Турчынаў упаўнаважыў Яцанюка падпісаць палітычную частку асацыяцыі з ЭЗ

Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта, старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандар Турчынаў ўпаўнаважыў сёньня прэм'ер-міністра Арсеня Яцанюка падпісаць палітычныя разьдзелы пагадненьня аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам.
Гэтыя часткі пагадненьня, як чакаецца, будуць падпісаны ў часе пасяджэньня Эўрапейскага савету (саміту ЭЗ) заўтра і пасьлязаўтра.

Эканамічныя часткі гэтага пагадненьня, якія, у прыватнасьці, вызначаюць асновы функцыянаваньня зоны свабоднага гандлю паміж Украінай і ЭЗ, як мяркуюць, будуць падпісаныя гэтай восеньню, хутчэй за ўсё, да лістапада.

Між тым ЭЗ плянуе ў бліжэйшыя тыдні ўвесьці аднабаковыя крокі, якія часов , да падпісаньня эканамічных разьдзелаў пагадненьня, дадуць Украіне частку прадугледжаных імі прэфэрэнцый.

Эўрасаюз таксама заяўляў, што пасьля падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі часткі яе набудуць моц адразу, яшчэ да ратыфікацыі гэтага пагадненьня.