«Стоп Майдан» ужо і ў Волагдзе

Алег Куўшыньнікаў, губэрнатар Валагодзкай вобласьці

Губэрнатар Валагодзкай вобласьці ініцыяваў пракурорскую праверку знакамітага жартоўнага ліста з просьбай увесьці ў вобласьць войскі.
У пачатку сакавіка кіраўнік інфармацыйнага холдынгу «Прэм'ер» і галоўны рэдактар аднайменнай газэты Раман Раманенка апублікаваў у Facebook зварот да Ўладзімера Пуціна. У ім ён заклікаў прэзыдэнта ўвесьці войскі ў Валагодзкую вобласьць, таму што там ушчамляюць правы мясцовых жыхароў.

Раман Раманенка пісаў: «Мы тут усе запар рускамоўныя, і нашы правы вельмі ўшчамляюцца. Нашы хворыя ня могуць атрымаць патрэбных ім лекаў і лячэньня, узровень нашай адукацыі падае з кожным годам, зачыняюцца дзіцячыя сэкцыі і гурткі, сельская гаспадарка практычна зьнішчана. Мы ўсе вельмі пакутуем.

А яшчэ мы даведаліся, што вы зьбіраецеся выдаткаваць шмат грошай, каб нармалізаваць жыцьцё ў Крыме. Саромеемся запытацца: ці можна выдаткаваць гэтыя грошы на нармалізацыю жыцьця ў Валагодзкай вобласьці? А тое наша вобласьць у такой пазыковай яме, што ні на што грошай не хапае. А нам вельмі патрэбныя масты, дарогі, спартыўныя збудаваньні, прамысловыя аб'екты, новыя працоўныя месцы...»

Толькі ў самым Фэйсбуку ліст быў перадрукаваны амаль 3,5 тысячы разоў, яго актыўна абмяркоўвалі ў расейскіх і замежных СМІ. У некалькіх рэгіёнах, напрыклад, у Цьвярской або Яраслаўскай абласьцях, зьявіліся аналягічныя звароты.

А ў пачатку гэтага тыдня, вярнуўшыся з адпачынку, Раманенка атрымаў запрашэньне ў пракуратуру. Праўда, гаворка ідзе не пра крымінальную справу, а пра пракурорскую праверку, распавёў ён. Для яго найбольш дзіўным стаў ініцыятар праверкі:

– Гэта было запрашэньне. Я мог бы і не хадзіць, але мне проста стала цікава, што мне могуць прышыць за даволі бяскрыўдны жарт. Таму я схадзіў на гэтую сустрэчу, пагаварыў са сьледчым пракуратуры, ён мне распавёў, што вядзецца пракурорская праверка па заяве грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі. Я спытаў, якога грамадзяніна, і мне сказалі, што гэта губэрнатар Валагодзкай вобласьці Куўшыньнікаў Алег Аляксандравіч. Я, вядома, быў моцна зьдзіўлены. На жаль, мне не паказалі заяву, паабяцаўшы гэта зрабіць толькі пасьля таго, як гэтая праверка будзе скончана, гэта значыць, празь месяц. Потым мы паўтары гадзіны займаліся даволі ўтомнай справай – я спрабаваў растлумачыць сэнс жарту: каго я меў на ўвазе, якія ў мяне ёсьць факты і дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што ня ўсё ў парадку з аховай здароўя, сельскай гаспадаркай і гэтак далей. Мне падалося, што супрацоўнікі пракуратуры былі настроеныя даволі інтэлігентна, я ніякай агрэсіі зь іх боку не адчуў.

Адно з магчымых тлумачэньняў пракурорскай праверкі – незадаволенасьць губэрнатара газэтай «Прэм'ер». За апошні час у газэце зьявілася некалькі артыкулаў, якія так ці інакш закранаюць Алега Куўшыньнікава – напрыклад, аб выдатках на яго пералёты або дарагі рамонт у будынку абласнога ўраду, тлумачыць Раманенка:

– Ёсьць канфлікт, які ў публічнай сфэры не праяўляецца, але ён існуе. У нас былі некаторы час таму палітычныя публікацыі на адрас губэрнатара, і розныя людзі, зь якімі я маю зносіны, распавялі мне, што губэрнатар вельмі моцна пакрыўджаны. І жартоўны зварот да прэзыдэнта, мабыць, узмацніў гэтую крыўду.

Акрамя таго, пакуль Раман Раманенка быў у адпачынку, невядомыя размалявалі надпісамі дзьверы яго кватэры. Пры гэтым адно з інфармацыйных агенцтваў гораду даведалася аб тым, што здарылася, раней за яго самога, кажа Раман:

– Я толькі што вярнуўся, у гэтай кватэры яшчэ нават не пасьпеў пабываць. З навін інфармацыйнага агенцтва, якое, скажам так, блізкае да ўлады, я даведаўся пра тое, што ў мяне, аказваецца, расьпісаныя дзьверы, і журналісты туды ўжо пасьпелі дабегчы і аднекуль пасьпелі даведацца, што гэта мая кватэра. Там было напісана «Стоп Майдан», перакрэсьленая свастыка, а зараз мы туды выклікалі праваахоўныя органы, і яны знайшлі ўлёткі ў паштовых скрынях, вельмі сьмешныя. Жыхарам дому паведамляецца, што «ў вашым доме жыве львоўская паскуда, якая падтрымлівае Захад у разбурэньні Ўкраіны. Будзьце асьцярожныя, кватэра ўкраінца-габрэя Раманенкі можа стаць кансьпіратыўнай кватэрай для ўкраінскіх патрыётаў».

Агенцтва «СеверИнформ», якое першым разьмясьціла фатаграфіі сьпісаных дзьвярэй, цытуе неназваную крыніцу ў праваахоўных органах. «Насельніцтва Волагды амаль аднагалосна падтрымлівае пазыцыю кіраўніцтва краіны па Ўкраіне, а графіці на дзьвярах журналіста – прамы адказ на цынічны самапіяр спадара Раманенкі, які меў месца ў такой цяжкі для Расеі момант», – прыводзіць словы неназванага праваахоўніка сайт агенцтва.

На думку самога Рамана Раманенка, ліст быў успрыняты ў горадзе добра:

– Усе ўспрынялі яго на ўра, гэта было вельмі папулярна ў Волагдзе. Але былі і абвінавачваньні, што гэта правакацыйная заява, правакацыйны пост. І мы, калі праводзілі эфір на гэтую тэму на радыё «Прэм'ер», зладзілі апытаньне. Мы спыталі людзей, ці падпісаліся б яны пад гэтым лістом. 82 %, а прагаласавала больш за тысячу чалавек, сказалі, што яны гатовыя падпісацца пад такім лістом, таму я не лічу яго правакацыйным. Мабыць, ён таму і стаў такім папулярным, што трапіў у нейкую болевую кропку.

Два тыдні таму журналіст Аляксандар Ярэнка перапосьціў зварот Раманенкі ў сябе на старонцы, замяніўшы Волагду на Перм. Як паведаміла «Рэха Пярмі», ужо празь некалькі гадзін пасьля гэтага ён быў звольнены з агенцтва «Уралінформ».