Каб ня справіць хаўтуры па культуры

Сяргей Абламейка

Не пакідаюць мяне думкі пра культурны разрыў, які, як мне здаецца, намеціўся ў Беларусі і ўсё болей паглыбляецца — разрыў паміж дасягненьнямі беларускай гуманітарыстыкі 1980-х — пачатку 90-х гадоў і цяперашнім часам.

Навошта зноў вынаходзіць культурнае кола


Культура вырастае з культуры, усё новае нарошчваецца і нанізваецца на асноўны культурны стрыжань, якім можна назваць усю сукупнасьць нашых ведаў пра сваю культуру і літаратуру. Той, хто ня ведае, асуджаны раз за разам вынаходзіць кола...

Мне даводзілася сустракацца з выпадкамі, калі ганчар-пачатковец нічога ня ведаў ні пра нашы славутыя ганчарныя цэнтры (Глыбокае, Івянец, Мір, Крычаў, Поразава ды інш.), ні пра такія тыпы беларускай керамікі, як гартаваная, паліваная, чорнаглянцаваная, чорназадымленая. Ня ведаў ён і пра тыпы беларускага посуду, напрыклад, пра макітру. Затое ведаў слова «збан» і прыкметна гэтым ганарыўся. Тысячу гадоў наш народ карыстаўся ганчарнымі вырабамі: разнастайным посудам, паліванай і тэракотавай кафляй для печак і камінаў, тэракотавай і паліванай дахоўкай — гэта цэлы сьвет народнага прыкладнога мастацтва, ён цудоўна распрацаваны, вывучаны і дасьледаваны. Апублікаваныя дзясяткі манаграфіяў і папулярных выданьняў, у 1989 годзе нават выйшла энцыкляпэдыя «Этнаграфія Беларусі». А тут людзі ганарацца тым, што ведаюць слова «збан».

Іншым разам бачыў я зьбіральнікаў і выдаўцоў беларускага фальклёру, якія ацэньвалі песьні паводле... даўніны запісу. Тыя людзі з хваляваньнем гаварылі пра песьні, запісаныя аж ў 50-х гадах ХХ стагодзьдзя. Што тут скажаш... Няўжо цяпер у кансэрваторыі і музычных вучэльнях не выкладаюць нацыянальны мэляс? Народныя ж песьні адрозьніваюцца зусім ня часам іх запісу. Гэта таксама цэлы сьвет, носьбіты якога яшчэ жывуць па беларускіх вёсках і не забыліся пра песьні абрадавыя, каляндарныя, валачобныя. Музычнае мастацтва народу разьвівалася па лініі ўскладненьня мэлёдыкі і спрашчэньня рытму — гэта яго агульная эвалюцыя. У часы маёй працы ў Музэі народнай архітэктуры і побыту ў канцы 80-х гадоў нам здаралася ў лясных вёсках паміж Сьвір'ю і Нараччу запісваць народныя песьні з прымітыўнай мэлёдыяй і музычным памерам у сем восьмых — гэта былі народныя творы, складзеныя не пазьней за XV стагодзьдзе!

Здаецца, што дваццаць апошніх гадоў стварылі такую сытуацыю ва ўсіх сфэрах мастацтва і культуры, што людзі як бы пачынаюць зь белага аркуша ўсю сваю дзейнасьць, нібыта да іх нічога не было. Інтэрнэт адарваў моладзь ад чытаньня кніг, але не адарваў яе ад жаданьні кнігі пісаць. У вынікі пісаньнем і выданьнем займаюцца часта тыя, хто не чытаў і ня ведае папярэднікаў і папярэдняе.

Ёсьць некалькі спосабаў, як сытуацыю можна зьмяніць нават у цяперашніх неспрыяльных для беларускай культуры ўмовах.

Літаратурны працэс


Быў некалі ў СССР такі забыты цяпер тэрмін — літаратурны працэс. Даводзілася мне чуць, як калегі іранічна і непаважліва выказваюцца пра гэтую савецкую зьяву. Тым часам, я пад ім разумею нешта, што не зусім мае дачыненьне да літаратуры. Можа, нават, зусім да яе ня мае дачыненьня.

Пад літаратурным працэсам я разумею страчаную цяпер сытуацыю, калі любы інтэлектуал-аўтар (і ня толькі літаратар) меў магчымасьць апублікаваць РЭДАГАВАНЫ тэкст і атрымаць на яго РЭДАГАВАНЫ адказ. Толькі ў гэтым выпадку, калі апублікаваныя тэксы папярэдне праглядаліся і рэдагаваліся ня толькі аўтарам, можна забясьпечыць прыстойны культурны ўзровень тэкстаў.

Сацыяльныя сеткі ў значнай ступені нівэліравалі культурную значнасьць публічнага тэксту. Цяпер публічным тэкстам зьяўляецца любы запіс у Фэйсбуку ці Вкантакце. Добра, вядома, што па-беларуску пішуцца любыя тэксты, у тым ліку і ў сацыяльных сетках, але для беларускай культуры важна захаваць магчымасьць абмену і рэдагаванымі тэкстамі, каб захаваць інтэлектуальную складовую культуры, яе пераемнасьць і яе энэргію.

Прывяду тыповы прыклад. Любы апублікаваны на сайце Радыё Свабода блог — гэта рэдагаваны тэкст. Яго, папярэдне праглядае рэдактар. А вось любы камэнтар, апублікаваны пасьля пад гэтым блогам, не зьяўляецца рэдагаваным тэкстам, ня гледзячы на тое, што яго, перш чым апублікаваць, таксама праглядае вэб-рэдактар. Розьніца ў тым, што камэнтары праглядаюць толькі на адпаведнасьць правілам форуму, а самі блогі ў поўным сэнсе слова зьяўляюцца вынікам супрацы аўтара і рэдактара, у іх нярэдка ўносяцца значныя карэктывы, зьмены і дадаткі. Калі ж аднаму аўтару блога адказвае іншы — гэта і ёсьць літаратурны працэс.

На жаль, у сёньняшняй Беларусі культурныя сілы настолькі слабыя, што аўтару апублікаванага тэксту вельмі цяжка атрымаць на яго адказ. Часта нават вядомыя дзеячы культуры задавальняюцца актыўнасьцю ў сацыяльных сетках і пісаньнем камэнтараў пад чужымі тэкстамі замест таго, каб напісаць некаму аргумэнтаваны адказ з выкладаньнем уласнай пазыцыі.

У выніку няма абмену ідэямі, нараджаецца мала новага, ня тчэцца тканка культуры, як гэта адбываецца ў нармальных краінах з сотнямі выданьняў, сотнямі выдавецтваў і сотнямі літаратурных прэміяў.

Літаратурны працэс ня можа быць адроджаны бяз тэкстаў, якіх сёньня ня пішуць тыя, хто можа іх пісаць.


Крытыка і рэцэнзіі


Падобная сытуацыя і ў літаратуры. У прынцыпе, сёньня кожны чалавек можа выдаць кнігу. Заманецца некаму стаць пісьменьнікам або паэтам, зьбярэ ён пэўную суму даляраў, прынясе ў незалежнае выдавецтва рукапіс — і кніга гатовая. Пры гэтым задаволеныя і аўтар, які атрымаў кнігу, і выдавец, які атрымаў грошы. Чытач, у прынцыпе, не патрэбны, таму пра яго не заўсёды і думаюць.

У выніку, не скажу дакладна, колькі працэнтаў (усё суб’ектыўна), але пэўная частка мастацкіх кніг нават у незалежных гандляроў — чыстая макулятура, хай сабе і беларускамоўная. А макулятура не стварае культуру, культурную якасьць.

Справу магла б лёгка вырашыць літаратурная крытыка. Але гэта прафэсія, а за працу прафэсіяналаў трэба плаціць грошы. Грашовых месцаў у беларускай культуры, тым больш у літаратуры, сёньня амаль няма, таму і тэкстаў крытыкаў таксама амаль няма.

Раней, калі за публікацыі плацілі прыстойныя грошы, крытыкай займаліся і самі пісьменьнікі. У выніку, адна кніга магла сабраць і па некалькі рэцэнзіяў, цяпер, здаецца, добра, калі на дзесяць выдадзеных кніг прыпадае адна.

Адраджэньне беларускай крытыкі — адзін з самых актуальных выклікаў для творцаў беларускай культуры, бо ў нармальнай, рэгулярнай сытуацыі выдадзеныя кнігі павінны зьбіраць дзясяткі рэцэнзіяў. У прынцыпе, нічога не перашкаджае, каб кожнае беларускае выданьне і кожны беларускі сайт сёньня мелі спэцыяльную рубрыку для крытыкі, рэцэнзіяў, кніжных і літаратурных аглядаў.

Прыклад беларускіх перакладчыкаў мастацкіх тэкстаў, якія цяпер ужо і свой часопіс, і сваю прэмію маюць, сам сабой падказвае крытыкам шлях і формы дзеяньняў. Сайт, зрэшты, у іх ужо зьявіўся.

Надышоў час перавыданьняў і перакладаў


Праблему захаваньня культурнай пераемнасьці можна было б лёгка вырашыць праз сыстэму адукацыі, але яна ў нас, на жаль, расейская па форме і прарасейская па зьмесьце. Яшчэ адзін магчымы шлях — самаадукацыя, падмуркам для якой магло б стаць перавыданьне і мультымэдыялізацыя (дыгіталізацыя, інтэрнізацыя, стварэньне электронных і аўдыёкніг) усяго лепшага, што было напрацавана папярэднімі пакаленьнямі творцаў і навукоўцаў. Плюс — самаарганізаваныя формы прапаганды гэтай спадчыны накшталт курсаў «Мова ці кава».

Беларуская гуманітарыстыка ў позьнім СССР (1970-80-я гады) была, фактычна, на найвышэйшым узроўні свайго разьвіцьця. Сёньня, з адлегласьці часу, ужо добра відаць, што гэта была адна з нашых вяршыняў.

Цяпер можа знайсьціся нямала людзей, якія хацелі б прачытаць выкладзеную займальна і папулярна гісторыю беларускай мэдыцыны. Але такой кнігі няма на кніжных прылаўках. Тым часам, такая кніга ўжо створана. Выйшла яна ў 1987 годзе і называецца «С факелом Гиппократа. Из истории белорусской медицины». Напісаў яе выбітны беларускі гісторык і лекар Валянцін Грыцкевіч, які летась памёр у Санкт-Пецярбургу. У той кнізе — процьма цікавых гістарычных фактаў. Чаго варты толькі адзін зь іх — упершыню ў гісторыі сусьветнай мэдыцыны гіпс для лячэньня пераломаў прымяніў менскі лекар Карл Гібенталь у 1812 годзе! Наогул, Валянцін Грыцкевіч напісаў зь дзясятак надзвычай таленавітых гістарычных і навукова-папулярных кніжак, якія сёньня ўсе вартыя перавыданьня.

Вартыя перавыданьня папулярнымі фарматамі кнігі пра культуру мовы Фёдара Янкоўскага, Яна Скрыгана ды іншых. Вартыя перавыданьня культуралягічныя і навуковыя кнігі Сьцяпана Александровіча, Адама Мальдзіса, Генадзя Кісялёва, Міколы Ўлашчыка, Станіслава Цярохіна, Арсеня Ліса, Уладзімера Содаля, Яраслава Пархуты, Генадзя Каханоўскага, Міколы Ермаловіча, Зянона Пазьняка і шмат каго іншага — гэта мноства імёнаў, бо пра літаратуру, гісторыю, культуру, архітэктуру пісалі сотні людзей. Лепшае з гэтага масіву ведаў трэба перадаць моладзі наноў.

Шмат выдатных і карысных кніг, здольных абудзіць цікавасьць да гісторыі і культуры Беларусі, напісалі беларускія эмігранты. Вартыя перавыданьня працы беларускага гісторыка Вацлава Пануцэвіча, мэмуары доктара Язэпа Малецкага і шмат іншых цудоўных кніг.

А тое, што не напісалі і ня вывучылі некалі нашы гуманітарыі, даўно ўжо зрабілі іх польскія або ўкраінскія калегі. Шмат чаго, што непасрэдна датычыцца беларускай гісторыі і культуры, можна перакласьці з польскай мовы. Я, напрыклад, не чытаў нічога лепшага пра беларускае XV стагодзьдзе, чым гісторыка-папулярная кніга польскага пісьменьніка Марэка Баруцкага «Jak w dawnej Polsce królów obierano», якая выйшла яшчэ ў 1976 годзе і з таго часу ня раз перавыдавалася. Ніхто лепш за гэтага паляка не апісаў нахабную польскую экспансію ў Літву-Беларусь пасьля Крэўскай і Гарадзельскай Уніяў.

Праблема гістарычных ведаў — наогул першаступенная. Беларусы сёньня ўсё яшчэ глядзяць на сваю гісторыю і на гісторыю Эўропы расейскімі вачыма. Гэтымі ж вачыма мы глядзім і на гісторыю царквы, асабліва першага тысячагодзьдзя і пачатку другога. Такая рэальнасьць проста вымагае балянсу і альтэрнатывы. І тут таксама маглі б дапамагчы суседзі. Напрыклад, выдатныя гістарычныя працы сярэдзіны-другой паловы ХХ стагодзьдзя ўкраінскіх прафэсараў Міколы Чубатага, Івана Хамы або польскага прафэсара Баляслава Кумара.

Некалі чэскі эмігрант, мэцэнат і філянтроп Ян Младэк, чыя калекцыя мастацкіх твораў легла ў аснову вядомага праскага Музэю Кампа, сказаў: «Выстаіць культура — выжыве народ».

Ад сябе дадам: культура важнейшая за палітыку. Або так: культура — гэта і ёсьць палітыка, наша палітыка.