Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.
Your browser doesn’t support HTML5
Сыгнал, які вы толькі што пачулі, пачаў гучаць на нашых хвалях ад 1959 году. У гэтым годзе адбыліся істотныя перамены ў палітыцы радыё, што сярод іншага выявілася і ў зьмене назову. Дынамічнае і наступальнае паняцьце Вызваленьне ў назове радыё саступіла месца больш статычнаму і абстрактнаму паняцьцю Свабода. Пра тое, як гэта адбылося, распавядае вэтэран нашага радыё Ян Запруднік:
«Пасьля гэтых рэвалюцыяў 1956 году і Вашынгтон, і Масква прыйшлі да перакананьня, што гэтыя канфрантацыі небясьпечныя, бо ў абедзьвюх дзяржаваў была ядзерная зброя. І ў рэшце рэштаў пасьля недзе 1958-59 году прыйшлі да перакананьня, што трэба пераходзіць з канфрантацыі да гэтак званага «мірнага суіснаваньня». Ніксан паехаў у Маскву. Хрушчоў прыехаў у Нью-Ёрк, у Злучаныя Штаты, пазнаёміўся тут зь сельскай гаспадаркай Амэрыкі. На генэральныя асамблеі прыяжджаў быў Мікаян, Казлоў — старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага савету БССР.
Я памятаю, як мне часта даводзілася зьніжаць тон сваіх рэпартажаў пасьля заўвагаў асобы, якой я чытаў свае рэпартажы, перад тым як начытваць. Густаў Бурбель быў загадчыкам аддзелу беларуска-украінскага і турка-каўкаскага. Мне даводзілася чытаць яму свае рэпартажы. Ён часта казаў: «Спакайней-спакайней. Нашто ўсе гэтыя гарачыя пачуцьці. Чым больш спакайней будзеш гаварыць, тым больш пераконліва гэта будзе гучэць. І ў рэшце рэштаў нельга было зь ім не згадзіцца. Пасьля я сам быў у такой самай ролі ў дачыненьні да іншых вольных супрацоўнікаў зь беларускай праграмы.
А так, наагул, пэрыяд мірнага суіснаваньня — гэта быў пэрыяд канкурэнцыі ідэяў. І, безумоўная рэч, трэба было карыстацца матэрыялам, абапёртым на факты, на дакумэнты, і старацца як мага спакайней гэта падаваць. Наколькі гэта ўдавалася нам, я думаю, можна меркаваць з рэакцыі савецкага боку, паводле афіцыйнай рэакцыі тых усіх фэльетонаў, абвінавачвальных артыкулаў у наш адрас. Мы гэта ўсё ўспрымалі як довад таго, што ўсё ж эфэктыўнасьць нашых перадачаў была бясспрэчная».
Аўтэнтычны эфір 1959 году. Гучыць фрагмэнт гутаркі з прадстаўніком амэрыканскай беларускай моладзі Юркам Станкевічам:
Your browser doesn’t support HTML5
***
Год 1959 у сьвеце
Палітыка
Кубінскі прэзыдэнт Батыста адмаўляецца ад пасады і ўцякае з краіны, да ўлады прыходзіць Фідэль Кастра. — Тыбэцкі Далай-лама ўцякае ў Індыю. — Савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў наведвае Злучаныя Штаты і сустракаецца ў Кэмп-Дэйвідзе з прэзыдэнтам Эйзэнхаўэрам. — Вялікая Брытанія прызнае незалежнасьць Кіпру. — Аляска і Гаваі становяцца 49-м і 50-м штатамі ЗША.
Літаратура
Нобэлеўская прэмія прысуджаная італьянскаму паэту Сальваторэ Квазімода. Выходзяць раманы «Голы сьняданак» Уільяма Бэраўза, «Бывай, Калюмб» Філіпа Рота, «Зазі ў мэтро» Рэймона Кено.
Папулярная музыка
Упершыню адбылася цырымонія прэміяў «Grammy» — песьняй году становіцца «Nel Blu Dipinto di Blu» (Volare) ў выкананьні Домэніко Модуньё i «Mack the Knife» Бобі Дарына.
***
А зараз — працяг успамінаў Яна Запрудніка. Ён распавядзе пра адну з самых яскравых падзеяў 1959 году — візыт савецкага кіраўніка Хрушчова ў Злучаныя Штаты:
«Вялікай падзеяй быў безумоўна прыезд Мікіты Хрушчова на Генэральную асамблею ў суправаджэньні такіх асобаў як Андрэй Грамыка, міністар замежных справаў. Гэта быў, як той казаў, цырк на высокім дроце. Найбольш памятным, як кожнаму гэта бадай вядома, было выступленьне Хрушчова на Генэральнай асамблеі ААН. Мы тады былі прыкаваныя да тэлевізійнага экрану, сачылі за кожным рухам гэтага найвышэйшага прадстаўніка Савецкага Саюзу. Безумоўная рэч, ува ўсіх адкрыўся рот, і вочы ледзь не на лоб выскачылі, калі ён зьняў чаравік і пачаў ім стукаць.
Памятаецца таксама выступленьне Грамыкі на Генэральнай асамблеі. Я ніколі перад гэтым ня чуў ягонага вымаўленьня, такога выразна беларускага. І ў мяне гэта засталося запісаным на стужцы. Калі ён гаварыў пра танкі і самалёты ў родным склоне, гаворачы па-расейску, у яго выходзіла „танкаў“ і „самалётаў“. Мне тады выразна стала, што Грамыка (што б там ні казалі: расеец ён ці не расеец) па сваім вымаўленьні быў выразным гомельскім беларусам».
Нагадаю, наш сёньняшні госьць — вэтэран Беларускай Свабоды Ян Запруднік, які выступаў на нашых хвалях пад псэўданімам Арсень Загорны. На жаль рэпартажоў Арсеня Загорнага з сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у нашых архівах не засталося. З аўтэнтычнага эфіру 1959 году прапануем паслухаць гутарку з паэткай Натальляй Арсеньневай...
Your browser doesn’t support HTML5
***
1959 ГОД У БЕЛАРУСІ
• У Менску адкрыўся Дзяржаўны цырк Беларусі.
• Заснаваны Саюз Журналістаў.
• У Менску адкрыты помнік Марату Казею і літаратурны музэй Якуба Коласа.
• Паводле вынікаў перапісу, у Беларусі зарэгістравана 8 мільёнаў 054 тысячы 648 чалавек.
А зараз паслухаем — што гучала на хвалях менскага радыё ў 1959 годзе. Эстрадная музыка працягвала разьвівацца ў традыцыйным акадэмічна-народным рэчышчы — цяжка паверыць, што ў тым самым часе недзе грымеў рок-н-рол, або калыхалася на цёплых хвалях боса-нова. Вось што замест Элвіса Прэсьлі маглі чуць беларускія слухачы:
Your browser doesn’t support HTML5
Аднак беларусы не замыкаліся ў сваёй местачковасьці — пачаліся шырэйшыя культурныя кантакты са сьветам, хоць і ў жорсткіх рамках ідэалягічнай пільнасьці. Вось, прыкладам, група савецкіх пісьменьнікаў пабывала ў далёкай Аргентыне, сярод іх быў драматург і сцэнарыст Кастусь Губарэвіч:
Your browser doesn’t support HTML5
***
А зараз мы вяртаемся зноў да ўспамінаў. Ян Запруднік распавядае пра савецкую выставу ў Нью-Ёрку і пра першыя кантакты з прадстаўнікамі Савецкай Беларусі...
I на заканчэньне — зноў наш архіў: фрагмэнт карэспандэнцыі Арсеня Загорнага — Яна Запрудніка, прысьвечанай згаданай толькі што савецкай выставе 1959 году.
Your browser doesn’t support HTML5