Нора Джойс як карыкатура, рэвалюцыянэрка і багіня

«Нора Джойс. Жыцьцё сапраўднай Молі Блум» аўтарства Брэнды Мэдакс — гэта 600 старонак падрабязнасьцяў сужыцьця славутага пісьменьніка Джэймса Джойса і ягонай жонкі Норы, якая была прататыпам усіх ягоных жаночых пэрсанажаў. Яны паходзілі з каталіцкіх ірляндзкіх сем’яў, але 27 гадоў былі сямейнікамі «без пасьведчаньня». Дакумэнтальную кнігу Брэнды Мэдакс называюць «любоўным раманам» Джойсаў, якія ў рэшце рэшт пабраліся шлюбам у 1931 годзе.

Джэймс Джойс будаваў творчасьць на ўласным жыцьцёвым досьведзе, у тым ліку эратычным. Прычым гэта быў чалавек, які зьбіраў кожную паперку, ня кажучы аб лістах. Такім жа быў ягоны меншы брат Станіслаўс, які захаваў вялікую частку архіваў Джэймса, таксама перапіску 1909 году, калі Нора часова вярталася ў Ірляндыю. Зьмест ліставаньня таго часу дасьледчыкі прызнаюць вульгарным, непрыстойным, называючы часам лісты нават парнаграфічнымі. Усе яны былі надрукаваныя ў 1975, прадставіўшы шырокай публіцы зьмест інтымнага жыцьця памерлага пісьменьніка. Джойс захоўваў іх, выкарыстаўшы ва «Ўлісе», які пачаў пісаць у 1914. Але знаўцы творчасьці пісьменьніка пазьней, пасьля іх публікацыі, сьцьвярджалі, што раман «блякне» перад любоўнымі лістамі Джойсаў.

Брэнда Мэдакс піша, што Нору можна прызнаць за крыніцу натхненьня пры канструяваньні ўсіх галоўных жаночых постацяў у творах Джойса. Што датычыць Молі Блум, яе прызвычаіліся напрасткі атаясамліваць з самой жонкай пісьменьніка. Ён, сярод іншага, выкарыстаў эпісталярны стыль Норы — яна пісала доўгімі сказамі бяз знакаў прыпынку, часам пабудаванымі з хаатычных, супрацьлеглых думак. Нора не была маўклівай, яна гаварыла безупынна, а ён вышукваў у яе мове нечаканыя словы і выразы. Брэнда Мэдакс называе Джойса «зьбіральнікам усялякіх моўных пазадкаў». Якраз непрыхільнасьць Норы да «Ўліса», апроч іншага, тлумачылася тым, што Джойс выкарыстаў пачутыя ад яе меркаваньні.

Джойса хвалілі за адлюстраваньне ўнутранага мэханізму мысьленьня жанчыны. Але Нора ў размове з Бэкетам сказала пра Джойса, што «гэты чалавек ня мае паняцьця аб жанчынах». Молі мае ўсе ўласьцівасьці, якія жанчынам прыпісваюць мужчыны: яна «летаргічная, алягічная, нерацыянальная, пыхлівая, занятая сабою, пасіўная і заўжды знаходзіцца ў ложку». Фэміністкі палічылі яе карыкатурай. Брэнда Мэдакс мяркуе, што Молі адначасова карыкатура, рэвалюцыянэрка і багіня.
Падарожжа сучаснага Ўліса, Леапольда Блума (мужа Молі), адбываецца ў межах горада Дублін цягам аднаго дня. Прычым гэты дзень, 16 чэрвеня 1904 году (які штогод адзначаецца ў Дубліне як Блумсдэй) расьцягнуўся ў кнізе на 600 старонак. Як ганарыўся сам аўтар: калі горад разбурыць, то пры аднаўленьні можна карыстацца толькі ягоным раманам. Пісьменьнік прадвызначаў настроі і густы, зьнішчаючы табу пад вокладкай свайго твору: багемнае жыцьцё ў пасьляваенным Парыжы, куды яны перабраліся ў 1920-х, стала якраз менавіта такім — фрывольным, бязь межаў у эратычных паводзінах. Публіка прагнула такой літаратуры. Што датычыць Англіі, то мэцэнатка Джойса міс Уівэр мусіла хаваць кнігу ў шафе ў сваёй спачывальні і асабіста разносіла яе па кнігарнях.

Ажыятаж, які стаў выклікаць яе муж, здаваўся Норы сьмешным. Калі яе спыталі, ці чытала яна раман, Нора адказала, што не жадае дурыць сабе галавы, дастаткова, што галава Джэймса пастаянна ім занятая, і ён гаворыць пра кнігу безупынна. Ён, аднак, спадзяваўся, што яна зьменіць сваю думку, і вельмі радаваўся, што жонка нарэшце прачытала 27 старонак, «улучна з вокладкай». Яна пыталася: «Чаму ты ня пішаш талковых кніжак, якія людзі могуць зразумець?» І дачытаць адмовілася. Яна сказала аднойчы: нават тое, што прачытала, падалося ёй вельмі непрыстойным, нават бессаромным.

У пэўным сэнсе пісьменьнік ахвяраваў дзеля посьпеху зрок: яму рабілі адну за адной апэрацыі з нагоды глаўкомы. А таксама Джойсу выдалілі ўсе зубы. Але гульня, мабыць, была вартая сьвечак: за два выданьні «Ўліса» яму выплацілі 21 тысячу фунтаў, пры канцы стагодзьдзя гэтая сума ў новым выражэньні ўжо дасягала памеру Нобэлеўскай прэміі. Як піша Брэнда Мэдакс, такіх грошай магло б хапіць да канца жыцьця, але Джойсы перасяліліся ў дарагі гатэль і не ашчаджалі.

Нора была для Джойса ягонай Ірляндыяй. Апошні раз ён наведаў краіну ў 1912, калі быў рассыпаны набор яго зборніка апавяданьняў «Дублінцы», і пасьля таго да самай сьмерці ў 1941 нагі ягонай там не было.

Падзеі першай траціны кнігі Брэнды Мэдакс сталі матэрыялам для цікавай кінадрамы «Нора» Пэта Мёрфі. Што да мяне, жыцьцё Джойсаў у Трыесьце, куды яны трапілі пасьля ад’езду ў 1904 з Дубліна, і часовы пераезд у Рым ператварыліся ў такі вершаваны аповед:

Чытаючы «Нору»

Перакуліўся дагары нагамі ціск.
Як быццам стрэлкі пераведзены
адразу на некалькі гадзін назад.
А значыць кроў твая плыве
павольней, страціўшы імпэт,
нібыта цяжар на плячах.

Прачнуўся. Цёмна. Чатыры раніцы.
Над дахам гала Месяца.
Ніякай яснасьці, абрыс прыблізны,
Як быццам нездаровы ён:
расплывісты ў люстэрку твар.

Твой сон яшчэ з табой,
але ўжо чакае «Нора»,
шэсьцьсот старонак
пра жыцьцё ў Трыесьце
будучага аўтара «Ўліса»
зь яго жанчынай, зь якой
не мелі шлюбу, што
у касьцельнай да апошняе
душы краіне было
даволі неразважным.

Шыкоўныя архітэктурныя фасады Рыма
іх ня ўразілі. Джэймс раздражняўся,
яму нагадваў горад чалавека,
які заробак мае, выстаўляючы
турыстам нябожчыцу старую.
У галаве яго стаялі цесна камяніцы
Дубліну, і вечны горад лішнім быў.

Не палюбілі Рым, віно не палюбілі,
хоць Нора выпівала за абедам
бутэльку, а Джэймс упарта
зазіраў у кілішак увечары,
закончыўшы занятак у банку.

Павольная ў ірляндзкіх жылах кроў,
але нібыта разьмяшаны порах у ёй,
жаль, сорам за радзіму і любоў,
адначасова як да маці
і да мачахі пачуцьці.
І успаміны пра далёкі брук халодны
дранцьвеюць, і сонца, якое
не здараецца напаленым, чырвоным,
і фарбы стрыманыя,
што прыгнятаюць дома,
і каторых так бракуе на чужыне
сярод багатых, часам зыркіх
фарбаў. Папрыка, цытрусы,
чырвонае віно, у аранжарэях
архідэі.

Галодныя ірляндцы не маглі
ніяк спыніцца, у выхадныя
елі шэсьць разоў, і ўсё ў кавярні,
як сьведчыць падрабязны запіс
Джойса зь пералікам ежы,
але трымалі ў галаве таксама
ірляндзкай кухні стравы,
наўперад цымус — флячкі
у белым соўсе па-дублінску.

Пабаляваўшы на пазычаныя грошы брата,
ён справаздачу пераслаў яму ў лісьце,
каб сьлінкі той глытаў напэўна:
хлеб з маслам, шынка, кава на сьняданьне.
Наступным разам суп, пячонка баранова
з бульбай, хлеб, віно.
Затым гуляш, віно і хлеб.
Чацьвёртым разам іншая пячонка,
сыр гарганзола, хлеб, віно:
празь дзьве гадзіны.
Крыху пазьней пячонка зноў,
хлеб, вінаград і вэрмут.
А потым праз гадзіну, нанач,
цялячыя катлеты, ранейшы хлеб,
салата, вінаград, віно.
Здурнець ад пераліку можна,
дальбог.

Спыняесься на думцы, што
лепей бы табе ня ведаць
падрабязнасьцяў, якія захавалі
надрукаваныя лісты ад Джойса
Норы, якіх інтымнасьць мела,
як гвалтоўнае надвор’е,
жоўты колер небясьпекі,
але адначасова — што
пра жыцьцё бывае цікавей
чытаць, чым сам раман,
які на дражджах гэтага жыцьця
затым паўстаў.
Сказаў аднойчы крытык:
бываюць кнігі для чытаньня,
пра іншыя гавораць толькі,
прайсьці з канца ў канец іх цяжка,
галоўны вынік іх зьяўленьня —
размовы вакол іх. «Уліс» —
у першых шэрагах...

15-16.ІІІ.2014 г.