Брыкет да Вялікадня. 50 сем'яў з Глыбоччыны атрымалі дабрачынную дапамогу

У Глыбоцкім раёне на Віцебшчыне каталіцкае таварыства «Карытас» распачало перадвелікодную дабрачынную акцыю. Гэтымі днямі 50 маламаёмасных і шматдзетных сем’яў атрымоўваюць прадуктовыя пакункі і іншую дапамогу.

Перадсьвяточная дапамога — гэта перадусім прадукты харчавання: алей, крупы, печыва, салодкія пачастункі для дзяцей. Атрымальнікі — сем’і з Глыбокага і навакольных вёсак, а вяскоўцы маюць дадатковыя клопаты і патрэбы, якія самастойна вырашаць бывае вельмі складана. І кожная сям’я мае сваю ня простую гісторыю, кажа дырэктар «Карытаса» ў Глыбокім Іна Вайцэховіч:
«Ёсьць у нас адна сям’я, дзе здарыўся такі выпадак: тата і мама пайшоі ў лес, на іх упала дрэва і яны абодва загінулі. Засталіся трое непаўнагадовыя дзіцяці, іх забрала сястра мамы. А ў гэтай сям’і яшчэ бабуля хворая, брат таксама хворы. Гэтая сям’я ніколі ня просіць дапамогі, што вось, маўляў, нам дрэнна і цяжка, але гэта відавочна. Яны жывуць на хутары і быў ім патрэбны торфабрыкет на паліва. Вось мы набывалі — літаральна пяць хвілін таму — тэлефанавалі, дзякавалі, што атрымалі».

Каталіцкі «Карытас» у Глыбокім апякуецца сем’ямі ў патрэбе, незалежна ад іх веравызнаньня: сям’я Блышко з вёскі Зарубіна — праваслаўная. Бацькі працуюць у мясцовым калгасе і выхоўваюць восем дзяцей. Старэйшыя бываюць на адпачынку за мяжой, малодшыя атрымоўваюць адзеньне і школьныя прылады. Матуля Раіса ўдзячная дабрачынцам за матэрыяльную і фінансавую дапамогу сям’і. Але галоўная каштоўнасьць — увага і духоўная падтрымка саміх дабрачынцаў, кажа спадарыня Раіса:
«Усе мае малодшыя дзеці ходзяць у мясцовую школу — ад чвцьвёртай да восьмай клясы. Працую ў калгасе тэхнічкай і клопат пра малых — гэта ў асноўным мой. Цяжка бывае матэрыяльна — нам дапамагаюць, але іншы раз слова шмат больш дапамагае, ўмацоўвае дух чалавека. Вельмі шмат добрага людзям робіць гэтая арганізацыя».


Перадсьвяточныя дабрачынныя акцыі ў Глыбокім ад «Карытаса» — зьява традыцыйная і шматгадовая. Ладзяцца яны разам з мясцовым касцёлам, дзе іх называюць адным са складнікаў падрыхтоўкі да Велікоднага сьвята, а гэта — малітва, пост і міласэрднасьць. Гэткім чынам дабрачыннасьць — адна з формаў служэньня людзям, кажа ксёндз мясцовага касцёла Найсьвяцейшай Тройцы, айцец Вячаслаў:

«Сярод іншага мы таксама праводзім такую акцыю „Велікодная сьвечка“ — прадаем сьвечкі на велікодны стол, а атрыманыя грошы выкарыстаем на дапамогу маламаёмым. Безумоўна, вельмі цяжка ўбачыць і дапамагчы ўсім патрабуючым, але мы ведаем наш горад, не падзяляем людзей па канфэсіянальнай прыкмеце, а дапамагаем усім, хто ў патрэбе і каму можам. І гэтай дапамогай можна служыць таксама людзям»

Дабрачынную акцыю на Глыбоччыне «Карытас» будзе праводзіць цягам усяго бліжэйшага тыдня.