На Дзень Волі заклікаюць прыходзіць з украінскай сымболікай

Арганізатары шэсьця і мітынгу 25 сакавіка з нагоды Дня Волі — чарговай гадавіны абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі — заклікаюць грамадзян прыходзіць на акцыю з нацыянальнай беларускай і ўкраінскай сымболікай.
Аб гэтым паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 21 сакавіка на прэсавай канфэрэнцыі ў Мінску, якога цытуе БелаПАН:
«Адна з ключавых тэм акцыі — салідарнасьць з Украінай. Мы будзем раздаваць стужачкі ў колерах украінскага і нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга. Заклікаем і саміх грамадзян прыносіць сьцягі, а таксама плякаты і транспаранты, прысьвечаныя абвяшчэньню БНР і адносна агрэсіі Расеі ў дачыненьні да Украіны», — сказаў ён.

Янукевіч таксама паведаміў, што на мітынгу плянуецца прыняць рэзалюцыю аб салідарнасьці з Украінай.

Лідэр аргкамітэта па стварэньні аб’яднаньня «Маладыя хрысьціянскія дэмакраты» Марына Хоміч, якая таксама зьяўляецца заяўнікам акцыі, адзначыла, што ў Менгарвыканкаме зьвярнулі ўвагу на тое, што на акцыі павінна выкарыстоўвацца толькі зарэгістраваная сымболіка, да якой сымболіка стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» не адносіцца:

«Мы заклікаем прыносіць украінскія сьцягі, бо яны сёньня зьяўляюцца большымі антыдыктатарскімі сымбалямі, чым партыйныя сьцягі», — сказала яна.
Збор удзельнікаў акцыі пачнецца ў 18.00 каля кінатэатра «Кастрычнік», затым адбудзецца шэсьце па праспэкце Незалежнасьці і вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, дзе з 19.30 да 20.00 плянуецца мітынг.