За сюжэт на «Белсаце» — 4 мільёны 500 тысячаў штрафу

Журналіст Алесь Дзянісаў

Гарадзенскага журналіста-фрылансэра Алеся Дзянісава Ленінскі суд Горадні прызнаў вінаватым у стварэньні і распаўсюдзе сюжэту з рэжысэрам Алегам Жугждам, які быў паказаны ў тэлеэфіры польскага каналу «Белсат».
Паводле міліцэйскага пратаколу, Дзянісава вінавацілі ў тым, што ён, прадставіўся рэжысэру Алегу Жугжду ўласным карэспандэнтам польскага тэлеканала «Белсат», ня маючы пры гэтым акрэдытацыі, незаконна падрыхтаваў і распаўсюдзіў прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі, чым парушыў заканадаўства аб СМІ.

Дзянісаў тлумачыў судзьдзі, што не зьяўляецца наагул карэспандэнтам ніводнага з СМІ, і хадайнічаў аб тым, каб у суд выклікалі рэжысэра, паколькі ён упэўнены, што Жугжда ня мог даць такіх дадзеных міліцыянтам, а тыя хутчэй за ўсё запісалі гэта ў пратакол самі.

Дзянісаў: «І тое, што тут напісана, нібыта падрыхтаваў рэпартаж і незаконна распаўсюдзіў прадукт СМІ, — я з гэтым ня згодзен. Я насамрэч запісваў інтэрвію і не лічу, што гэта зьяўляецца прадукцыяй СМІ. Бо каб стварыць насамрэч прадукт СМІ — для гэтага патрэбныя і мантажысты, і рэдактар, і журналіст, які агучвае, і г.д., а я ўсяго гэтага не рабіў».

У судзе прадэманстравалі відэасюжэт з матэрыялам, які здымаў Дзянісаў. Аказалася, што гэта быў невялікі сюжэт, трохі больш за хвіліну, у адной з праграмаў пра навіны культуры зь Беларусі. Матэрыял агучвала вядучая, і ні сам Дзянісаў, ні яго прозьвішча наагул там не прысутнічалі.

Дзянісаў не адмовіўся, што гэта ягоныя кадры, але патлумачыў суду, што як фрылансэр, прапанаваў зьняты сюжэт інтэрнэт-рэдакцыі «Белсата» праз электронную пошту, бо свае матэрыялы такім чынам ён прапаноўвае самым розным СМІ, а ў рэдакцыі ўжо самі вырашылі выкарыстаць гэта і для тэлеэфіру.

Судзьдзя Юры Казакевіч адхіліў хадайніцтва Дзянісава аб тым, каб выклікаць у суд у якасьці сьведкі рэжысэра Жугжду, патлумачыўшы тым, што яго сьведчаньні ня могуць паўплываць на рашэньне суда.

Ён таксама зазначыў, што зьняты матэрыял Дзянісава зьяўляецца прадуктам СМІ, паколькі Дзянісаў запісваў інтэрвію з рэжысэрам і адправіў яго ў замежны СМІ. Маўляў, каб матэрыял быў зьмешчаны ў беларускіх СМІ, то і пратакол ніхто б на Дзянісава не складаў. Не аб’яўляючы нават перапынку, судзьдзя Казакевіч абвясьціў прысуд: 30 базавых велічынь штрафу, што складае 4 мільёны 500 тысячаў рублёў.

Дзянісаў з рашэньнем суда не пагадзіўся і вось як ён гэта пракамэнтаваў Свабодзе:

Дзянісаў: «Я ад самага пачатку ўбачыў, што судзьдзя мае намер сёньня ж гэты суд скончыць. А гэта ўжо азначала, што мяне павінны былі асудзіць і прызнаць вінаватым. Было спадзяваньне, што суд перанясуць, каб зьявіўся сьведка, і гэта б хоць неяк нагадвала гульню ў дэмакратыю, але не зрабілі нават і гэтага».

Журналіст Алесь Дзянісаў і праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч перад пачаткам суда



Гарадзенскі грамадзкі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які прысутнічаў на пасяджэньні суда, кажа, што ў чарговы раз стаў сьведкам палітычнай замовы па перасьледзе незалежнага журналіста. Асабліва праваабаронцу ўразіла сума штрафу за распаўсюд культурніцкай інфармацыі ў Беларусі.

Хільмановіч: «Такія вялізныя штрафы, якія становяцца ўсё большымі — гэта вынікае з таго „драконаўскага“ закона, які існуе цяпер у РБ у дачыненьні да незалежных журналістаў. І гэта толькі пацьвярджае тую тэндэнцыю, што з набліжэньнем важных палітычных кампаніяў — перш за ўсё, выбараў прэзыдэнта ў наступным годзе — перасьлед незалежных журналістаў толькі ўзмоцніцца».

Размова Дзянісава з рэжысэрам Жугждам датычылася прэм’еры пастаноўкі спэктаклю «Фаўст. Сны» паводле клясыка нямецкай літаратуры Ёгана Вольфганга Гётэ.