Арцемій Троіцкі: У Беларусі ёсьць шанец стаць «аўтаномнай расейскай рэспублікай»

Арцемій Троіцкі

Адзначэньне чарговай гадавіны «яднаньня народаў Беларусі і Расеі» на фоне расейскай акупацыі Крыму выглядае неабачлівасьцю, якая можа дорага каштаваць беларускаму народу.
Грамадзкі дзеяч, прадусар, музычны крытык Арцемій Троіцкі — пра небясьпеку, якую Масква нясе суседзям, а таксама пра адказнасьць творцаў за патураньне агрэсіі.

— Арцемій Ківавіч, раскажыце, як Вы ў статусе грамадзяніна «саюзнай дзяржавы» адзначаеце «Дзень яднаньня народаў Расеі і Беларусі?»

— Добрае пытаньне... Ніяк, зразумела. І вам ня раю. Гісторыя з Крымам на самай справе павінна быць для Беларусі вельмі сур’ёзным папярэджаньнем. Як вядома, ёсьць дастаткова вялікія ласыя кавалкі сувэрэннай Рэспублікі Беларусь, на якія Масква тэарэтычна можа прэтэндаваць — прыкладна гэтак жа, як яна намагаецца прэтэндаваць на той жа Крым. То бок, гэта і Віцебск, гэта і Ворша, гэта і Полацак. З улікам таго, што ў Расеі сьвярбяць кулакі пасьля Крыму, яўна хочацца яшчэ што-небудзь прыбраць да рук, ёсьць кураж і спыняцца неахвота — я б на месцы беларусаў прызадумаўся на гэтую тэму вельмі сур’ёзна.

Дарэчы, пазыцыя Лукашэнкі ў гэтым сэнсе мне падалася дастаткова стрыманай. То бок, ён вялікага захапленьня з нагоды анэксіі Крыму не выказваў. Увогуле сказаў, што так, дэ-факта Крым ужо аказаўся часткай Расеі, але дэ-юрэ мы яго прызнаваць не зьбіраемся і г.д. І ў гэтым сэнсе я на месцы цяперашніх беларускіх уладаў, калі яны ў прынцыпе ня хочуць у рэшце рэшт ператварыцца ў нейкую «беларускую аўтаномную расейскую рэспубліку», безумоўна, паасьцярожней быў бы з усімі гэтымі інтэграцыйнымі заклікамі. Таму што тое, што саюзная дзяржава не працуе, гэта, па-мойму, ужо для ўсіх відавочна. Адпаведна, варыянты такія: альбо Беларусь застаецца краінай незалежнай і пры гэтым трымаецца ад Расеі на пэўнай дыстанцыі, альбо Расея павольна, але ўпэўнена паглынае Беларусь. Думаю, што другі варыянт мала каму патрэбны, у тым ліку і беларускай эліце.

— Два дзясяткі гадоў так званая беларуская эліта дэманструе прарасейскія сымпатыі, пра што сьведчаць у тым ліку супольныя сьвяткаваньні з удзелам майстроў сцэны, многія зь якіх ухвалілі агрэсію ў Крыме. Пры гэтым існуюць чорныя сьпісы тых творцаў, якія ня згодныя з фактычнай здачай сувэрэнітэту Маскве.

— Усе гэтыя сьвяткаваньні — не сумняюся, што яны абсалютна фармальныя, толькі дзеля «птушачкі». Усе гэтыя газманавы, бабкіны і г.д. — гэткая дзяжурная
Усе гэтыя газманавы, бабкіны і г.д. — гэткая дзяжурная музычна-дзяржаўная тусоўка, якая качуе з адной умоўнай «краснай плошчы» на другую
музычна-дзяржаўная тусоўка, якая качуе з адной умоўнай «краснай плошчы» на другую, так што тут нічога асабліва цікавага няма. Мяркую, што наўрад ці гэтыя артысты і беларускую публіку ўжо хоць неяк прывабліваюць, паколькі ўсе яны старыя і даўно прайшлі пік сваёй папулярнасьці. Ну а што тычыцца таго, што пэрсонамі нон-грата ў Беларусі абвяшчаюць расейскіх, украінскіх і ўласна беларускіх рокераў, — гэта, канечне ж, сьвінства. Музыка — гэта музыка, палітыка — гэта палітыка. Людзі, як правіла, ходзяць на канцэрты артыстаў не дзеля таго, каб пераканацца ў іх палітычнай пазыцыі, а ходзяць таму, што яны ім падабаюцца. Падабаецца музыка, падабаюцца песьні, падабаецца вобраз. Так што зьмешваць гэтыя рэчы, па-мойму, ніякага практычна сэнсу няма. А калі такое зьмяшэньне і адбываецца, дык выключна ад баязьлівасьці і перастрахоўкі.

— Выглядае, што ўсё ж няма адзінства што да падзеяў ва Ўкраіне і ў лягеры расейскіх рокераў, якія звычайна вылучаюцца якраз салідарнай пазыцыяй. Так, Канстанцін Кінчаў заявіў, што адмяняе ўсе канцэрты свайго гурту «Аліса» ва Ўкраіне, якая «знаходзіцца ў стане дзяржперавароту і безуладзьдзя...»

— Я зразумеў. Насамрэч расейскія рокеры дастаткова адзінадушныя ў тым, што тычыцца расейска-ўкраінскага крызісу, і практычна ўсе падтрымалі Сьвятаслава Вакарчука і «Акіян Эльзы», выступілі супраць агрэсіі, супраць вайны. Гэта зрабілі 90% нашых рокераў, якія могуць лічыцца вядомымі: гэта і Андрэй Макарэвіч, і Юры Шаўчук, і Барыс Грабеншчыкоў, і Вячаслаў Бутусаў, і Максім Леанідаў. І нейкія больш маладыя хлопцы — той жа Noiz MC, Вася Абломаў і г.д. Так што Кінчаў у дадзеным выпадку апынуўся ў ізаляцыі. Але гэта мала каго зьдзіўляе — ён ужо даўно знаходзіцца ў вакуўме.

Усім вядома, што Кінчаў, з аднаго боку, дурань (а я даўно ведаю яго асабіста), зь іншага боку, гэта чалавек, які даўно стаіць на абсалютна пячорных пазыцыях своеасаблівага праваслаўнага фашызму. Дакладней, у яго нейкая дзіўная сумесь: з аднаго боку — ён праваслаўны, зь іншага — ён язычнік. Свастыку на сваіх альбомах ён тлумачыць тым, што гэта старажытнаславянскі паганскі сымбаль Ярыла. У той жа час, будучы нібыта паганцам, увесь час талдычыць пра сваё вялікае праваслаўе. Адным словам, Кінчаў — гэта такая даўно аблудная душа. Але, акрамя Кінчава, я не прыгадаю ніводнага выпадку, каб хтосьці з нашых статусных рок-музыкаў выявіў лізаблюдзтва ў адносінах да ўладаў датычна Крыму. Той жа Андрэй Макарэвіч на самай справе быў ледзь ня самым аблашчаным уладай музыкам. Ён і ордэн атрымаў, ён і на ўсіх самых важных канцэртах выступаў. Як кажуць, далей ужо няма куды. То бок, сапраўдны «дзяржаўны» рокер Андрэй Макарэвіч і гурт «Машина времени». І тое яго дастала гэтая сытуацыя. Таму калі ўжо Андруха ня стаў трываць і вырашыў, што хопіць маўчаць, дык усе астатнія зрабілі свой выбар без аніякай аглядкі назад.

— Калі ў Расеі зрываюць выступы ўкраінскага гурту «Акіян Эльзы» — яшчэ можна зразумець: маўляў, «бандэраўцы», антырасейцы і г.д. Але пад шумок забараняюць і тых, хто выказаў салідарнасьць з народам Украіны, напрыклад, беларусаў з «Ляпіса Трубяцкога»...

— Тыя выступы, якія ў нас апошнім часам сапраўды адмяняюць, — гэта, як правіла, канцэрты вядомых ансамбляў у вялікіх палацах спорту. Усе гэтыя палацы спорту, як здаўна павялося, знаходзяцца ў дзяржаўнай ці муніцыпальнай уласнасьці. Адпаведна, іх мэнэджмэнт вельмі залежыць ад усяго гарадзкога і губэрнскага начальства. Чыноўнікі трымаюць іх пад кантролем, і людзі проста перастрахоўваюцца, адмяняюць патэнцыйна «небясьпечныя» канцэрты. То бок, гэта ня тое, што ўвогуле маецца нейкая забарона на публічныя выступы таго ж «Ляпіса Трубяцкога» ці «Акіяна Эльзы» у Расеі. Такой забароны няма. У дадзеным выпадку ўсё залежыць ад прамоўтэраў. Думаю, што ў нейкіх прыватных клюбах, у нейкіх не залежных ад дзяржавы канцэртных залях тыя ж «Ляпісы» і «Акіян Эльзы» цалкам могуць і зараз выступаць у Расеі.

__________________________________________

Арцемій Троіцкі нарадзіўся ў 1955 годзе ў Яраслаўлі. Напрыканцы 1970-х — на пачатку 1980-х пачаў займацца арганізацыяй так званых «кватэрнікаў» — падпольных выступаў забароненых гуртоў і выканаўцаў, а таксама рок-канцэртаў і фэстываляў. Праз рукі Троіцкага прайшлі такія папулярныя ў СССР калектывы, як «Машина времени», «Зоопарк», «Кино» ды іншыя. Напачатку 1980-х быў гітарыстам у камандзе «Звуки Му». Аўтар шматлікіх публікацыяў, прысьвечаных савецкай рок-музыцы і ўсясьветнай музычнай культуры. У сярэдзіне 1980-х ягоныя працы былі ў савецкім друку пад забаронай, аднак гэта не перашкаджала яму друкавацца на Захадзе. Заснавальнік шэрагу лэйблаў, пад якімі прадукуецца малавядомая музыка, — «Прибой», «Zenith», «Zakat». Вядзе лекцыі і майстар-клясы па музычнай журналістыцы ў маскоўскіх ВНУ.