Украіна рыхтуецца да спыненьня даставак газу з Расеі

Прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк даручыў ураду падрыхтавацца да двух варыянтаў разьвіцьця падзеяў у сувязі з газавым канфліктам з Масквой, у тым ліку да спыненьня Расеяй даставаў газу ў краіну.

Яцанюк заявіў, што Кіеў лічыць непрымальным кошт за расейскі газ на ўзроўні 485 даляраў за тысячу кубамэтраў, адзначыўшы, што Ўкраіна гатовая купляць газ за 268 даляраў.

Па словах міністра энэргетыкі Юрыя Продана, калі дамоўленасьць з Расеяй па газе ня будзе дасягнута, Украіна мае намер зьвярнуцца ў Стакгольмскі арбітраж.

Раней сёньня кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер заявіў, што Расея ацэньвае ў 11 мільярдаў 400 мільёнаў даляраў недаатрыманыя бюджэтам прыбыткі на газ з-за зьніжкі для Ўкраіны, якая была прадугледжана Харкаўскім пагадненьнем.

Харкаўскія пагадненьні, падпісаныя ў 2010 годзе, прадугледжвалі зьніжку на газ у абмен на 25-гадовае знаходжаньне Чарнаморскага флёту Расеі ў Крыме.