У Севастопалі расейскія вайскоўцы захапілі тэлекампанію

У Севастопалі расейскія вайскоўцы захапілі тэлерадыёкампанію Мінабароны Ўкраіны «Брыз».
Як паведаміў у Фэйсбуку кіраўнік Цэнтра ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітрый Цімчук, «захопнікі прапануюць вайскоўцам і цывільным супрацоўнікамі вырашыць, ці хочуць яны працаваць у мэдыя-цэнтры Чарнаморскага флёту Расеі, які будзе створаны на базе «Брыз».

Сёньня ж намесьнік старшыні самаабвешчанага ўраду Крыму Рустам Тэміргаліеў заявіў «Інтэрфаксу», што сілы «самаабароны» кантралююць больш за палову ўкраінскіх вайсковых частак на паўвыспе.

Сёньня міністар сацыяльнай палітыкі Ўкраіны Людміла Дзянісава заявіла ў эфіры расейскага тэлеканалу «Дождж», што жаданьне пакінуць Крым выказалі ўжо 25 тысяч чалавек. Паводле яе, дзейнічае штаб па дапамозе сем’ям, якія пераяжджаюць у іншыя вобласьці Ўкраіны.

Раніцай — пасьля ўчорашняга ультыматуму Кіева — у Крыму былі вызваленыя камандуючы ВМС Украіны Сяргей Гайдук і яшчэ сямёра грамадзкіх актывістаў і вайскоўцаў, адзін зь якіх паранены. Паводле інфармацыі карэспандэнта ўкраінскай службы Радыё Свабода, сярод вызваленых — і выкрадзеныя 9 сакавіка лідэры ўкраінскай грамады ў Крыму Анатоль Кавальскі і Андрэй Шчакун.