ЗША абвінавацілі Расею ў парушэньні Будапэшцкага мэмарандуму

Злучаныя Штаты абвінавацілі Расею ў парушэньні абавязаньняў у рамках падпісанага ў 1994 годзе Будапэшцкага мэмарандуму аб наданьні Ўкраіне гарантый яе сувэрэнітэту і бясьпекі.

У сумеснай заяве на саміце па ядзернай бясьпецы ў Гаазе прадстаўнікі кіраўніцтва ЗША і Ўкраіны сёньня падкрэсьлілі, што «не зьбіраюцца прызнаваць незаконныя спробы Расеі анэксаваць Крым». Як адзначаюць у Вашынгтоне, дзеяньні Расеі ў Крыме «падрываюць асновы глябальнай сыстэмы бясьпекі і ставяць пад пагрозу мір і спакой у Эўропе».

Прадстаўнікі расейскай дэлегацыі, паводле інфармацыі МЗС Расеі, абвінавачваньні адкінулі. «Кіеўскае ўрад, які прыйшоў да ўлады ў выніку антыканстытуцыйнага перавароту, сваёй палітыкай, перш за ўсё ў адносінах да нацыянальных меншасьцяў, па-сутнасьці сам ўзарваў адзінства Ўкраіны... Крымская аўтаномія ў гэтых умовах не змагла больш заставацца ў складзе Ўкраіны і абвясьціла аб сваёй незалежнасьці у поўнай адпаведнасьці са статутам ААН», — падкрэсьлілі ўдзельнікі дэлегацыі.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заявіў днём раней, што анэксія Расіяй Крыму можа паўплываць на лёс міжнароднага пагадненьня аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі.