Бацькі школьнікаў просяць усталяваць памежны кантроль з Расеяй з-за “спайсаў”

Бацькі дзяцей беларускамоўнай гімназіі просяць усталяваць памежны кантроль з Расеяй — баяцца наркатрафіку.
Падставай для звароту стала занепакоенасьць бацькоў некантраляваным пранікненьнем праз расейска-беларускую мяжу вялікай колькасьці наркатычных і псыхатропных рэчываў. Толькі за апошні час у Беларусі ад ужываньня так званых «спайсаў» загінула 7 маладых людзей.

На агульным бацькоўскім сходзе ў гімназіі № 23 адзін з бацькоў Юры Беленькі ініцыяваў падпісаньне звароту да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

«Апошнім часам у Беларусі назіраецца такая страшная зьява як гібель і страта здароўя дзяцей і падлеткаў у выніку ўжываньня сынтэтычных наркотыкаў. Як вядома, гэтыя наркотыкі прывозяцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у асноўным з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі — краіна, зь якой Рэспубліка Беларусь ня мае мяжы з пагранічным і мытным кантролем.

Просім вас тэрмінова прыняць заканадаўчыя акты, накіраваныя на ўсталяваньне строгага памежнага і мытнага кантролю на беларуска-расейскай мяжы».




Юры Беленькі, які таксама зьяўляецца в.а. старшыні КХП БНФ, кажа, што пад зваротам ужо падпісалася каля двух дзясяткаў чалавек.

Міністэрства ўнутраных спраў афіцыйна прызнае, што асноўнай краінай-пастаўшчыком наркотыкаў і псыхатропаў у Беларусь для ўнутранага збыту зьяўляецца Расейская Фэдэрацыя.

У аналітычным аглядзе за 2013 год Упраўленьне па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі МУС Беларусі паведамляе, што з тэрыторыі Расеі «ўвозяцца ня толькі „традыцыйныя“ для дадзенага рэгіёна гераін і мэтадон, але таксама гашыш, амфэтамін і іншыя псыхатропныя рэчывы новага пакаленьня, якія раней актыўна пастаўляліся з краін Балтыі і Польшчы.
Адным з фактараў, які выклікаў дадзеную тэндэнцыю, зьяўляецца ўваходжаньне Рэспублікі Беларусь у Мытны зьвяз».

У той жа час, адзначае агляд, праз Беларусь у краіны Мытнага зьвязу трапляе амфэтамін, марыхуана і гашыш.