«Першага красавіка» — харвацкая гісторыя, напісаная па-ангельску харватам Ёсіпам Навакавічам з Паўночнай Амэрыкі.
Іван Далінар нарадзіўся ў горадзе Нізаградзе ў 1948-м менавіта ў першы дзень красавіка. Але бацькі не хацелі, каб ён прайшоў праз жыцьцё «як першакрасавіцкі жарт» і запісалі ў мэтрыцы другі дзень месяца. Яго бацька Мілан за вайну зьмяніў некалькі армій, урэшце трапіўшы ў пераможную. Але вярнуўся дахаты з адарванымі рукой і нагой у мяшку з думкай пра новыя магчымасьці югаслаўскай мэдыцыны. Жыць яму заставалася нядоўга, але пакінуў па сабе двух сыноў.
У школе настаўніца захаплялася, што ўсе паўднёвыя славяне цяпер жывуць разам, свабодна, па-братэрску. А тым часам радыё паведаміла, што савецкія танкі занялі сацыялістычны Будапэшт. Нізаградцы кінуліся ў краму назапашваць соль, запалкі, муку — на выпадак акупацыі. Наступным разам радыё абазвалася голасам самога Ёсіпа Броз Ціта: «Мы перамаглі немцаў і вас, расейцаў, пераможам, калі сюды прыедзеце! Няхай жыве Югаславія». Правадыр нагадаў, што югаслаўская — найлепей падрыхтаваная армія ў Эўропе! Ціта нібы зьвяртаўся асабіста да Саветаў, быццам яны ўжо стаялі на вуліцах пад рэпрадуктарамі і слухалі.
Усе школьнікі абавязаныя былі напісаць лісты з падзякай любімаму Ціта. А ў дзень яго народзінаў на бялградзкім стадыёне «Партызан» сабралі сто тысяч чалавек, каб паслухалі яго асабіста. Ён быў бацькам усіх югаславаў і калі загаварыў у мікрафон, цяжка было зразумець на якой канкрэтна мове — «ці па-харвацку з расейскім акцэнтам, ці па-славенску з сэрбскім прысмакам, а можа па-ўкраінску з украпінамі з сэрбска-харвацкай». Выходзіла, што ніводная са славянскіх групаў не магла адчуваць сябе пакрыўджанай. Спосаб маўленьня Ціта выклікаў пагалоскі, што быў ён насамрэч расейцам, які прыкідваецца харватам альбо яшчэ больш неверагодным асобнікам.
Івану Далінару, які з маці наведваў бажніцу, заманулася напісаць найлепшы ліст да Ціта. Ён пачаў: «Прэзыдэнт наш, які ёсьць на вышынях. Слаўся імя тваё, будзь воля твая як у краіне, так і за мяжой... Найвышэйшы наш, усямоцны, усюдыісны і ўсёведаючы Прэзыдэнт, мы любім цябе больш за ўсё... Вялікі дзякуй табе! Хвала табе, хвала... Сьмерць фашыстам і свабода народам!» Разьюшаная настаўніца разарвала ліст. Іван вяртаўся дахаты пакараным, з усім будынкаў на яго сурова глядзелі партрэты Ціта.
Вучыцца Іван выбраўся ў суседнюю Сэрбію ў Нові Сад, на доктара — «маэстра людзкіх сэрцаў, геніталій і мазгоў». І ў яго выявіліся лекарскія здольнасьці, якія бываюць рэальна ў дзесяці адсоткаў студэнтаў мэдыцыны. І нават прафэсар Радулавіч, сэрб з Чарнагорыі, па выніках экзамэну кажа яму, харвату, што зь яго атрымаецца выдатны лекар. Але не атрымаўся. Сусед у інтэрнаце, баламут Альда, які «калекцыянаваў» жанчын — македонку, альбанку, славенку, купляе дзьве стрэльбы: ён перастаў любіць Ціта, «перастаў лічыць яго богам», калі яму не далі цітаўскую стыпэндыю. Не пасьпеў Іван адмовіцца ад шалёнай задумы прыяцеля, абодвух арыштавалі.
Іван на чатыры гады трапляе ў найгоршае месца Югаславіі — канцлягер на Голым востраве. І нас чакае цэнтральная сцэна з Ціта, дзе ён зьяўляецца сам, у чалавечым вобразе, мы назіраем яго зблізку. Вязьні занятыя прымусовай здабычай каменю, надвор’е скварнае. Востраў наведае Ёсіп Броз Ціта з Індзірай Гандзі, каб пахваліцца ёй, як перавыхоўваюць югаслаўскіх злачынцаў. Далінар трапляе на вочы прэзыдэнту, той яму дорыць кубінскую цыгару і вучыць — як расьцягваць задавальненьне. А потым цікавіцца: за што Іван пакараны. За спробу замаху? Для Ціта гэта накшталт камплімэнту: доказ таго, што людзі вераць у моц ягонай улады! Вязень спрабуе апраўдацца: гэта быў жарт! Але Ціта такіх жартаў ня любіць, ён цікавіцца колькі засталося сядзець Івану? Два гады? Што ж, няхай яго патрымаюць яшчэ гады чатыры.
Але ўсё ж Далінар выходзіць раней, па амністыі. На радзіме пануе кароткая «харвацкая вясна». Інтэлектуалы хочуць вярнуць ранейшую канстытуцыю, перад амэрыканскім консульствам чарга па візы. Студэнты выйшлі на дэманстрацыю з патрабаваньнем свабоды, але супраць іх кінутая конная міліцыя. Іван наведаў родны горад, дзе ўжо адчувалася напружанасьць паміж сэрбамі і харватамі. Адны па-ранейшаму любілі Югаславію, другія пачалі яе ненавідзець. Увесь горад меў лёгкую дэпрэсію.
Памірае Ціта. Радыё перадае другі канцэрт для фартэпіяна Рахманінава. У Заграбе Іван ідзе на вакзал, каб з натоўпам убачыць цягнік, які прывязе зь Любляны труну для разьвітаньня. Людзі плакалі і лямантавалі: «Айцец народу ўжо ня жыў». Івану таксама перадалося агульнае адчуваньне жалю, трагедыі. Ён набыў у шапіку тандэтную македонскую цыгару і доўга яе курыў, як вучыў яго некалі Ціта ў канцлягеры. Нібыта можна было нарэшце цешыцца, але не праходзіў былы страх, нібы маршал мог па-ранейшаму пры дапамозе тайнай паліцыі праслухоўваць нават думкі югаславаў.
Жыцьцё ў Нізаградзе правінцыйнае, руціннае. Па вечарах сьлівовіца ў карчме. І шалёны танец «кола», карагод, які зацягвае наведнікаў. І толькі адзін п’яны наведнік кідае ўпарта ў сьценку шклянкі, цаляючы ў абвестку «за кожную разьбітую — пяць тысяч дынараў». Заканчваецца зухавай бойкай, стралянінай, трупам.
Хацелася лепшага цікавейшага жыцьця. Але зарабіць больш не выходзіла. Многія мелі зброю. У міліцыі ў любой рэспубліцы былі сэрбы, яны гарой стаялі за Мілошавіча і Югаславію, і гатовыя былі страляць па іншых, разважаў Далінар, хоць бы па харватах. Аднойчы яго з дому забіраюць у югаслаўскую армію. Харватыя і Славенія абвяшчаюць незалежнасьць, а неўзабаве ў першай пачынаецца вайна. І ён, разам зь іншымі харватамі ў югаслаўскай арміі, абстрэльвае харвацкі горад Вукавар. Доўгі час ён толькі падае снарады да гарматы. Але калі горад захоплены, усіх жыхароў мужчынскага полу забіваюць на месцы, і капітан загадвае Далінару таксама застрэліць чалавека. І ён выконвае, каб потым разьбіць чэрап капітану, які гвалціць кабету, у якой Іван пазнае сваю былую студэнцкую сяброўку Сэльму. Уся навука ад капітана: не забіваць на вачах журналістаў. Але зусім нядрэнна застрэліць самога журналіста, калі ён трапіцца табе сам-насам.
Далінар дэзерціруе, доўга бадзяецца, яго ратуюць жаўнеры харвацкай арміі, пазьней ён трапіць у палон да сэрбаў... Пасьля вайны сустрэне Сэльму, каб ажаніцца, у іх народзіцца дачка. Але жыцьцё ня ладзіцца. Здольны чалавек, але народжаны ў дзень дурняў, Далінар пастаянна трапляе ў недарэчныя гісторыі. Аднойчы сэрца не вытрымлівае... Але ён нібы ў коме: разважае, чуе, але ня можа паварушыцца. Яго завезьлі на могілкі і закапалі. Але знаёмы пачуў у карчме, што быццам у труну паклалі дарагі гадзіньнік. Калі сьцямнела, той раскапаў магілу, але нічога не знайшоў. Іван зь цяжкасьцю выкараскаўся і пайшоў у горад, дзе будзе блукаць і палохаць нізаградцаў.
У пэўным сэнсе падзеі «Першага красавіка» праецыруюцца на сёньняшнія балесныя дачыненьні паміж расейцамі і ўкраінцамі, асноўнымі народамі былога СССР. Нянавісьць у былой Югаславіі ня зьнікла, толькі прыгасла. Каб зрабіць кар’еру міліцыянт Вукіч прыкідваецца сэрбам. На футболе заўзятары бялградзкай і заграбскай камандаў ненавідзяць адны адных, абзываюць чэтнікамі (сэрбскія калябаранты ў апошнюю вайну) і ўсташамі (харвацкія калябаранты). Расейцы абзываюць украінцаў бандэраўцамі, не ўсьведамляючы, што тыя стрымліваюцца, каб не адказаць: «уласаўцы» або, скажам. «энкавэдэшнікі»...
У нашым выпадку расейцы адмяняюць канцэрты ўкраінскіх гуртоў альбо адмаўляюцца ад гастроляў самі. У рамане варожасьць неўзабаве ўзьнікае паміж заўзятарамі харвацкіх клюбаў: з унутранай Харватыі і гарадоў з Адрыятыкі. Івану Далінару нават пачынае здавацца, што яны таксама пачнуць паміж сабой ваяваць, і паўстануць яшчэ некалькі харвацкіх рэспублік — Далматыя, Істрыя, незалежная Дуброўніцкая рэспубліка. Як вядома, сёньня Расея прагне «фэдэралізаваць» Украіну.
Ёсіп Навакавіч нарадзіўся ў Харватыі (1956), як і ягоны герой паступіў вучыцца ў Нові Сад, але ў дваццаць год эміграваў. Выкладаў літаратурнае майстэрства ў амэрыканскіх унівэрсытэтах, напісаў некалькі кніг. Яго сталі называць адным з найбольш значных пісьменьнікаў ЗША першай дэкады стагодзьдзя. Раман пра Івана Далінара, у арыгінале April Fool’s Day меў добрую крытыку. Адна з буйных брытанскіх газэт зьмясьціла рэцэнзію пад назвай «Майстэрства курэньня цыгараў зь Ціта».
Пазьней Ёсіп Навакавіч перабраўся ў суседнюю Канаду, прыняў канадзкае грамадзянства. Летась ён трапіў у фінал вядомай літаратурнай прэміі «Міжнародны Букер», але прэмію атрымала пісьменьніца з ЗША.