукі расейцаў. Спадзяюся, што і сярод расейцаў ёсьць людзі разумныя, і яны ня будуць паліць кнігі ўкраінскіх клясыкаў. Нешта вырашыцца і з той маёмасьцю, якая ёсьць у Доме творчасьці. Мне цяжка гаварыць за ўсіх пісьменьнікаў. Я ведаю гісторыю стасункаў Расеі і Крыму. Як ён быў заваяваны ў 1783 годзе? Схема была простая — там 10 000 расейцаў, і іх татары крыўдзяць. Трэба бараніць. І занялі Крым. Потым Крым аддалі Ўкраіне. Існуе легенда, што Хрушчоў зрабіў гэта пад п’яную лавачку. Насамрэч самі крымчане зьвярнуліся да расейскіх уладаў: «Нам цяжка, тут нічога ня робіцца, не будуецца». А прайшло ўжо 10 гадоў пасьля вайны. Я дакладна не памятаю, у Феадосіі ці Еўпаторыі за 10 паваенных гадоў расейцы пабудавалі толькі адзін 8-кватэрны дом! Руіны пасьля вайны так і заставаліся. І тады Расейская Фэдэрацыя афіцыйна зьвярнулася да Ўкраіны з просьбай узяць Крым на свой баланс. І калі гэта было зроблена, фінансаваньне Крыму павялічылася адразу ў 4 разы, быў пракапаны Паўночна-крымскі канал, паднялі сельскую гаспадарку. Украіна адбудавала Крым, а цяпер расейцы забралі ўсё гатовае ды яшчэ назвалі ўкраінцаў ворагамі... Ня кажучы ўжо, што Расея парушыла ўсе дамоўленасьці — Хэльсынскую і Будапэшцкую. Таму ўся Ўкраіна абураная — дзе сумленьне, дзе гуманізм, дзе справядлівасьць?

Скобла: Вы — самы яскравы прыклад літаратурнага братэрства: перакладаеце клясыку з украінскай на беларускую, зь беларускай — на расейскую, зь беларускай — на ўкраінскую. Што цяпер будзе з гэтымі гэтак званымі «братэрскімі стасункамі»?

— На жаль, ва Ўкраіне можа быць абвастрэньне канфлікту. Магчымыя і больш драматычныя падзеі. Што тычыцца расейска-украінска-беларускага братэрства... Мы ўсе павінны маліцца Богу і памятаць, што Бог ёсьць любоў. І Тарас Шаўчэнка нас заклікаў і маліў, каб мы браталіся, а ня лаяліся, каб не было ў нас такога разьмежаваньня. Я думаю, пройдзе час, і палітыкі схамянуцца, усё супакоіцца, адносіны наладзяцца. Прайшоўшы праз выпрабаваньні, людзі сьвятлеюць душой. Будзем спадзявацца, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшым часе.