Байдэн: Анэксія Крыму — звычайны «захоп зямлі»

Джо Байдэн і Дональд Туск

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн асудзіў анэксію Крыму Расеяй, заявіўшы, што гэты акт — «ні што іншае, як захоп зямлі».
Байдэн сказаў гэта падчас супольнай прэс-канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам у Варшаве.

Байдэн сказаў яшчэ, што ізаляцыя Расеі на міжнароднай арэне будзе толькі ўзрастаць і што Масква сутыкнецца з дадатковымі санкцыямі ЗША і Эўразьвязу, калі зробіць наступныя крокі па анэксіі Крыму.

Гэты камэнтар Байдэна прагучаў неўзабаве пасьля таго, як прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і крымскія лідэры падпісалі ў Маскве дамову ад далучэньні Крыму і гораду Севастопалю да Расейскай Фэдэрацыі.

Байдэн у Варшаве таксама пацьвердзіў абавязаньні Злучаных Штатаў у рамках калектыўнай абароны ўсіх краінаў НАТО:

«Прывяло нас сюды амаль неверагоднае разьвіцьцё падзей ва Ўкраіне. Прэзыдэнт Барак Абама папрасіў мяне прыехаць у Варшаву сёньня, каб пацьвердзіць ўрачыстыя абавязаньні Злучаных Штатаў ў рамках НАТО і правесьці кансультацыі з кіраўнікамі Польшчы аб сытуацыі ва Ўкраіне».

Байдэн таксама пацьвердзіў прыхільнасьць Вашынгтону да стварэньня сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Польшчы да 2018 году.

Байдэн паведаміў, што яны з Тускам таксама абмяркоўвалі магчымасьць рэвэрсіўных паставак газу з Польшчы ва Ўкраіну «ў выпадку неабходнасьці».