Галоўнае адкрыцьцё загадкавай Іказьні

Мястэчка Іказьнь ляжыць на дарозе зь Мёраў у Браслаў. І ўвагу падарожніка прыцягвае найперш вежамі свайго касьцёла. Касьцёл Божага Цела стаіць у нізіне, але храм настолькі высокі, настолькі магутна вырастае з лагчыны, што хочацца зьехаць уніз, да яго, каб адчуць сапраўдны ягоны маштаб.

Гмах збудаваны з часанага каменя і чырвонай цэглы ў нэагатычным стылі. Вядома, пасьля рэвалюцыі 1905 году. Менавіта тады паўсталі самыя высачэзныя каталіцкія храмы ў Беларусі. Калі апошні імпэратар абвясьціў свабоду веравызнаньня, багатая шляхта і буржуазія не шкадавалі грошай на новыя сьвятыні. Тады і паўсталі ў мястэчках касьцёлы такіх памераў і вышынь, якія вялікім местам і ня сьніліся.

Каля касьцёла ёсьць адно незвычайнае пахаваньне. На танным надмагільлі з мармуровай крошкі па-польску напісана, што тут пахаваны ксёндз Міхал Буклярэвіч і ягоная сястра Аліцыя. «Замордованы за мілосьць до ойчызны і людзі». Дата сьмерці ў абаіх аднолькавая. 27 чэрвеня 1919-га.

Насупраць касьцёла жыве стары Вальдэмар Рыдзіка з жонкай Аленаю. Пра падзеі 1919 году яны ведаюць са словаў бацькоў.

— Што казалі бацькі пра 19-ты год? Што тут адбывалася?

— Зялёныя былі нейкія. Рускіх не пускалі. Ксёндз сышоў з алтара, узялі зброю і не пускалі рускіх. Яго рускія і забілі. Ён з алтара сышоў. І мальцаў там было, можа, чалавек дваццаць. У гэтай «зялёнай».

— Ён быў уцёкшы пасьля, схаваўшыся ў Дзедзіна. Там яны яго і застрэлілі. А сястра абараняла, не давала. Ну, і яе разам зь ім. Родная сястра. А пасьля перавезьлі сюды, каля касьцёла пахавалі. І быў помнік. А пасьля ў 39-м ізноў рускія зайшлі. Тады гэты помнік узялі пабілі. Было напісана «замардаваныя чырвонымі катамі». Пасьля прывезьлі камень і крыж. Другі ксёндз прыехаў, камень выкінуў і зрабіў помнік.

Нагадаю, што летам 1919 году, падчас польска-савецкай вайны, войскі Пілсудскага наступалі на Ўсход. Напэўна, мясцовы ксёндз, якому на той час было 35 гадоў, вырашыў, не чакаючы надыходу фронту, прагнаць бальшавікоў мясцовымі сіламі. І сілы аказаліся няроўныя.

— Яны нават не пасьпелі даць ніякага бою?

— Ды які там бой! Дурныя мальцы са зброяй. І ўсё. Прыйшлі і застрэлілі яго.

Стары ключнік Эдуард ласкава адчыніў мне касьцельныя дзьверы. Дзе я каторы ўжо раз падзівіўся на шэдэўры наіўнага мастацтва, скульптуры Ісуса і Марыі.

І сын Божы, і яго маці ў правінцыйных храмах выглядаюць як мясцовыя мужыкі і кабеты.

Гэтыя творы вярнуліся ў храм толькі ў 90-м годзе. І захаваліся дзякуючы такім людзям, як Станіслава Адольфаўна Аляшкевіч.

— Касьцёл закрылі ў 48-м годзе. І нашы прыхаджане, хто што мог, бралі дамоў. Што пасьпелі, то ўзялі. А як адкрылі, мы ўсё назад прынесьлі. Што захавалася, што сапсавалася за 40 гадоў. Але папрыносілі.

Калі забрацца на званіцу, дык з вышыні адкрываецца захапляючы від на азёрную неабсяжную Браслаўшчыну. І нават бачна старое выразнае замчышча на бліжэйшай высьпе.

Неверагодны краявід! Абавязкова прасіце ў ключніка дазволу ўзьняцца на вежу. Толькі тут і разумееш, якая прыгожая наша краіна.

Каля касьцёла некалі быў Народны дом. Нешта накшталт клюбу. І тут дзейнічаў гурток Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. Таго, што быў у Вільні. Старой Альдоне, якая адзначыла 90-гадовы юбілей, у 34-м годзе было 10. І самыя яркія ўражаньні дзяцінства — гэта беларускія спэктаклі мясцовага тэатру.

— Было пры Польшчы, але ставілі па-беларуску. «Паўлінку» ставілі. На першай лаўцы сядзелі камэндант паліцыі з жонкай. Яшчэ нейкія важныя на першай лаўцы. А мы стаім у куточку, каб бачыць. Многа людзей насеўшы ў клюбе. А тут начальства.

— Польскія чыноўнікі хадзілі на беларускія спэктаклі.

— Прыходзілі. Ай, сьмешна было. «Маргарыта, жонка, не рабі ты крыку. Бо мужык твой Саўка зьбіўся з панталыку»... І на гэтыя спэктаклі зьбіраўся поўны клюб. І старых, і дзяцей. Ня помню, ці плацілі за білеты. А пасьля танцы. Сцэна была зроблена. Ай, хораша было.

— А людзі ведалі аўтара п’есы?

— Ня ведаю я. Не скажу вам. Хто там? Абы паставілі.

Цікава, што старая ведае пэрсанажаў «Паўлінкі», але да гэтае пары ёй невядома імя аўтара п’есы. Вось што значыць народная камэдыя. Але затое Альдона памятае іншае імя.

— Былі беларускія часопісы. Быў такі Іміналі Бука. Усё ўдзельнічаў у прадстаўленьнях гэтых. Звычайны хлопец. Помню, ён быў Быкоўскім. Гэта ж насьмешка са шляхты. Але сьмешна было. Іміналі Бука.

Іміналі Бука. Якое незвычайнае імя ў гэтага невядомага беларускага дзеяча зь Іказьні. І добра, што яно ўжо ніколі ня зьнікне. Дзякуй памяці Альдоны і незьнішчальнаму інтэрнэту!

Прадавачка мясцовай крамкі, нестарая прыемная кабета, сумавала без пакупнікоў. Але ня толькі. Яе муж на працоўным фронце ў Расеі. Як большасьць тутэйшых мужчын.

— Драпаюць нашы адсюль. Хто куды можа. У асноўным едуць у Мінск. Хто па будоўлях. Бо пад Мінскам можна больш зарабіць, чым у Расеі. Паўсюль лахатроны.

— Ці часта бачыцеся?

— Раз на месяц на тыдзень прыяжджае. А тут, у Іказьні, што застаецца? Подпісы зьбіраюць, каб пошту не закрылі. Я калі маладая была, у клюб не праціснуцца. Усё ідзе да таго, што мы хутка будзем дачным пасёлкам. Вось і ўсё.

А зараз пра самае галоўнае маё адкрыцьцё ў Іказьні. На вуліцы я даў прыкурыць маладому чалавеку вельмі арыстакратычнай зьнешнасьці. Іказьнеўцу Андрэю Нарэлю крыху больш за 20 гадоў. І вось што ён мне патлумачыў з гісторыі свайго мястэчка. На выдатнай беларускай мове.

— Іказьнь калісьці была цэнтрам паўстаньня «зялёных». І ксёндз быў ярым прапагандыстам беларускай культуры і мовы. Ён гэта нёс у масы. Беларускай школы тут не было, але заўжды ёсьць той, хто ідзе наперад, ідзе да свайго.

— А адкуль гэтыя зьвесткі, што ён быў беларускі ксёндз?

— Я шмат займаўся краязнаўствам. Распытваў старэйшых, зьбіраў зьвесткі з архіваў. Усё скончылася ня вельмі добра. Міхала расстралялі. Яго сястры Эміліі прапанавалі: «Калі ў цябе ёсьць жаданьне, адрачыся ад брата і ідзі сваёй дарогаю». Яна сказала: «Не, буду да канца зь ім».

Андрэй працуе ў калгасе і завочна вучыцца на гісторыка ў Полацкім унівэрсытэце. І гісторыю роднага мястэчка ведае лепш за старажылаў.

— Іказьнь — вельмі цікавае месца. Тут шмат гісторыяў. Ня кожнае места можна пахваліцца дакладнай датай свайго заснаваньня. 13 красавіка 1499 году вялікая княгіня Алена выдае фундуш на заснаваньне мястэчка на беразе возера Іказьнь. Ад гэтага ўсё і пачынаецца.

Скажу шчыра, чым далей я слухаў Андрэя, тым больш у мяне адвісала сківіца. Бо я гутарыў з калгасным інжынэрам! Аказваецца, бываюць калгасныя інжынэры з кругаглядам міністра адукацыі і языком прафэсійнага журналіста! Сапраўды, загадкавае месца Іказьнь. І нездарма менавіта тут бальшавікам далі бой, а палякам паказалі культурную патэнцыю народа. Калі што і падымае настрой перад сьвятам Дня Волі, дык гэта вось такія нечаканыя сустрэчы. І дзякуючы такім людзям, як Андрэй, на магіле беларускага ксяндза і ягонай сястры паўстане адпаведны помнік.