«Народны рэфэрэндум» сабраў 50 тысяч подпісаў

Прадстаўнікі палітычных партыяў і дэмакратычных ініцыятываў — руху «За свабоду», «Гавары праўду», Беларускага народнага фронту, БСДГ аб’ядналіся ў кампанію «Народны рэфэрэндум» і ўжо сабралі 50 тысяч подпісаў.
Ініцыятары рэфэрэндуму прапанавалі адказаць на 6 пытаньняў, кшталту: «Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі павінны аказвацца бясплатна? Што кіраўнікі абл-, гарвыканкамаў павінны абірацца? Ці згодныя вы, што адзін чалавек ня можа займаць пасаду прэзыдэнта больш як два тэрміны?», а таксама пра інтэграцыю і бязьвізавы рэжым з Эўразьвязам. Як ішоў збор подпісаў, чаго дамагліся ініцыятары?

На думку лідэра грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Ўладзімера Някляева, ідэя народнага рэфэрэндуму — адзіны шлях, які прапануе народу, дзяржаве выйсьце з той сытуацыі, у якой апынулася Беларусь:

«Гэта значыць — трансфармацыя ўсіх частак улады, рэформы палітычныя, рэформы эканамічныя мірным (я падкрэсьліваю — мірным) шляхам».

Першы этап збору подпісаў за правядзеньне рэфэрэндуму супаў з кампаніяй вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў, і гэта крыху палегчыла працу ініцыятыўных груп. Але збор подпісаў супаў і з разгарам драматычных падзеяў ва Ўкраіне, працягвае Ўладзімер Някляеў:

Уладзімер Някляеў

«Практыка збору подпісаў, досьвед, які мы там займелі, кажа пра што: што ўладзе на сёньняшні дзень удалося скарыстаць падзеі ва Ўкраіне, вакол Крыму для нагнятаньня страху, для напампоўваньня страху ў грамадзтве: «Вось калі вы будзеце зноў патрабаваць нейкіх пераменаў, якіх патрабавалі на Майдане, вы займееце свой Майдан, а з гэтым займееце кроў, сьмерць і вайну».

Таму кожнаму даводзілася тлумачыць, у чым мэта «Народнага рэфэрэндуму». І подпісы пастаўленыя людзьмі, якія ўсьведамляюць сытуацыю і разумеюць, чаго яны хочуць. Сябра ініцыятыўнай групы з Воршы Алесь Шутаў распавёў, як давялося размаўляць зь людзьмі:

«Ёсьць жа два варыянты разьвіцьця сытуацыі ў грамадзтве, два варыянты зьмены ўлады. Можна шляхам эвалюцыйным, можна шляхам рэфэрэндуму, які мы прапануем. А можна тым шляхам, якім зьмянілася сытуацыя ва Ўкраіне. Як вы думаеце, які варыянт больш прымальны для нашага грамадзтва? Пытаньне, вядома, рытарычнае. Для ўсіх відавочна, што альтэрнатывы спробам эвалюцыйна-дэмакратычным шляхам зьмяніць сытуацыю ў грамадзтве няма. Галоўнае, каб гэта дайшло да ўладаў. Я думаю, што досьвед Віктара Фёдаравіча Януковіча можа быць здольны зьмяніць сьветапогляд і нашага кіраўніцтва».

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуў увагу найперш на эканамічную незалежнасьць, наладжваньне дыялёгу і сьвядомасьць грамадзтва. Сёньня эканамічная залежнасьць ад Масквы катастрафічная. Каб зьменшыць гэтую залежнасьць, Беларусі перш за ўсё патрэбны добрыя адносіны з ЭЗ, бо тэхналёгіі, мадэрнізацыя прыйдуць адтуль, і альтэрнатывы гэтаму няма. Па-другое, на думку спадара Мілінкевіча, вельмі важна, каб у краіне быў дыялёг:

Аляксандар Мілінкевіч

«Без дыялёгу паміж уладай і грамадзтвам будзе супрацьстаяньне, якое абавязкова будзе выходзіць на плошчу. Гэта ўлада можа справакаваць Плошчу. І ня толькі карупцыя можа справакаваць Плошчу.

І калі мы кажам пра наш рэфэрэндум, гэта прапанова іншай формы размовы ў грамадзтве. Не праз папрокі, не празь ярлыкі ўзаемныя, а перш за ўсё праз боль пра краіну, праз думкі пра краіну і дзеяньні на карысьць краіны.

Па-трэцяе, будзем мы самастойнымі ці не — надзвычай залежыць ад стану грамадзтва. Сёньня яно пад узьдзеяньнем расейскай прапагандысцкай машыны. У нас, на шчасьце, няма постімпэрскага сындрома. Але нам вельмі важна, каб беларусы ўсьведамлялі, што адбываецца ў нашым рэгіёне, ва Ўсходняй Эўропе. І рэфэрэндум можа таксама ў гэтым дапамагчы, таму што рэфэрэндум — гэта дыскусія».

Рэфэрэндум, на думку Мілінкевіча, паслужыць яшчэ пэўнай кансалідацыі тых, каму не абыякава, хто разумее, што ўсё залежыць ад саміх беларусаў, а не ад Вашынгтона, Брусэля ці Масквы.

Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што людзі больш баяцца пераменаў, чым прагнуць іх, баяцца нестабільнасьць, вайны. Але ўкраінскія падзеі даюць магчымасьць гаварыць зь людзьмі па-іншаму, чым некалькі месяцаў таму:

Аляксей Янукевіч

«Сапраўды, людзі знаходзяцца пад узьдзеяньнем расейскай прапаганды. Але калі пачынаецца гутарка і мы кажам, што Расея апынаецца ў ізаляцыі, Расея будзе губляць свой эканамічны патэнцыял — з-за таго, што яны ўрываюцца зараз у Крым, Захад спыняе зь імі супрацоўніцтва. І тая мадэль у Беларусі, якая грунтуецца перадусім на дапамозе з боку Расеі, яна ня будзе дзеяздольная. Ці мы гатовыя пайсьці на дно разам з расейскай эканомікай? І людзі пагаджаюцца, што — не. Людзі не гатовыя пайсьці на дно з гэтым расейскім „Тытанікам“. А каб не пайсьці на дно, патрэбныя рэформы».

Уладзімер Някляеў паабяцаў, што ініцыятары «Народнага рэфэрэндуму» дойдуць з сабранымі подпісамі до кожнага дэпутата і давядуць да народных абраньнікаў, што 50 тысяч іх выбарцаў патрабуюць зьменаў. А наагул мэта — сабраць 500 тысяч подпісаў.

Усе ўдзельнікі кампаніі «Народны рэфэрэндум» будуць дамагацца, каб на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году апазыцыя вылучыла адзінага кандыдата.