Напад дэпутата на кіраўніка тэлевізіі ў Кіеве выклікаў скандал

Ігар Мірашнічэнка

Лідэр партыі «Свабода» Алег Цягнібок раскрытыкаваў паводзіны свайго аднапартыйца Ігара Мірашнічэнкі ў кабінэце в.а. старшыні Нацыянальнай тэлекампаніі Ўкраіны і заявіў, што аднапартыец гатовы бараніцца ў судзе.
Учора народныя дэпутаты ад усеўкраінскага аб'яднаньня «Свабода», сярод якіх былі, у прыватнасьці, Ігар Мірашнічэнка, Багдан Бенюк і Андрэй Ільленка, сілай прымусілі выканаўцу абавязкаў прэзыдэнта Нацыянальнай тэлекампаніі Ўкраіны Аляксандра Панцеляймонава напісаць заяву аб звальненьні. Свае дзеяньні яны зафіксавалі на відэа.

Цягнібок распавёў, што размаўляў зь Мірашнічэнкам з гэтай нагоды.

Паводле лідэра «Свабоды», Ігар Мірашнічэнка «гатовы добраахвотна зьняць зь сябе дэпутацкую недатыкальнасьць і адстойваць сваю правату перад судом. А таксама перад грамадзтвам».

«Калі ўчора такія мэтады былі апраўданыя (напрыклад, захоп адміністрацыяў і прымус чыноўнікаў крывавага рэжыму пад ціскам народу пісаць заяву на звальненьне, што «Свабода» рабіла яшчэ задоўга да Майдану), то цяпер яны недарэчныя», – кажа Цягнібок.

Разам з тым ён заклікаў «грамадзтва не кіравацца эмоцыямі ў жаданьні хуткай расправы над свабодаўцамі».

Неадкладнага расьсьледаваньня інцыдэнту запатрабавала ў адмысловай заяве праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя».

«Дзіўна, што ў гэтым нападзе браў удзел сябра парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях свабоды слова. Дзейныя ўлады мусяць паслаць сыгнал, што такія паводзіны ва Ўкраіне недапушчальныя, – заявіла Хідэр МакГіл, дасьледнік «Міжнароднай амністыі» ва Ўкраіне. – Гэтае грубае парушэньне свабоды выказваньняў мусіць быць неадкладна расьсьледаванае, і адказныя мусяць быць аддадзеныя пад суд. Больш мяккая рэакцыя толькі расчыніць дзьверы перад новымі нападамі на прафэсійных журналістаў і актывістаў. Дзейныя ўкраінскія ўлады мусяць, ня трацячы часу, прадэманстраваць, што ва Ўкраіне бароняцца фундамэнтальныя правы чалавека, і што ніхто ня можа быць дыскрымінаваны з прычыны палітычных поглядаў або этнічнага паходжаньня».

Сёньня в.а. генпракурора Алег Махніцкі паабяцаў «даць аб'ектыўную ацэнку дзеяньням свабодаўцаў».