22% жыхароў Смаленску — за вяртаньне ў Беларусь, — мясцовыя СМІ

Апытаньне на сайце gorodnews.ru

«Смаляне вельмі перажываюць за родных на Украіне. Але ня хочуць брацца за зброю, а мараць схавацца пад крылца беларускага Бацькі», піша сайт Навіны горада Смаленску.

Выданьне вырашыла апытаць наведнікаў пра стаўленьне да падзеяў ва Ўкраіне, і яно паказала досыць нечаканыя вынікі.
Як піша выданьне, «выратаваньне ад уласных страхаў многія з смалянаў бачаць у тым, каб Смаленшчыну прыгрэла пад сваім крылом „імпэрыя“ спадара Лукашэнкі. Бо быў жа некалі Смаленск беларускім горадам...»

Вось якія вынікі апытаньня: Вашае стаўленне да падзеяў на Украіне:

Моцна перажываю: у мяне на Украіне сваякі і сябры — 34,5 %

Пара Смаленску вяртацца пад крыло беларускага Бацькі, зь ім спакайней — 22%

Ня варта тузацца — наш прэзыдэнт усё разруліць — 16%

Мы на парозе трэцяй сусьветнай. Пара сушыць сухары і закупляць запалкі — 14,5%

Мне ўсё роўна, хай самі вырашаюць свае праблемы. Абы нас не чапалі — 11%

Ірвуся ў бой: дзе можна запісацца ў добраахвотнікі? — 2%


Пра гатоўнасьць перадаць расейскую зямлю Беларусі напісала смаленская газэта «Рабочий путь». У артыкуле «Зямлю — беларусам», у прыватнасьці, гаварылася, што губэрнатар Аляксей Астроўскі выступіў з прапановай перадаць беларускаму боку землі ў Красьнінскім, Вяліскім, Манастыршчынскім, Хіславіцкім, Ершыцкім, Шумяцкім і Руднянскім раёнах. Гэтыя расейскія рэгіёны мяжуюць з Магілёўшчынай і Віцебшчынай.

У якой форме мае адбыцца «перадача», не ўдакладняецца. Адзіная ўмова губэрнатара Смаленшчыны — каб сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, утвораныя ў гэтых раёнах, былі расейскія, і прыбыткі ішлі ў бюджэт Смаленскай вобласьці.