Вашынгтон: Пуціны і Лукашэнкі — часовая зьява

Праваабарончая арганізацыя Freedom House, Нацыянальны Фонд Дэмакратыі (NED), Хельсынкская камісія разам з Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем (БАЗА) і Злучаным Балтыйска-Амэрыканскім Нацыянальным Камітэтам правялі палітычны брыфінг на тэму «Беларусь: Актывізацыя пазытыўных зьменаў у геаграфічным цэнтры Эўропы».

Сёлета ў ліпені спаўняецца 20 гадоў ад часу абраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. Гэта быў першы і апошні раз, калі Лукашэнка быў абраны кіраўніком краіны легітымна. Сёньня геапалітычная сытуацыя ў дзьвюх найбольшых суседніх зь Беларусьсю краінах патэнцыйна значна больш нестабільная, чым 20 гадоў таму. Злучаныя Штаты ня могуць сабе дазволіць захоўваць спакой у дачыненьні да Беларусі, ва ўмовах складанай сытуацыі ва Ўкраіне і з улікам паводзінаў і рыторыкі Масквы.

Удзельнікі брыфінгу абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі праз 20 гадоў ад пачатку панаваньня Лукашэнкі — становішча з правамі чалавека (улучна з палітзьняволенымі і зьніклымі), праблемы эканомікі, высновы на будучыню.

З улікам актуаліяў апошніх месяцаў удзельнікі дыскусіі задаваліся пытаньнем — ці ня стане Беларусі наступным Крымам. Абмяркоўвалася «мяккая» і «цьвёрдая ўлада» Расеі ў Беларусі.

Роджэр Патоцкі



На брыфінгу закраналіся пытаньні палітыкі ЗША і ЭЗ у дачыненьні да Беларусі — аналізаваліся плюсы і мінусы розных падыходаў і шукалася найлепшая стратэгія для прасоўваньня наперад.

Выступаючы на брыфінгу, прадстаўнік фонду National Endowment for Democracy Роджэр Патоцкі зазначыў:

«Немагчыма быць на мяжы Эўразьвязу і заставацца рэпрэсіўнай дзяржавай бясконца. Калі Ўкраіна нам нешта паказала, дык гэта жаданьне людзей быць больш заходнімі, больш эўрапейскімі, быць больш свабоднымі, ня мусіць даваць хабар, не дапускаць беспакаранасьці супрацоўнікаў міліцыі і ўрадоўцаў. Калі верыць апытаньням у Беларусі — і там людзі супраць карупцыі, супраць аўтакратычнага кіраўніка, усеўладзьдзя міліцыі і сілаў бясьпекі. Калі мы пабачылі зьмены ва Ўкраіне, мы з часам пабачым іх і ў Беларусі».

Кенэт Ялавіц



Былы амбасадар ЗША ў Беларусі (1994-1997) Кенэт Ялавіц выказаў упэўненасьць, што «Пуціны і Лукашэнкі гэтага сьвету — гэта часовая зьява».

Зьмены ў беларускай сытуацыі ўдзельнікі брыфінгу зьвязваюць ня столькі зь пераменай рэжыму, колькі са зьменамі ў самім беларускім грамадзтве. Так, Роджэр Патоцкі зазначыў:

«Мы сапраўды бачым у Беларусі пазытыўныя зьмены. Тут пытаньне ня толькі ў тым, каб адхіліць ад улады аднаго чалавека, каб нешта зьмяніць. Мы не падтрымваем ідэю аб зьмене рэжыму і ня верым, што калі адсячы галаву ўладзе, то ўсё адразу зьменіцца. Зьмены павінны адбывацца зьнізу, пачынацца ад зьмен у грамадзтве, і мы бачым гэтыя зьмены ў Беларусі».

Робэрт Гэрман



​Іншы ўдзельнік дыскусіі — віцэ-прэзыдэнт Freedom House па рэгіянальных праграмах Робэрт Гэрман — скептычна выказаўся пра неабгрунтаваныя спадзяваньні Захаду на слабасьць беларускага рэжыму:

«Жыцьцяздольнасьць Лукашэнкавага рэжыму значна большая, чым усе думалі. Чатыры гады таму думалі, што ён стаіць на тонкім лёдзе, варта трошкі падштурхнуць — і ён праваліцца пад лёд. А яно зусім ня так».

Адной з тэмаў брыфінгу быў і чэмпіянат сьвету па хакеі, які мае адбыцца сёлета ў траўні ў Менску. Роджэр Патоцкі выказаў сумнеў у тым, што чэмпіянат можна выкарыстаць для пашырэньня кантактаў і інфармацыі пра Беларусь:

«Краіна ня мае інфраструктуры, краіна ня мае адпаведнага падыходу, каб зрабіць з чэмпіянату спартовую падзею сусьветнай клясы — як гэта маглі б зрабіць расейцы ці кітайцы незалежна ад характару іх палітычнай сыстэмы. Я думаю, што ў нейкім сэнсе мы, магчыма, перабольшваем узьдзеяньне той малой колькасьці заходніх гасьцей, журналістаў, якія будуць у Менску або ў іншых месцах Беларусі, падчас чэмпіянату. На жаль».

Зь ім пагадзіўся і Кенэт Ялавіц:

«Мы спадзяваліся, што і алімпіяда ў Сочы адкрые нейкія новыя магчымасьці, але гэтага ня сталася. Яна сталася паказальным спэктаклем Пуціна, ён дасягнуў усяго, чаго хацеў».