На хвалі Свабоды: Год 1971

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.
1971 год для Радыёстанцыяў Свабода і Свабодная Эўропа пачаўся даволі скандальна, у студзені сэнатар ад штату Нью-Джэрзі Кліфард Кэйс выступіў у Кангрэсе з крытыкай патаемнага фінансаваньня згаданых радыёстанцыяў праз ЦРУ. Факт гэтага фінансаваньня і кантролю над станцыямі з боку ЦРУ да таго часу афіцыйна адмаўляўся, хоць ні для кога ня быў сакрэтам. У траўні прэзыдэнт Ніксан стварыў адмысловую камісію, якая распрацавала плян адкрытага фінансаваньня Свабоды і Свабоднай Эўропы праз Кангрэс Злучаных Штатаў. На наступны, 1972 год, гадавы бюджэт станцыяў склаў 35 мільёнаў даляраў.

Беларускі друк у 1971 годзе надалей прысьвячаў беларускай праграме Радыё Свабода надзвычайную ўвагу. Вось некалькі красамоўных загалоўкаў:


САБАКА БРЭША, А КАРАВАН ІДЗЕ
ПАКЛЁПНІКІ З АРАБЭЛАШТРАСЭ
ДЫВЭРСАНТЫ Ў ЭФІРЫ
ТЭХНАЛОГІЯ ПАКЛЁПУ
СПАДАР СТАНКЕВІЧ СТАРАЕЦЦА
ТРУБАДУРЫ «ХАЛОДНАЙ ВАЙНЫ»
ПАКЛЁПНІКІ СПРАЎЛЯЮЦЬ БАЛЬ
ЗДРАДНІКІ Ў ЭФІРЫ

Аднак, нягледзячы на прапагандысцкія атакі савецкіх ідэолягаў, жыхары Беларусі надалей слухалі заходнія галасы. У нашых перадачах мы будзем зьвяртацца да колішніх слухачоў, якія падзеляцца сваімі ўспамінамі пра слуханьне радыё ў тыя далёкія часы. Сёньня ў нас у гасьцях — Зянон Пазьняк.


«Першы раз замежныя «галасы» я пачуў яшчэ ў школе, у сярэдзіне 1950-х гадоў, калі мы набылі радыё і там былі кароткія хвалі. І вось тады я пачуў гэтыя «галасы», стараўся іх слухаць па вечарах і, калі ўжо быў у старэйшых клясах, аднойчы пачуў на беларускай мове. Гэта было некалькі сэкунд, таму што перадачы вельмі глушыліся, і беларушчыны было ўвогуле не чуваць у эфіры. Але нейкі кароткі пэрыяд часам, пакуль хваля адыходзіла ўбок ад глушылкі, можна было пачуць, і вось гэтыя адыходы хвалі я й лавіў. Нечага такога зьвязнага не запомнілася, размовы былі, відаць, не на высокім узроўні — крытыкавалі калгасы, савецкую літаратуру. Гэта ўсё мы і так ведалі. Але ўражвала, што гаворыцца па-беларуску з-за мяжы — гэта як бы ўзьвялічвала, надавала сілу. Аднойчы мы нават зь школьнымі сябрамі слухалі, і нас гэта ўсіх уразіла. Таксама ў 1950-х гадах я ўпершыню пачуў рэлігійныя перадачы па-беларуску. Дакладней — галасы. Таксама, гэта толькі вельмі кароткі пэрыяд можна было пачуць, і то — гэта я чуў на правінцыі, відаць, у гарадах гэтага пачуць было немагчыма. У 1960-х гадах стала вальней, і стала магчымасьць слухаць станцыі, і гэта быў, бадай, найбольш актыўны пэрыяд, калі моладзь уся слухала — гэта быў пэрыяд хрушчоўскай «адлігі». І пазьней, калі ўжо паявілася лепшая тэхніка — бо павінен сказаць, што ў слуханьні замежнага радыё вялікую ролю адыграла тое, што паявіліся кароткахвалевыя транзістарныя прыёмнікі, а якраз у 1960-х гадах зьявілася «Spidola» рыскага заводу — і вось гэтыя кароткахвалевыя прыёмнікі зрабілі рэвалюцыю ў сьвядомасьці. Іх набывала моладзь, набывалі ўсе, хто хацеў слухаць станцыі — і ўмудраліся слухаць, хаця ўсё глушылася, бо прыёмнікі выпускаліся толькі да дыяпазону 25 мэтраў, а ў гэтым дыяпазоне глушылася ўсё. Але паколькі яны былі дастаткова добра зробленыя, то ўсё ж такі слухаць можна было. І вось тады сыстэматычна я слухаў перадачы замежнага радыё. Найбольш мяне цікавілі тры тэмы: інфармацыя пра падзеі, тэмы мастацтва і літаратуры і тэмы пра рэлігію. Павінен сказаць, што — зноў жа, беларускае радыё было вельмі слаба чуваць, і ў 1960-я гады слухаць было вельмі цяжка. Было спэцыяльнае глушэньне — Масква вельмі непакоілася, каб не вярнулася беларуская сьведамасьць і не пачалі змагацца за незалежнасьць. Таму тут быў асаблівы ўціск — гэта было зразумела".

Аўтэнтычны эфір 1971 году. Гучыць фрагмэнт літаратурнай перадачы...

Your browser doesn’t support HTML5

1971. Творчасьць Алеся Гаруна



***
Год 1971 у сьвеце

Палітыка

Ваенная хунта на чале з генэралам Ідзі Амінам захапіла ўладу ва Ўгандзе. — Мао Цзэдун запрасіў амэрыканскую каманду настольнага тэнісу наведаць Кітай. — Прэзыдэнт Ніксан касуе гандлёвае эмбарга ЗША супраць Кітаю. — Пасьля адстаўкі Вальтэра Ульбрыхта кіраўніком ГДР становіцца Эрых Гонэкер. — Прэзыдэнт Мабуту пераймяноўвае Дэмакратычную Рэспубліку Конга ў Заір. — Заходняя Бэнгалія (Бангладэш) абвяшчае незалежнасьць ад Пакістану.

Навука і тэхналёгія

Кампанія Intel вырабляе мікрапрацэсар. — Спадарожнік Mariner IX робіць сэнсацыйны здымкі паверхні Марсу. — Амэрыканскі біяхімік Чо Хао Лі сынтэзуе гармон росту самататрапін. — З прычыны разгермэтызаваньня касмаплаву гінуць касманаўты Дабравольскі, Волкаў і Пацаеў.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная чылійскаму паэту Паблу Нэруду.

Папулярная музыка

У Парыжы ў веку 27 гадоў памірае сьпявак гурту Doors Джым Морысан. — Джон Ленан назаўсёды пакідае Вялікую Брытанію.

Песьня году — John Lennon / Imagine

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Зянон Пазьняк прыгадвае, што значыла ў 60-70-х гадох слуханьне заходніх радыёстанцыяў.


«Мушу сказаць, што ў 1960-х гадах гэта сапраўды была інфармацыйная аддушына, асабліва калі была інвазія ў Чэхаславакію — тады ад прыёмнікаў не адыходзілі. Памятаю, я ехаў з Браслава, у 6 гадзін раніцы мы выйшлі на прыпынку, хтосьці паставіў транзістарны прыёмнік, і ў поўнай цішыні слухалі перадачы з-за мяжы — што адбываецца ў Чэхаславакіі. Калі перадача скончылася, усе моўчкі зайшлі ў аўтобус. Ніхто не даваў ніякіх заўваг, ніякіх камэнтароў. І ўвогуле на той час — гэта рэдкая зьява, каб незнаёмыя людзі разам публічна слухалі замежнае радыё. За гэта яшчэ тады магло быць пакараньне, таму ніхто не камэнтаваў. А што датычыць 1950-х гадоў — канца 1950-х, то калі прыходзілася слухаць, дык завешвалі вокны, і ніхто нікому пра гэта не казаў, таму што маглі проста пасадзіць. Гэта было вельмі небясьпечна. Нават прыпамінаю такі кур’ёзны выпадак. Ужо была хрушчоўская адліга, быў 1962 ці 1963 год, і я студэнтам прыехаў на вакацыі ў Суботнікі. Я сядзеў позна і чытаў — да дванаццаці, да гадзіны, да дзьвюх ночы, часам радыё слухаў. І вось мне маці кажа: «А ведаеш, старшыня сельсавету цікавіўся — што-та ў вас сьвятло так позна гарыць?» І так аднаго разу ў дванаццаць гадзін ночы — стук у дзьверы. Адчыняю, бачу за шклом вэранды твар старшыні сельсавету, а побач зь ім другі твар. Паўсэкунды хапіла, каб зразумець, што гэта за твар. Як кажуць расейцы — на гэтых тварах «неизгладимая печать». Гэтую публіку з НКВД я мог пазнаць з патыліцы, нават па вушах. Дык вось, заходзяць гэтыя двох людзей у дванаццаць гадзін на сьвятло — як кажуць, «зашли на огонёк»... Вось такія былі адносіны яшчэ ў пачатку 1960-х гадоў. Сачылі за людзьмі — а ці ня слухае ён радыё? А ці ня робіць ён рэвалюцыю? А ўвогуле — чым ён там займаецца? Так што за моладзьдзю сачылі такім чынам. Слуханьне радыё быў крымінал. Я ня чуў, каб каго-небудзь з маіх знаёмых пасадзілі за гэта, але што гэта падтыкалі, калі звальнялі з работы — я таксама пападаў пад гэтыя хвалі некалькі разоў, але прычыны былі другія — гэта падтыкалася. Ня тое, што трэба, слухае, значыць — ня наш, не савецкі чалавек«.

А зараз — гукі гісторыі. З архіваў нашага радыё паслухайце песьню «Палыночак» у выкананьні славутага беларускага баса Пятра Конюха, які жыў у Італіі і Злучаных Штатах...

Your browser doesn’t support HTML5

1971. Беларускі бас Пятро Конюх



***
1971 ГОД У БЕЛАРУСІ

• У Менску адкрыўся Тэатар Музычнай камэдыі.
• БССР падпісала міжнародную дамову аб забароне разьмяшчэньня на дне мораў і акіянаў зброі масавага зьнішчэньня.
• Заснаваныя Дзяржаўныя прэміі Беларусі ў галіне навукі й тэхнікі.
• Адкрыты мэмарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасьць-герой.
• У Віцебску пачаў выпускаць прадукцыю завод тэлевізараў «Віцязь».

Менскі эфір 1971 году. На 6-м зьезьдзе Саюзу Пісьменьнікаў БССР выступае тагачасны кіраўнік рэспублікі Пятро Машэраў...

Your browser doesn’t support HTML5

1971. Пятро Машэраў



Тэма нашай сёньняшняй перадачы — слуханьне заходніх радыёгаласоў за савецкім часам. Сваімі ўспамінамі з намі сёньня дзеліцца Зянон Пазьняк:


«Што датычыць самога зьместу перадач і ўплыву, то мушу сказаць, што я ў асноўным, канешне, інфармацыю чэрпаў з друку, з другіх крыніц, але для мяне вельмі істотна было якраз, што можна было пачуць тое, чаго ня можна было прачытаць ці пачуць нідзе — менавіта пра літаратуру, пра мастацтва, пра рэлігію. Літаратура была закрыта, нават на замежных мовах нельга было нічога атрымаць. Нельга было нікуды выехаць, нельга было пераслаць празь мяжу, нельга было перавезьці. А па радыё можна было слухаць і самвыдатаўскую літаратуру, і літаратуру сусьветную. Вельмі добрая традыцыя тых станцый, якія перадавалі аповесьці, раманы. Упершыню я пачуў па радыё вакальнае выкананьне Stabat mater Пэргалезі — надзвычайнае было ўражаньне, і я да сёньняшняга дня шукаю гэтае вакальнае выкананьне і не магу знайсьці, каб было так, як я яго пачуў тады. Вось радыё гэта рабіла, і для пэўнага асяродзьдзя людзей гэтыя мастацкія, літаратурныя, філязофскія перадачы значылі значна больш, чым інфармацыя, інтэрпрэтацыя палітычыных падзей. Мушу сказаць, што тая інтэрпрэтацыя была таксама аднабаковая да пэўнай ступені, але мы маглі параўнаць — слухаючы савецкае радыё, слухаючы замежнае радыё, ведаючы пэўную інфармацыю з другіх крыніц — і рабілі свае вывады. Так што ў тыя часы, пакуль існаваў Савецкі Саюз, замежны эфір іграў даволі вялікую ролю ў інфармацыйнасьці і ўвогуле ў ведах чалавека. Той, хто хацеў ведаць — той шукаў і знаходзіў. Цяпер, магчыма, сытуацыя зьявілася, я б сказаў нават — у горшы бок, хаця радыё адкрытае, ніхто ня глушыць. Гэта ўжо асобая размова. А што датычыць гісторыі, як гэта было, то паўтаруся: вельмі глушылі беларускае радыё, на беларускай мове, проста затоптвалі эфір. А рэвалюцыю ў слуханьні радыё зрабіла якраз зьяўленьне транзыстарных прыёмнікаў».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. З чародным фэльетонам выступае дзядзька Васіль (Антон Адамовіч):

Your browser doesn’t support HTML5

1971. Фэльетон дзядзькі Васіля

СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ: