Курсанты ВМС Украіны сёньня пакінуць Севастопаль

Курсанты Акадэміі ваенна-марскіх сіл Украіны імя Нахімава сёньня змогуць выехаць з Севастопаля ў Адэсу. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісаў кіраўнік Цэнтра ваенна -палітычных дасьледаваньняў Дзьмітрый Тымчук.
Паводле яго, ужо прызначаны час адпраўленьня. Пра намер пакінуць акадэмію пасьля анэксіі Крыма Расеяй і аднаўленьня расейскага Чарнаморскага ваенна-марскога вучылішча імя Нахімава заявілі каля ста курсантаў. Яшчэ столькі ж вайскоўцаў і членаў іх сем’яў з украінскай часткі ў Новаазёрнае адправяцца сёньня ва Украіну дзякуючы дапамозе валантэраў, якія арганізавалі іх пераезд.

Акрамя таго, раней Тымчук паведамляў, што 49 марскіх пяхотнікаў ў Керчы таксама гатовыя адбыць на мацярык. Іх камандаваньне чакае вынікаў перамоваў, каб пакінуць Крым разам з тэхнікай як асобная частка. На вайскоўцаў аказваецца моцны ціск, расейскія вайскоўцы патрабуюць вызваліць займаныя імі жылыя памяшканьні, — адзначыў Тымчук.

21 сакавіка ў Акадэміі ваенна-марскіх сіл Украіны сіл імя Нахімава ў Севастопалі пасьля ўзьняцьця расейскага сьцяга група курсантаў засьпявала гімн Украіны. Украінскія ўлады прынялі рашэньне перавеьсці курсантаў, якія не пажадалі працягваць вучобу ў новым расейскім ваенна-марскім вучылішчы, у Адэскай нацыянальнай марской акадэміі. Для гэтага ў ВНУ быў утвораны факультэт ваенна-марскіх сіл.