Беларус у Хэрсоне: Нападу тут чакаюць паўсюль

Беларускі журналіст, карэспандэнт незалежнай газэты Новы час Зьміцер Галко (Будзімір) апошнія дні падарожнічае па ўсходняй і паўднёвай Украіне, цяпер ён знаходзіцца на Хэрсоншчыне, у рэгіёне, які наўпрост прымыкае да Крыму. Куды адводзяцца войскі з Крыму, наколькі вялікая пагроза расейскага ўварваньня, якая прырода пратэстаў на ўкраінскім Усходзе?

Дракахруст: В.а. прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Турчынаў сёньня агучыў загад выводзіць войскі з Крыму. Ці падрыхтаваная інфраструктура для іх прыёму?

Галко: Пра падрыхтаванасьць інфраструктуры мне судзіць цяжка, магу судзіць толькі ўскосна. Калі я размаўляў з мэрам Хэрсону і губэрнатарам Хэрсоншчыны, гаворка ішла пра ўцекачоў з Крыму. Для іх ёсьць там пункты эвакуацыі, ёсьць магчымасьць засяліць іх у некалькі гатэляў, але ў цэлым абодва казалі пра тое, што вобласьць не гатовая прыняць тысячы людзей і даць ім жытло. З гэтага ўскосна можна судзіць, што і да вываду войскаў з Крыму на мацярык інфраструктура таксама ня вельмі падрыхтаваная.

Але гэты крок сам па сабе грамадзкасьцю будзе вітацца. Бо размовы апошнім часам вяліся наконт таго, што трэба даваць каманду — ці ваяваць, ці выводзіць людзей. Улада вырашыла выводзіць. І гэта будзе вітацца.

Дракахруст: Вы сказалі пра каманду. Як грамадзкасьць ставіцца да таго, што не было каманды на сілавы адпор?

Галко: Па маіх адчуваньнях, гэта ацэньваецца хутчэй пазытыўна. Пазыцыю мачысцкую, «мужыцкую», што трэба было расейцам улупіць, што трэба было аддаць загад страляць, падзяляе меншасьць. Вайны, крыві ніхто ня хоча. Большасьць кажа, што менавіта таму сьвет і падтрымлівае Ўкраіну, што ўкраінцы аказаліся вышэй за Пуціна, не пачалі страляць і не дапусьцілі крыві.

Дракахруст: Як ацэньваецца імавернасьць расейскага ўварваньня ў мацерыковую Ўкраіну? Вы апошнімі днямі аб’езьдзілі ўкраінскі ўсход і поўдзень. Якія ў вас адчуваньні на гэты конт, ці ёсьць нейкія прадвесьці такога ўварваньня?

Галко: У Адэсе гэтага панічна баяцца. Я там быў, у мяне там ёсьць знаёмыя. Там ёсьць вялікая групоўка, яна падтрымліваецца, магчыма, некім з былой улады, магчыма, некім з тых, хто застаецца ва ўладзе і цяпер. На Хэрсоншчыне гэтага хаця і чакаюць, але не баяцца. Тут паўсюль блёк-пасты, і ня толькі вайсковыя, але і мясцовай самаабароны. Хэрсоншчына — гэта сапраўдная Ўкраіна, тут гатовыя даць адлуп. Але нападу тут чакаюць паўсюль.

Дракахруст: На думку некаторых, тыя забурэньні, якія адбываюцца на ўсходзе Ўкраіны — чыстая інсьпірацыя з боку Расеі. Іншыя мяркуюць, што Майдан нарэшце разбудзіў і ўсход, ён прачнуўся і выказаў тыя думкі, якія ў яго ёсьць, стаўшы своеасаблівай Вандэяй украінскай рэвалюцыі. Што бліжэй да ісьціны?

Галко: Я сам ад пачатку выказваў думку, што гэта абуджэньне Ўсходу Майданам, што гэта насамрэч працяг Майдану, але іншы, бо тут іншыя перакананьні. Але адзіны канструктыўны Антымайдан, як мне падалося, гэта той, як быў у Данецку. Ён там збудаваны на лякальнай ідэнтычнасьці, там большасьць людзей выйшлі за Данбас. Ня буду казаць, наколькі рацыянальныя там матывы, але гэта матывы, якія можна абмяркоўваць.

Але, скажам, адэскі Антымайдан, калі яго параўноўваць з данецкім, мне падаўся нейкай бязглузьдзіцай. Большая частка ўдзельнікаў гэтых акцый у Адэсе былі, калі сказаць троху па-снабісцку, ахвярамі расейскага тэлебачаньня. Я ня ўбачыў там канструктыву, але пабачыў там шмат інсьпірацыі. Вакол Антымайдану ў Адэсе было шмат аўтобусаў, якія прывозілі людзей зь мяжы з Прыднястроўем. Так што інсьпірацыя таксама ёсьць — ёсьць і дывэрсанты, і агенты ўплыву.

Дракахруст: Ці можна сказаць, што новая ўкраінская ўлада кантралюе сытуацыю ці бярэ яе пад кантроль?

Галко: У Данецкай, Харкаўскай і Адэскай абласьцях мне сытуацыя падалася вельмі нестабільнай. Усё ж такі туды не дайшла ў поўнай меры новыя ўлада, там ёсьць розныя ўплывы, і становішча вельмі хісткае. На Хэрсоншчыне сытуацыя вельмі адрозьніваецца, тут і губэрнатар вобласьці, і мэр Хэрсону абодва з партыі «Бацьківшчына». У абласной адміністрацыі тут цэнтар самаабароны, людзі самаабароны ходзяць па дзяржаўных установах. Міліцыя тут цалкам на баку рэвалюцыйнай улады.

Дракахруст: А хэрсонская самаабарона падпарадкоўваецца Кіеву, Турчынаву, скажам?

Галко: Канкрэтна на Хэрсоншчыне самаабарона падпарадкоўваецца ўладзе. Яны ўвялі яе ў прававыя рамкі законам аб Нацыянальнай гвардыі. Людзі, якія туды прыходзяць — прыходзяць, як у войска, іх там мэдкамісія правярае. Гэта ня нешта стыхійнае, гэта не калектыўны Сашко Білы.