Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч нарадзіўся ў 1963 годзе ў Ваўкавыску.

Пасьля школы скончыў СПТВ-37 у Вялікай Бераставіцы, працаваў мэханікам па рамонце аўтамабіляў. З 1981 г. служыў у арміі ў Саратаўскай вобласьці Расеі кіроўцам у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня. Пазьней скончыў школу прапаршчыкаў, служыў у Аўганістане. За ахову моста пад Кандагарам і ўдзел у іншых апэрацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума мэдалямі — «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Звольніўся з арміі ў 1991 годзе ў Ваўкавыску старшым прапаршчыкам, пачаў займацца бізнэсам.

7 ліпеня 2006 году быў зьняволены на 3 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў са стратамі для бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама — у ажыцьцяўленьні прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі і атрыманьня ліцэнзіі. Тэрмін зьняволеньня пачаў адлічвацца ад 15 кастрычніка 2005 году, калі яго пасадзілі ў сьледчы ізалятар калёніі № 1 у Менску.

Суд па канфіскацыі маёмасьці адбыўся напрыканцы 2007 году. Мікалаю Аўтуховічу пакінулі дом, у зьняволенага засталася таксама аўтабаза, палова ягоных таксовак і адзін асобны будынак. А канфіскавалі — 13 таксовак, кватэру і два склады. Да спагнаньня была прызначана сума звыш 350 мільёнаў рублёў.

Мікалай Аўтуховіч быў адным з шасьці палітзьняволеных, вызваленых у выніку жорсткіх санкцыяў ЗША і ЭЗ, аднак 8 лютага 2009 году яго зноў затрымалі і ў 2010 годзе асудзілі. Здароўе Аўтуховіча тады было сур’ёзна падарванае сэрыяй доўгіх галадовак пратэсту і недахопам мэдыцынскай дапамогі.

6 траўня 2010 году ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь быў абвешчаны новы прысуд Аўтуховічу. Яго абвінавачвалі ў падрыхтоўцы ў 2005 годзе тэракту супроць тагачаснага старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі ды ў іншых злачынствах, сярод якіх суд знайшоў пацьверджаньне толькі аднаго — што прадпрымальнік незаконна захоўваў баявыя патроны. За гэта Аўтуховічу далі 5 гадоў зьняволеньня, а яшчэ дадалі 2 месяцы, недаседжаныя пасьля першага прысуду — за нясплату падаткаў.

Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 5 у Івацэвічах (Берасьцейская вобласьць). У сьнежні 2011 году на месяц быў зьмешчаны ў ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу. Рашэньнем суду, які адбыўся 17 студзеня 2012 году, быў пераведзены ў турму Гародні.

Падчас першага судовага працэсу Amnesty International прызнала Аўтуховіча вязьнем сумленьня. Што тычыцца другога працэсу, аб палітычнай скіраванасьці перасьледу заявілі праваабаронцы цэнтру «Вясна», іх падтрымалі Беларускі Хэльсынскі камітэт і грамадзкасьць.