Марчук: рыхтуецца апэрацыя, большая за «крымскую»

Яўген Марчук

Былы міністар абароны і экс-сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Яўген Марчук заяўляе, што бліжэйшыя два дні Ўкраіна будзе перажываць самы крытычны момант сваёй гісторыі за ўсе гады Незалежнасьці. Пра гэта ён сказаў на прэс-канфэрэнцыі ва Ўкраінскім крызысным мэдыя-цэнтры, паведамляе УНІАН.

Марчук адзначыў, што сытуацыя пераходзіць у другую фазу спэцапэрацыі, якую праводзіць Расея супраць Украіны, і гэтая фаза можа быць нашмат больш небясьпечнай, чым «крымская». Паводле Марчука, для вайскоўцаў ёсьць вельмі «дакладныя індыкатары», пра тое, што рыхтуецца маштабная апэрацыя, асабліва наступальнага характару, якую немагчыма схаваць.

«Ёсьць такія апэрацыі, такія іх складнікі, на такім этапе, калі доўга проста трымаць немагчыма. Трэба або даваць адбой, або ісьці наперад», – патлумачыў ён.

Марчук паведаміў, што на сёньня ў Данецку і ваколіцах назіраецца навала так званых «турыстаў» у цывільным, заўважная і іх «арганізацыйная актыўнасьць». Экс-міністар лічыць, што, улічваючы вопыт Крыму, спачатку можа адбыцца нешта іншае, чым масіраваная наступальная атака расейскіх рэгулярных войскаў на тэрыторыю Ўкраіны. Пачне дзеяньні вялікая група арганізаваных людзей, якія ня будуць у вайсковай форме, але будуць са зброяй.

Марчук, спасылаючыся на думку экспэртаў, заявіў, што расейскую інтэрвэнцыю ў Крым можна было заблякаваць без страляніны, танкаў і авіяцыі. Які ж гэта спосаб, ён не ўдакладніў.

Апошнімі днямі ўкраінскія ўлады паведамляюць пра канцэнтрацыю расейскіх вайсковых аддзелаў на памежжы. Амэрыканская выведка папярэдзіла Белы дом пра вялікую верагоднасьць ўварваньня расейскіх войскаў у паўднёва-ўсходнія вобласьці Ўкраіны.