Драздоўскі: Наймацнейшы жэст Паралімпіяды — самотныя ўкраінскія сьцяганосцы

Падчас адкрыцьця Паралімпійскіх гульняў

У Сочы завяршыліся ХІ Паралімпійскія гульні. Імпрэза адбывалася на тле вострага палітычнага крызысу ў рэгіёне: гаспадыня спаборніцтваў — Расейская Фэдэрацыя — у гэты ж час ажыцьцяўляла анэксію Крыму, часткі незалежнай і сувэрэннай Украіны.
Тым самым Расея парушыла асноватворны алімпійскі прынцып, згодна зь якім на час гульняў павінны спыняцца ўсе войны. Зрэшты, падчас летняй Алімпіяды ў Пэкіне 2008 году Масква таксама распачала агрэсію — супраць Грузіі. Як рэагавала на інтэрвэнцыю ўкраінская зборная і чый бок заняла каманда Беларусі — высьвятляў Ігар Карней.

Удзел паралімпійцаў Украіны ў гульнях да апошняга заставаўся пад пытаньнем. Як заяўлялі кіраўнікі місіі, па вялікім рахунку расейская агрэсія вымагала байкоту, аднак урэшце пастанавілі не здымацца са стартаў, а штодня нагадваць сьвету пра недапушчальнасьць агрэсіўных захадаў Масквы. Спартовая злосьць дала плён — у агульнай колькасьці ўзнагародаў зборная Ўкраіны фінішавала другой, сьледам за Расеяй. Прэзыдэнт Паралімпійскага камітэту Ўкраіны Валер Сушкевіч лічыць, што іхні голас быў пачуты:

Валеры Сушкевіч

«Калі мае аднадумцы, мая каманда, спартоўцы, трэнэры, лекары, мэнэджэры, масажысты ішлі па паралімпійскай вёсцы і абвяшчалі лёзунг „Украіне — мір!“ мы назіралі вельмі паказальную сытуацыю. Валянтэры, якія стаялі па баках, людзі, якія былі ў алімпійскай вёсцы, проста мінакі крычалі разам з намі тое ж самае, крычалі пра мір. Не было ніводнага чалавека, абыякавага да таго, што мы прасілі для сябе і іншых падчас Паралімпійскіх гульняў. Я ня веру, што сёньня хто-небудзь не разумее каштоўнасьці і важнасьці гэтага лёзунгу. Ад моманту падняцьця дзяржаўнага сьцягу каманда Ўкраіны была ў адзіным парыве ўдзелу ў лёсе краіны, удзелу ў лёсе паралімпійскага руху і аб’яднаньня каштоўнасьцяў міру і паралімпізму тут, у Сочы».

Цягам паўтара тыдня «жоўта-блакітныя» нязьменна прыцягвалі да сябе ў Сочы ці не галоўную ўвагу. На цырымонію адкрыцьця на знак пратэсту каманда выйшла ў асобе толькі аднаго сьцяганосца, біятляніста Міхайлы Ткачэнкі. Такая ж сытуацыя паўтарылася ўчора, падчас закрыцьця. Дарэчы, арганізатары паказалі сябе зусім не з дэмакратычнага боку: ад адзінай украінскай прадстаўніцы, лыжніцы Людмілы Паўленкі, запатрабавалі зьняць стужачкі з надпісамі «мір» і «peace», якія яна ўпляла ў вянок, а таксама сарваць аналягічныя надпісы з майкі. Толькі пасьля таго, як за яе заступіліся калегі зь іншых камандаў, а сама яна прыгразіла байкотам цырымоніі, украінка выехала на парад.

Апроч таго, падчас уручэньня ўзнагародаў украінскія спартоўцы, стоячы на п’едэстале, закрывалі рукамі мэдалі, а афіцыйная дэлегацыя Паралімпійскага камітэту Ўкраіны праігнаравала сустрэчу, якую ладзіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.

Цягам 10 дзён за паралімпійскімі спаборніцтвамі назіраў каардынатар Офісу па правах людзей з інваліднасьцю, інвалід-вазочнік Сяргей Драздоўскі. Праз тэлефон з Сочы ён распавёў пра ўласныя ўражаньні ад праяваў украінскай салідарнасьці:

Сяргей Драздоўскі

«Быў магутны жэст, калі на парадзе, дзе выходзіла па 50 удзельнікаў, выйшаў адзін чалавек са сьцягам (учора гэта яшчэ суправаджалася скандалам). Гэта рэальны жэст, які ўбачылі ўсе і дзякуючы якому стала цалкам зразумелая іх пазыцыя. Бо проста не прыйсьці — пэўна, толькі сапсавала б адчуваньне, што людзі змагаюцца за саміх сябе і за сваю свабоду. І калі яны прымалі рашэньне выступаць, дык адназначна казалі: будзем змагацца за мэдалі і менавіта ўзнагародамі пакажам, хто мы і што мы. Што і здарылася, бо Ўкраіна выступіла вельмі пасьпяхова. Так, усе ў Сочы гавораць пра Ўкраіну, але дзіўна, што пры гэтым размаўляць наўпрост з украінцамі баяцца. Вельмі добра, і шмат, і шырока абмяркоўваюць украінскую праблему, але з самімі ўкраінцамі гаварыць ніхто ня хоча. І гэта ці ня самы паказальны факт. Бо калі паралімпійцы выканалі свой спартовы абавязак, то застаецца пытаньне да арганізатараў, якія на час гульняў абавязаныя спыняць любыя канфлікты, спыняць нават намеры ў той бок. А тое, што адбывалася, мякка кажучы, дзіўна».

Адрозна ад каманды Ўкраіны, у актыве якой 25 мэдалёў, беларусы гэтым разам прадэманстравалі досыць сьціплы вынік — тры ўзнагароды супраць дзевяці, здабытых чатыры гады таму ў Ванкувэры. Дзьве бронзы на рахунку 34-гадовага біятляніста Васіля Шапцябоя, яшчэ адну заваявала 45-гадовая лыжніца Ядвіга Скарабагатая. Для Шапцябоя гэта сёмая Паралімпіяда, для Скарабагатай — пятая, што сьведчыць пра адсутнасьць канкурэнтаў, якія б падціскалі ззаду. Упершыню бяз подыюму засталася шматразовая паралімпійская чэмпіёнка Людміла Ваўчок, якая перад ад’ездам у Сочы ў інтэрвію Свабодзе наракала на маральна састарэлыя падыходы да падрыхтоўкі атлетаў. Пра хібы беларускага паралімпізму — Сяргей Драздоўскі:

«Пра праблемы ў паралімпійскім спорце яшчэ напярэдадні Паралімпіяды гаварыла Людміла Ваўчок. У яе словах дастаткова ясна прагучаў шэраг момантаў, якія паказваюць: наш паралімпійскі спорт, на вялікі жаль, застаўся ва ўчорашнім дні. Тое, што я ўбачыў тут, дык Паралімпіяда вельмі значна прафэсіяналізавалася, па шмат якіх паказьніках яна набліжаецца да звычайнага спорту. І гэта тычыцца ня толькі здольнасьцяў спартоўцаў, гэта, хутчэй, тычыцца цэлай спадарожнай сыстэмы. То бок сыстэмы забесьпячэньня, сыстэмы падрыхтоўкі, нават сыстэмы саміх спаборніцтваў. Вядома ж, у такой сытуацыі, калі табе даводзіцца змагацца з сыстэмай, усё больш складана выцягваць перамогі толькі фізычнымі ці спартовымі дадзенымі. Таму складана казаць, што нашы спартоўцы падкачалі. Я б казаў пра тое, што ім усё цяжэй і цяжэй нешта выцягваць ва ўмовах, якія імкліва зьмяняюцца».

Людміла Паўленка на закрыцьці Паралімпійскіх гульняў



У той час як Паралімпійскія камітэты многіх краінаў публічна выказалі салідарнасьць з Украінай, адмовіўшыся ад урачыстага банкету, наладжанага ад імя прэзыдэнта Пуціна (у іх ліку Нямеччына, Аўстрыя, Нарвэгія ды іншыя), афіцыйныя прадстаўнікі беларускай каманды ніяк не акрэсьлілі стаўленьня да ўкраінскіх падзеяў: цалкам трымаліся распарадку, распрацаванага арганізатарамі.