Кішэні беларусаў вывернуць яшчэ больш

Леў Марголін

Інфляцыя ў Беларусі за люты склала 2,0%. Такія дадзеныя зьявіліся на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Там жа сьцьвярджаецца, што ад пачатку году інфляцыя ўзрасла на 3,6%.
«Гэта вельмі многа», — камэнтуе для Свабоды названыя лічбы эканаміст, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін:

«Калі пералічыць гэтыя лічбы з прыцэлам на ўвесь сёлетні год, то атрымаецца болей за 20% інфляцыі. Але ж улады ставілі нашмат больш амбітную для сябе задачу — ня болей за 12% гадавых.

Звычайна першы месяц любога году ў нас бывае ўдарны па росьце тэмпаў інфляцыі. Гэта тлумачыцца тым, што, як правіла, кошты, асабліва на паслугі, падвышаюцца з 1 студзеня.

А вось што тычыцца лютага, то гэта сытуацыя незвычайная. А калі ўлічыць, што ў 2014 годзе будзе кожны квартал праводзіцца індэксацыя жыльлёва-камунальных паслугаў, то, я думаю, мы сутыкнемся зь вельмі вялікай інфляцыяй».

Адзін з асноўных фактараў, якія нэгатыўна ўплываюць на інфляцыю, — гэта слабы экспарт беларускіх тавараў,— адзначае эканаміст Марголін:

«У студзені ён параўнальна са сьнежнем мінулага году склаў толькі 82,9%. Улады апраўдваюць такое вялікае зьніжэньне спэцыфікай студзеня. Маўляў, і ў нас былі выходныя, і Расея не працавала два тыдні. Але ж насамрэч ня гэта галоўнае. Скарачаецца попыт на прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў — і ў нашай краіне, і ў Расеі.

А па-другое, многім прадпрыемствам не хапае абаротных сродкаў. А крэдыты вельмі дарагія. Дайшло да таго, што некаторыя заводы адмаўляюцца ад заказаў, таму што ня маюць грошай на набыцьцё сыравіны. І гэта ўжо не асобныя выпадкі, а пэўная тэндэнцыя, трэнд.

Зьявіліся афіцыйныя дадзеныя за першыя два месяцы па вытворчасьці. Яны паказваюць, што беларускую эканоміку ахоплівае ня проста стагнацыя. Пачынаецца спад. Адбываецца тое, што мы прадказвалі яшчэ летась».