Як Крым стаў востравам

Раман Васіля Аксёнава з адметнай назвай «Востраў Крым» — сапраўды пра Крым, які стаў востравам. Раман геапалітычны. І супадзеньне фатальнае: пісьменьнік Аксёнаў прыдумаў, а крымскі начальнік Аксёнаў сёньня, праз 35 гадоў, ажыцьцявіў. У жыцьці, зрэшты, атрымалася крыху інакш, кніга не магла стаць падручнікам па далучэньні Крыму да Расеі, але раман прысутнічае ў гэтай міжнароднай драме падспудна, нават калі асноўныя дзейныя асобы толькі чулі яго назву, ня браўшы ніколі ў рукі. Хаця нельга выключыць, што ён у іх за настольную кнігу. Мае рукі таксама самі цягнуцца да твору, які чытаецца сёньня новымі вачыма.

Крым у рамане — гэта нібы расейскі Тайвань, які белай арміі ўдалося ўтрымаць. Гэта капіталістычны рай зь пяцімільённым (цяпер — менш за два мільёны) насельніцтвам. Хмарачосы, хайвэі, выдатны ўзровень жыцьця. Адным словам, касмапалітычная «плешка» ў моры, як кажа адзін з герояў. Наведацца ў Крым — мара для савецкага чалавека (як у сапраўднасьці раней было, напрыклад, пабываць хаця б у Прыбалтыцы — заграніцы ўнутры СССР). Чаму востраў, а не паўвостраў? Калі ласка, тлумачэньне: паводле задумы аўтара Крым аддзяляе ад мацерыка пратока, якая замерзла. Па лёдзе наступае чырвоная армія, белая ўжо ня можа бараніцца, у партах паніка, эвакуацыя. Раптоўна малады лейтэнант Рычард Бэйлі-Лэнд на брытанскім лінкоры «Лівэрпуль» пачынае залпавы агонь. Лёд узарваны, чырвоныя тонуць.

Лейтэнант робіцца крымскім героем...

Барона Ўрангеля, які ўзначаліў ацалелы Крым, між іншым, у 1930-м адправілі на пэнсію, паведамляе аўтар.

Зразумела, што, зыходзячы з вышэйсказанага, Хрушчоў ня мог перадаць Украіне замежны востраў.

Мы даведваемся, што Сталін у 1936-м сказаў: «Наш народ ненавідзіць белагвардзейскае гняздо ў Чорным моры, але пакуль не пярэчыць супраць яго існаваньня. Трэба пачакаць якіх-небудзь пяцьдзесят год». І «гістарычны момант насьпеў». Галоўныя «партрэты» СССР абмяркоўваюць у рамане — што рабіць з «гняздом», рабочая кляса шле лісты ў Цэнтральны камітэт, «трэба вырашаць пытаньне». У «куратара» вострава, Марлена Міхайлавіча Кузянкова, напрасткі цікавяцца: «Ці дастаткова будзе для вырашэньня гэтак званай крымскай праблемы дэсантнага злучэньня генэрала N?» Маўляў, «за адным бы разам і выпрабавалі танкі на паветранай падушцы». Чаго цырымоніцца? Бо «Амэрыка перад намі трымціць, а тут нейкая дробная сволач».

«Куратар» любіць Крым як райскую мясьціну, яму шкада яго. Ён спрабуе адцягнуць «узьяднаньне Крыму з Расеяй», тлумачыць, што на востраве шмат прыхільнікаў Масквы, што «ніколі, ні адзін крымскі салдат ня стрэліць па савецкім салдаце». Старыя «партрэты» аднак гнуць сваю лінію, разважаюць уголас. Што з астравіцянамі потым рабіць? Калі там сорак партый і нацый? Куды іх высяляць? З амэрыканцамі, зноў жа, нейк дамаўляцца трэба будзе. Але дывідэнды наперадзе нежартоўныя, бо «ідэалягічны выйгрыш ад ліквідацыі рэшткаў „іншай“ Расеі будзе аграмадным», а на ідэалёгіі мы не эканомім.

Марлен Міхайлавіч пераконвае, што «крокі канчатковай уласьцівасьці» непатрэбныя, бо «сымпатыя да Савецкага Саюзу і нават тэндэнцыя да злучэньня зь ім — найгалоўнейшая ідэя на Востраве». Таварышы, калі зараз правесьці ў Крыме рэфэрэндум, «то ня менш за 70 адсоткаў насельніцтва выказалася б за ўваходжаньне ў СССР». Галоўныя «партрэты» рэагуюць скептычна. Хіба жыхары вострава такія дурныя? Аднак існуе тлумачэньне: яны — ідэалісты, у іх «так званы комплекс віны перад гістарычнай радзімай, гэта значыць перад Расеяй». Прычым яны ўсьведамляюць, што рай адразу закончыцца, яны страцяць свае вілы над морам, шыкоўныя лімузыны, усю сваю маёмасьць, Крым ператворыцца ў шэрую савецкую правінцыю, а жыхары стануць у чэргі да пустых вітрынаў у гастраномах.
Уласна кажучы, айцы СССР «перапалохаліся, каб не адплыў ад іх у недасяжныя далячыні Востраў Крым, як бы не адабралі таго, што даўно ўжо лічылася асабістай уласнасьцю». Прычына? Падазрэньне, што прыхільнікі Масквы на востраве пачалі рабіць паварот на 180 градусаў. Хваляваньні выклікалі дзеяньні галоўнага героя Андрэя Лучнікава, выдаўца галоўнай крымскай газэты «Кур’ер». Ён вырашыў прышчапіць на будучыню чытачам супрацьядзьдзе: пачаў друкаваць тэксты пра шэрую савецкую рэчаіснасьць, каб потым крымчакі ня ўпалі ў роспач, калі стануць грамадзянамі СССР.

Марлен Міхайлавіч — сябра Лучнікава, ён шчасьлівы, што пакуль удалося ўтрымаць высокае начальства ад «вырашэньня справы дэсантнікамі».

Замежнік Фрэд Бакстэр, аднак, прызнаецца старому крымскаму арыстакрату Арсенію Лучнікаву, бацьку газэтнага магната, што сытуацыя на востраве і вакол яго становіцца некіроўнай, і што «Савецкаму Саюзу дастаткова паварушыць пальцам, каб далучыць вас да сябе». Ідэя «агульнага лёсу» пашыраецца сярод крымчакоў, але «большасьць не ўяўляе сабе і ня хоча ўяўляць наступстваў аншлюсу». Бакстэр тлумачыць: гэтага пакуль ня здарылася толькі таму, «што ў Расеі вельмі ўплывовыя сілы ня хочуць вас заглынаць». Ім непатрэбная «новая аўтаномная рэспубліка», «яны разумеюць, што эканамічнае квітненьне Крыму скончыцца на наступны ж дзень пасьля далучэньня». Гэтыя людзі прыстасаваліся «да існаваньня ў сябе пад бокам маленькай фальшывай Расеі». Апроч таго, трэцюю частку валюты Масква атрымлівае праз востраў. Аднак сытуацыя выходзіць з-пад кантролю, бо ў самім Крыме занадта моцныя «прасавецкія і панрасейскія» настроі.

Якія прагнозы? Набліжаецца дзень, «калі СССР праглыне Востраў», кажа Бакстэр. Лучнікаў мэлянхалічна адказвае, што ніхто ў гэтым і не сумняваецца. Але Бакстэр падкрэсьлівае, што СССР «вымушаны будзе праглынуць Востраў. Ён зробіць гэта насуперак свайму жаданьню». А «далей пачынаецца мастацкая літаратура», спрабуе пасьміхнуцца Бакстэр. Бо Захад нібыта не выказваў сваёй зацікаўленасьці ў тым, каб надалей існавала «незалежная расейская тэрыторыя», але перад пагрозай анэксіі ён раптам успамінае, што яму ўсё ж важна, «каб у таталітарным патопе трымаўся на плыву такі прыгожы каўчэг». Фрэд Бакстэр ня проста балбатун, ён, аказваецца, можа проста затэлефанаваць Аляксею Касыгіну, зь якім ня раз рыбачылі.

Толькі цяпер у Крыме пачала складацца свая асобная нацыя, з расейцаў, татараў, англічан, якія таксама тут абжыліся. І з трох моваў ужо ўтваралася таксама агульная. Зразумела, што новая ідэя найбольш захапляе моладзь, яна прыдумала для крымчакоў саманазву «які». Ім хацелася пераадолець «гістарычную разгубленасьць» сваіх бацькоў. Сярод «якаў» сын Андрэя Лучнікава Антон, які вярнуўся дахаты пасьля замежных блуканьняў. Антон кажа свайму дзеду: калі нічога не рабіць, а сядзець і чакаць, «нас зжарэ Саўдэпія альбо тут усталюецца фашызм».

Маскоўская палюбоўніца Лучнікава-бацькі, спартсмэнка і тэлевядучая, Тацяна Луніна любіць Крым і ў рэшце рэшт расчароўваецца ў каханку: ён «цягне мільёны шчасьлівых людзей за сабой у брудную памыйку». А Марлен Міхайлавіч, апынуўшыся ў Сімфі (сталіцы вострава), спрабуе асьцярожна патлумачыць гаспадару багатай прадуктовай крамы, што ўсе далікатэсы зьнікнуць, як толькі Крым далучаць да СССР. Перапоўненыя супэрмаркеты бачацца яму тым, што звычайны савецкі чалавек уяўляе пры слове «камунізм» — «ажыцьцяўленьнем векавечнай марай чалавецтва».

Марлен Кузянкоў шкадуе Крым, гэты «цуд натуры і гісторыі». У адчаі яму хочацца перашкодзіць яго злучэньню з СССР. Але як? Лучнікаву здаецца, што ў расейцаў ад Крыму пабольшае храбрасьці, але Кузянкоў лічыць, што ўсе стануць яшчэ болей баязьлівымі. Яму хочацца перашкодзіць катастрофе, калі востраў «паляціць у тартарары». Вось і сам Салжаніцын з тэлеэкрану іх заклікае: «Спыніцеся, адумайцеся!» Марна. Пры ўсім пры тым, што, як вядома Кузянкову, «вярхі Камітэту зусім не імкнуцца да захопу Крыму: паколькі прападзе такі цудоўны працоўны палетак».

Апошняя сустрэча Лучнікава з Кузянковым. Першы пахваляецца, што неўзабаве Дзярждума вострава зьвернецца з просьбай аб уключэньні яго ў СССР на правах шаснаццатай рэспублікі. І на ўсякі выпадак цікавіцца: ці не дапусьціць Масква ў адказ нейкага «барбарства», «татальнай акупацыі», «ці хопіць там розуму не акупаваць нас?» Пытаньне рытарычнае. Але калі трусу заманулася трапіць у пашчу ўдава, ён там апынецца конча...

Масква на запыт Дзярждумы не адказала. І ў Крыме адчулі, што «яны скора прыйдуць». Але навошта ўварваньне ў краіну, якая добраахвотна далучаецца? Мы ж не Прыбалтыка, не Чэхаславаччына!.. Позна, панове! Ноччу пачынаецца акупацыя. З усіх бакоў рухаюцца дэсантныя судны, сімфэропальскі аэрапорт апанаваны гіганцкімі «антэямі», усе крымскія дарогі і вуліцы сталіцы ў танкавых калёнах. Да вострава накіраваліся баявыя эскадры з авіяносцамі «Кіеў» і «Мінск». У паветры хмары верталётаў, парашутыстаў, баявых самалётаў. Маскоўскае тэлебачаньне перадае, што ў Крыме праводзяць грандыёзнае «ваенна-спартовае сьвята пад назваю „Вясна“».

Наіўныя жыхары Сімфі выходзяць сустракаць танкі з лёзунгамі «Прывітаньне, Масква!», «Крым+Крэмль=Любоў!» На вуліцах пануе радаснае ўзрушэньне, паўсюды усьмешлівыя твары. Не зважаючы на ранішні час, за вулічнымі столікамі адкаркоўваюць шампанскае. Мясцовае тэлебачаньне, як звычайна, пачынае вулічныя рэпартажы жыўцом, але дэсантнікі б’юць прыкладамі камэры.

Нарэшце да галоўнага героя і віноўніка «добраахвотнага далучэньня» Крыму да СССР Андрэя Лучнікава пачынае даходзіць сэнс гвалтоўных падзей: «Раптам у гэты момант уся гісторыя, філязофія і палітыка згарэлі, быццам куча старых газэт...» Людзі на вуліцах зьвяртаюцца да акупантаў: мы — вашы, мы — свае! Але ўзброеныя дэсантнікі іх сваімі зусім ня лічаць.

Лучнікаву ўдаецца вырвацца з сімфэропальскага палону. Сузіраючы мора і краявід ля Хэрсанэсу, ён вымаўляе «як плаўна пераходзіць тут Элада ў Бізантыю, а Бізантыя ў Расею...» Тым часам уварваньне набывае ўсё большыя маштабы (не параўнаць з Чэхаславаччынай у 1968-м!), у аблозе ваенныя базы белай арміі, якая нават ня думала супраціўляцца. Лучнікаву пачынае здавацца, што адбываюцца грандыёзныя кіназдымкі, больш значныя, чым было з «Апакаліпсісам сёньня»... У яго «едзе дах». Хаця самыя цьвярозыя лічылі, што гэта адбылося даўно, калі ён вырашыў здаць Крым Маскве.

«Востраў Крым» напісаны зухавата, з драйвам, як умеў Аксёнаў. Міжволі адчуваеш задавальненьне, якое атрымліваў сам аўтар. У рамане хапае прыгодаў, сэксу, ненарматыўнай лексыкі. Але сама задума настолькі плённая, што выпадае пісьменьніку напэўна толькі аднойчы ў жыцьці.

Даведка РС:

Пісьменьнік Васіль Аксёнаў (1932-2009) — ляўрэат прэміі «Рускі букер» (2004) за раман «Вальтэр’янцы і вальтэр’янкі». Сын рэпрэсаваных пры Сталіне бацькоў. З 1980 году жыў у эміграцыі, у ЗША (да 2004 году), працаваў прафэсарам расейскай літаратуры ў розных унівэрсытэтах. Пры канцы жыцьця вярнуўся ў Маскву, дзе пахаваны.

Васіль Аксёнаў актыўна супрацоўнічаў з Радыё Свабода (1980-1991). У 2004 выйшаў зборнік ягоных радыётэкстаў.

У 2006 годзе ў Севастопалі арганізавалі расейска-украінскі фэст мастацтваў «Востраў Крым», журы ўзначаліў Васіль Аксёнаў.

Сам пісьменьнік тады сказаў, што «Крым цярпіць праз тое, што яго запхнулі кудысьці ў кут Чорнага мора і перасталі зьвяртаць на яго ўвагу. Вось такога роду акцыі, як фэст, дапамогуць крымчанам атрымаць адчуваньне незабытасьці, прысутнасьці ў вялікім сьвеце. Крыму трэба стаць такой аўтаномнай дзяржавай пад эгідай Украіны і Расеі».