Ганна Янкута пра ўкраінскую бібліятэку па-беларуску

У апошнія месяцы імёны ўкраінскіх пісьменьнікаў, музыкаў, іншых дзеячаў культуры не зьнікаюць з навінаў. Літаратуры ва ўсім гэтым мала, хаця няма сумневу, што рана ці позна хтосьці паспрабуе ўсе гэтыя падзеі па-мастацку асэнсаваць — як асэнсаваў 1990-я Сяргей Жадан. І ўсё ж ня варта забываць, што ўдзельнікаў тых тэлесюжэтаў мы ведаем ня толькі зь іх удзелу ў Майдане ці з паведамленьняў у фэйсбуку, але і зь беларускіх перакладаў, калі справа датычыць паэтаў і празаікаў. І перакладаў такіх вельмі шмат, бо паколькі Ўкраіна — наш сусед і ўкраінскую мову ў нас разумее ці ня кожны адукаваны чалавек, то і ўкраінская літаратура рызыкуе аказацца ці ня самай перакладанай на беларускую мову.

Сяргей Жадан, «Anarchy in the UKR», Менск: «Логвінаў», 2012 (з украінскай мовы пераклаў Алег Жлутка).

Герой нядаўніх падзеяў у Харкаве Сяргей Жадан мусіў бы ўжо мець цэлую бібліятэку празаічных і паэтычных перакладаў на беларускую мову, што друкаваліся ў зборніках «Разам з пылам» Хадановіча і «Амбасада» Мартысевіч, у часопісах «ПрайдзіСьвет», «Дзеяслоў», «ARCHE», аднак на сёньняшні момант іх выйшла толькі дзьве — «Anarchy in the UKR» у перакладзе Алега Жлуткі і «Дэпэш мод» у перакладзе Таццяны Ўрублеўскай. «Anarchy in the UKR» — гэта кніга, што магла б зрабіцца своеасаблівай візытоўкай Харкава для чытачоў, якія хочуць разабрацца з тым, што адбывалася ва Ўсходняй Украіне ў 1980-90-я гады, і, магчыма, знайсьці ключ да сёньняшніх падзеяў. Гэта зборнік прыватных гісторыяў, уражаньняў і ўспамінаў, раман, як вызначыў яго сам аўтар, ці калекцыя розных па стылістыцы эсэ, кожнае з якіх прымушае чытача балянсаваць паміж фантазіямі аўтара і апісаньнямі навакольнай рэчаіснасьці, што яшчэ доўгі час (можа, нават дагэтуль) застаецца незразумелай і невытлумачальнай і патрабуе новай мовы для апісаньня. Міма ўражанага чытача праходзяць неверагодныя, але вельмі рэальныя карціны, нібыта ён сядзіць у цягніку і назірае ў акно за навакольным пэйзажам: вось яны, 80-я, вось яны, 90-я, уся эпоха як на далоні. І ў той жа час ніякага руху тут няма: зьмяненьні, якія адбываюцца перад вачыма чытача, толькі вонкавыя, ні горад, ні яго жыхары яшчэ не вырваліся з савецкай эпохі, і герой твора можа застацца там назаўжды, нібы ў танным харкаўскім гатэлі.

Тарас Шаўчэнка, «Мастак: Да 200-годзьдзя з дня нараджэньня Тараса Шаўчэнкі», Менск, «Кнігазбор», 2014 (з украінскай мовы пераклаў Валерый Стралко).

У сьвятле нядаўніх падзеяў, якія ўсё яшчэ чакаюць працягу, сьвяткаваньне 200-годзьдзя зь дня нараджэньня клясыка ўкраінскай літаратуры Тараса Шаўчэнкі набыло палітычны характар. Падчас падзеяў на Майдане менавіта да помніка пісьменьніка ў Менску людзі несьлі кветкі і зьнічкі, каб выказаць сваю салідарнасьць з тымі, хто змагаецца на вуліцах Кіеву, і на знак жалобы па тых, хто загінуў 9 сакавіка. У дзень нараджэньня Шаўчэнкі, у сьвяткаваньні юбілею ўзялі ўдзел каля 100 чалавек, якія ўшанавалі памяць клясыка ўскладаньнем кветак да помніка. І ўсё ж гэта сьвята найперш літаратурнае, і выданьне новых перакладаў — найлепшы спосаб яго адзначыць.



Традыцыя перакладаньняў твораў Тараса Шаўчэнкі на беларускую мову мае ўжо больш за сто гадоў: так, напрыклад, вершы Шаўчэнкі можна знайсьці сярод перакладаў Янкі Купалы 1904-1907 гг. Перакладалі ўкраінскага пісьменьніка таксама Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Зьмітрок Бядуля, Пятрусь Броўка, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін і інш. У новае выданьне, падрыхтаванае да юбілею, увайшлі вершы з самага вядомага паэтычнага зборніка Шаўчэнкі «Кабзар» і аповесьць «Мастак». Асобныя тэксты, перакладзеныя Валерыем Стралко, ужо існавалі па-беларуску раней: напрыклад, верш «Думка» («Ой, нашто мне чорны бровы...») перакладаўся ў пачатку мінулага стагодзьдзя Янкам Купалам («Нашто чорныя мне бровы...»). Зьяўленьне такіх новых пераасэнсаваньняў клясычных твораў — вельмі важная для перакладу і культуры ў цэлым зьява, бо мова — гэта жывы арганізм, а значыць, кожнае пакаленьне мусіць перакладаць для сябе клясыку наноў.

Кніга ўлучае таксама вялікі артыкул дасьледчыкаў з Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Івана Дзюбы і Міколы Жулінскага, прысьвечаны жыцьцю і творчасьці пісьменьніка, а таксама невялікі камэнтар да твораў і выбраныя цытаты знакамітых пісьменьнікаў, дзеячаў культуры і нават палітыкаў пра Тараса Шаўчэнку. Клясычнае падарункавае выданьне да юбілею пісьменьніка.

Юрый Андруховіч, «Уводзіны ў геаграфію: паэзія, проза, эсэістыка», Мінск, «Логвінаў», 2006 (з украінскай мовы пераклалі Марына Шода і Андрэй Хадановіч).

У апошнія месяцы імя Юрыя Андруховіча, яшчэ аднаго добра вядомага і перакладанага на розныя мовы сучаснага ўкраінскага пісьменьніка, рэгулярна зьяўляецца ў навінах. Андруховіч езьдзіць па розных гарадах, удзельнічае ў падзеях, дае камэнтары пра цяперашнюю сытуацыю і інтэрвію. Беларускаму чытачу творы пісьменьніка вядомыя зь перакладаў Марыны Шоды і Андрэя Хадановіча. Зборнік твораў «Уводзіны ў геаграфію» стракаты і ў жанравым пляне, і ў геаграфічным. Варта згадаць хаця б паэму «Індыя» (якая, дарэчы, друкавалася таксама ў анталёгіі «Галасы з-за небакраю»):

Індыя — не паўвостраў. Хутчэй, мацярык, і ён
мяжуе проста зь Нічым. Ні атляс, ні лексыкон
не прызнаюць, што Ніл — апошні край сьвету ў цэлым
сьвеце. Што зоркі ў небе — проста ночнае шоў
у тэатры Бога. І, мабыць, час не прыйшоў —
мы па-ранейшаму плоскасьць лічым сфэраю. Целам.


(пераклад Андрэя Хадановіча)

Але ў самым экзатычным месцы адбываецца дзеяньне «рамана жахаў» «Маскавіяда» («няхай і гэтага разу яны // ў нас не ўпалююць нічога», — загадзя загаворвае чытача эпіграф з Грыгорыя Чубая). Герой рамана трапляе не кудысьці, а ў інтэрнат маскоўскага Літаратурнага інстытуту, і расказвае пра жахлівыя і не зусім жахлівыя рэчы, якія там зь ім здарыліся, апяваючы канец імпэрыі, дзе прападаюць куфлі, а па гарэлку можна выйсьці толькі праз акно з дапамогай пажарнай лесьвіцы і па дарозе назад загінуць. «Імпэрыя мяняла сваю зьмяіную скуру, пераглядала звыклыя таталітарныя ўяўленьні, дыскутавала, імітавала зьмену законаў ды жыцьцёвага ўкладу, імправізавала на тэму герархіі каштоўнасьцяў. Імпэрыя фліртавала з свабодаю, мяркуючы, што такім чынам зьберажэ абноўленую саму сябе. Але мяняць скуру было ня варта. Яны выявіліся адзінаю. Цяпер, вылезшы з звыклай скуры, старая курва ў пакутах канае». У публічнай лекцыі, якую два гады таму Юрый Андруховіч прачытаў у Кіеве, ён адзначыў, што раман «Маскавіяда» аказаўся прароцтвам: «Украіна для асэнсаваньня Расейскай імпэрыі — гэта краевугольны камень. Без Украіны гэтая імпэрыя можа быць толькі пародыяй на сябе саму. А рабіцца неімпэрыяй Расея пакуль што не гатовая».

Аляксандр Ірванец, «Роўна / Ровно: выбраныя творы», Менск, Зьміцер Колас, 2007 (з украінскай мовы пераклаў Уладзімер Арлоў).

Ужо ў самым пачатку рамана, ці «нібыта рамана», як вызначае яго аўтар, «Роўна/Ровно» Аляксандр Ірванец уражвае чытача дзікай палітычнай сытуацыяй у краіне. З кароткай нататкі, якая цытуецца паводле «нібыта» «Кароткага даведніка эканамічнай геаграфіі Сацыялістычнай Рэспублікі Ўкраіны» (Кіеў, 2002) мы даведваемся, што ў сьвеце існуе ўласна Сацыялістычная Рэспубліка Ўкраіна (у найлепшых традыцыях савецкай абрэвіяцыі — СРУ), а таксама Заходне-Украінская Рэспубліка (ЗУР) і Заходні сэктар РОВНО, частка гораду, якая на ўзор колішняга Бэрліну аддзеленая ад сацыялістычнай краіны мурам і жыве сваім ціхім-мірным капіталістычным жыцьцём. Галоўны герой «нібыта раману» жыхар Заходняга сэктару пісьменьнік Шлойма Эцірван на адзін дзень выпраўляецца ў сацыялістычную частку роднага гораду і раптам ператвараецца ў героя антыўтопіі — гэта яшчэ ня дзіўны новы сьвет Замяціна і не Акіянія Оруэла, але месца, як выяўляецца, таксама даволі непрыемнае. Не настолькі непрыемнае, каб чытач не пасьмяяўся з выступленьняў літаратараў на паседжаньні мясцовага Саюзу пісьменьнікаў, але дастаткова непрыемнае, калі ўспомніць сытуацыю, у якой аказалася цяпер Украіна.

Багдан-Ігар Антоныч, «Элегія пра персьцень песьні», «ПрайдзіСвет», № 4, 2010 (з украінскай мовы пераклала Алена Пятровіч).

У 2011 годзе ў львоўскім выдавецтве «Каменяр» выйшаў дзьвюхмоўны зборнік паэзіі Багдана-Ігара Антоныча «Зялёнае Эвангельле», у якім побач з украінскімі арыгіналамі зьмешчаныя беларускія пераклады вершаў аднаго з самых любімых і суайчыньнікамі, і замежнымі чытачамі ўкраінскага паэта. У зборніку надрукаваныя пераклады Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Сяргея Законьнікава, Васіля Зуёнка, Сяргея Панізьніка, Вячаслава Рагойшы і інш. Цяжка сказаць, ці трапіла гэтае выданьне на паліцы беларускіх, а ня толькі ўкраінскіх кнігарняў (прынамсі, у Нацыянальную бібліятэку Беларусі яно даехала, прычым з аўтографамі ўкладальнікаў) і ці змогуць беларускія чытачы да яго дабрацца, а вось пераклады таго ж аўтара, зьмешчаныя ў часопісе «ПрайдзіСьвет», прачытаць можна ў любым кутку зямлі, дзе ёсьць інтэрнэт.

На старонках «ПрайдзіСьвету» можна знайсьці некалькі падборак вершаў Багдана-Ігара Антоныча, многія зь якіх друкаваліся таксама і ў зборніку «Зялёнае Эвангельле» — у іншых перакладах. Улічваючы, што пераклады гэтыя, у адрозьненьне ад перакладаў адных і тых жа вершаў Тараса Шаўчэнкі, якія ствараліся з істотным інтэрвалам у шмат дзесяцігодзьдзяў, рабіліся амаль адначасова, можна сказаць, што цікавасьць да Антоныча цяпер надзвычай высокая. «Элегія пра персьцень песьні» (http://prajdzisvet.org/text/405-eliehija-pra-pierstsien-piesni.html) — адна са знакамітых элегіяў зборніка «Тры персьцені», — існуе таксама ў двух беларускіх перакладах. У гэтым лірычным вершы няма і ценю трагічных падзеяў ХХ стагодзьдзя, і ўсё ж менавіта ён і іншыя вершы Антоныча — гэта адно з самых важных адлюстраваньняў украінскай літаратуры і таго, чым ёсьць гэты народ.

О смутак, радасны й вялікі,
Сьпічастых словаў зарапад.
Вось месяц — малады музыка
Настройвае, бы скрыпку, сад.
Лятунак лёткі і хімэрны!
Віецца ў цемру ночы шлях.
Не, неба словаў тых ня верне
і не аддасьць назад зямля.

(пераклала Алена Пятровіч)