«Я ня ўмею па-ўкраінску, але для іх я ўсё адно фашыст-бандэравец»

Што звычайна прыходзіць на розум маладому беларусу, калі ён думае пра паўднёвую суседку Беларусі — Украіну? Сала, хахлы, куча знаёмых, Криївка, Кіеў, Крым, чорнае мора.... Стоп, стоп, стоп! Усё гэта было яшчэ да лістапада мінулага года. Цяпер, напэўна, першыя словы, якія прыходзяць да галавы: «Кіеў, Майдан, нябесная сотня, беспарадкі, рэвалюцыя, Расея, Пуцін, Крым, цітушкі, рэфэрэндум, інфармацыйная вайна»...

Так, у апошні час, пра сытуацыю ва Ўкраіне было сказана нямала. Нездарма, у гэтым годзе, па дадзеных рэсурсу Trendsmap, які спэцыялізуецца на ўдасканаленьні асноўных трэндаў ў папулярным сэрвісе мікраблогаў Twitter, падчас цырымоніі ўручэньня амэрыканскай кінаакадэміяй прэстыжнай прэміі «Оскар» карыстальнікі ўсяго сьвету больш цікавіліся апошнімі навінамі ва Ўкраіне, чым падзеямі, якія адбываюцца на чырвонай дарожцы ў Лос-Анжэлесе.

Падчас інфармацыйнай вайны я вырашыў сам разабрацца ў існай сытуацыі і пры дапамозе сацыяльных сетак апытаць маладых людзей з розных частак Украіны, што яны думаюць аб сытуацыі і як яны бачаць яе будучыню, хто як не яны, без мэдыйных фільтраў, могуць падзяліцца меркаваньнем аб тым, што адбываецца, і распавесьці, якой яны бачаць будучыню сваёй краіны?

Наталя. 35 гадоў. Мэнэджэр Call Center ў міжнароднай кампаніі. Львоў.

Гісторыя нікога ня вучыць, а мазгі рэдкія і ў меншасьці.

Крым — у іх там накіпела, і цяпер яны карыстаюцца магчымасьцю, што цалкам вытлумачальна. Дэпрэсія ва ўсіх, ня толькі ў блізкіх, невядомасьць усіх палохае. З эканомікай — поўная бяда, краіну разбурылі за некалькі месяцаў, а расплачвацца будуць усе. Далей — хто яго ведае. Каму вайна, каму — маці родная. Нажывуцца зацікаўленыя, пакараюць невінаватых, узнагародзяць недатычных. Краіна будзе даведзеная да галечы і, як слабое зьвяно, будзе залежная ад усіх ды пакінутая на разрабаваньне, слабая краіна выгадная ўсім. Самае прыкрае, што, як аказалася, наш народ непісьменны пагалоўна. Гісторыя нікога ня вучыць, а мазгі рэдкія і ў меншасьці.

Андрэй. 26 гадоў. Фотограф. Львоў

Гэта крыўдна, балюча і непрыемна.

Мне вельмі шкада нашых хлопцаў, на якіх 20 гадоў ніхто не глядзеў, якія жывуць у інтэрнатах па 4-6 чалавек у пакоі, якіх цяпер Кіеў афіцыйны, па сутнасьці, кінуў. Але я ганаруся, што яны знаходзяць сілы трымацца, ня весціся на правакацыі і бяз зброі супрацьстаяць тысячам вайскоўцаў РФ, якія знаходзяцца цяпер у Крыме. Я ня веру, што ў такой сытуацыі крымскі рэфэрэндум, які быў скліканы без усялякай на тое прамой неабходнасьці, пад рулямі стрэльбаў і БТР-аў будзе колькі-небудзь легітымным і адэкватным. Гэта крыўдна, балюча і непрыемна.

Аліна, 21 год, родны горад Нікалаеў, 5 гадоў вучыцца ў Кіеве

Расейцы ставяць у Крыме свае сьцягі і паводзяць сябе як дома

Не магу сказаць, што я падтрымлівала Майдан, там таксама шмат сваіх схаваных момантаў і шмат хлусьні ў СМІ. Адно магу сказаць, так больш жыць было нельга. І калі гэта прывяло да адхіленьня той улады, значыць гэта было недарма. Іншая праблема, ад гэтых пазбавіліся, а каго выбіраць цяпер? На жаль, мэта ў іх там ўсіх адна, улада і грошы. Эканоміку трэба ратаваць, працягваць працаваць, але тут іншая праблема, войскі іншай краіны акупуюць нашую зямлю. І тут ужо праблемы эканомікі сыходзяць на другі плян. Расейцы ставяць у Крыме свае сьцягі і паводзяць сябе як дома. Ці могуць сабе расейцы хоць на хвіліну ўявіць, што нейкія ўкраінцы прыедуць у Маскву, напрыклад, і пачнуць вешаць свае сьцягі, ці высылаць войскі, каб абараняць ад няіснай небясьпекі?

Ільля, студэнт, жыве ў Сымфэропалі. Удзельнічае ў Паралімпійскіх гульнях у Сочы.

Ва Ўкраіне ідзе станаўленьне незалежнага, свабоднага грамадзтва


Ва Ўкраіне ідзе станаўленьне незалежнага, свабоднага грамадзтва, у Крыме, як заўсёды, балота з п’яўкамі і крывасмокамі. Як крымчанін, магу даць параду: паехаць у Крым і адчуць тую калясальную напружанасьць, што цяпер у мяне дома... не хачу гэтую тэму падымаць цяпер, паколькі знаходжуся на Паралімпіядзе і бяз гэтага адчуваю на сабе моцны нэгатыўны ціск, як з боку праваахоўнікаў (у асобе прадстаўнікоў ФСБ), так і ад простых расейцаў, якія не жадаюць думаць, а толькі жаруць тое, што дае ім дзядзька П. Прапаганда ідзе і з таго, і зь іншага боку. Напачатку рэальнасьць зьлёгку расслабляе, але пасьля, нібы цьвіком іржавым ўпіваецца ў нагу.

Дар’я, студэнтка, жыве ў Сымфэропалі, вучыцца ў Кіеве

Як жыць далей — чорт яго ведае.


Шчыра сказаць па пачатку Эўрамайдану я яго падтрымлівала, паколькі крута было, што ўкраінскі народ выйшаў на пратэсты і паказаў што ён наагул існуе, але пасьля таго, як туды ўмяшаліся палітыкі і пачалі паміраць людзі — маё меркаваньне кардынальна зьмянілася. Пайшла адна мафія — прыйшла другая. Тое ж самае і ў Крыме, тут ужо ўсе даўно вырашылі, што мы з Расеяй, і цягаюць расейскія сьцяжкі па вуліцах. Ды ва Ўкраіне з эканомікай ня ўсё ў парадку, але жывем мы ня горш за некаторых, у іншых краінах наагул вады няма, а нас што не задавальняе? Увогуле, зрабілі цырк, і сьмяецца з нас увесь сьвет. Януковіча так брудам паліваюць, як быццам іншыя ня крадуць, дык знайшлі крайняга. А пра Пуціна што кажуць? Ды ўсё правільна робіць, нічога добрага ў Крыме ніхто ня робіць, хай хоць Пуцін тут што-небудзь наладзіць. Калі шчыра, то мне абсалютна ўсё роўна дзе будзе гэты кавалак зямлі, так ужо ўсё проста надакучыла... Як жыць далей — чорт яго ведае. Зараз мафія прыйдзе да ўлады — і пачне правы качаць — вось і даведаемся!

Дзьмітры, 24 гады, Сэвастопаль. Студэнт, навучаецца ў Нямеччыне


Дзіўна гучыць, але крымчане патрэбныя толькі Ўкраіне.


Неяк я хадзіў на Майдан і спрабаваў знайсьці тых нацыяналістаў, якія жорстка б’юць рускамоўных (я сам размаўляю, у асноўным, па-руску). Пошукі не ўвянчаліся посьпехам. Пры зносінах з актывістамі на рускай і прадстаўляючыся выхадцам горада Сэвастопаля, у мяне не атрымалася выклікаць агрэсію, — толькі аповеды аб тым, як яны зьвязаныя з Крымам. Хтосьці любіў адпачываць, хтосьці служыў у флёце, у кагосьці там жывуць сваякі. Так, там ёсьць непрыемныя людзі, але іх меншасьць, і іх зьяўленьне непазьбежнае пры любой рэвалюцыі. Нацыяналісты там ёсьць, зброя ёсьць, але яны не праяўляюць ніякай актыўнасьці, не высоўваюцца і ня ходзяць па вуліцах. Я ня думаю, што наяўнасьць у кіяўлянаў 400 тыс. адзінак зарэгістраванай зброі менш небясьпечна. Затое ў Сэвастопалі знаходзяцца расейскія казакі і сэрбскія чэтнікі зь незразумелай матывацыяй, плюс гопнікі зь бітамі і георгіеўскімі стужачкамі. Звычайныя людзі імкнуцца не выходзіць на вуліцу. Дзіўна гучыць, але крымчане патрэбныя толькі Ўкраіне. І больш ім няма на каго спадзявацца.

Яўген. Бізнэсмэн. 27 гадоў. Кіеў.

Вярнуўся дадому з камянём, які засеў у маім сноўбардысцкім шаломе.


Мой дзед служыў у выведцы. Ён казаў мне, што прапаганда — гэта вельмі лёгка. Ты нічога ня ведаеш. Потым упершыню чуеш і чытаеш пра гэта. Ты ўсё яшчэ нічога ня ведаеш, але нешта чуў. Потым чуеш у другі раз і параўноўваеш інфармацыю з той, што атрымана ў першы раз. Дзеліш на два і на свой досьвед і атрымліваеш сваё думку. Гэта не тваё меркаваньне. Яно чужое, падзеленае на твой досьвед. Чем мацней ты давяраеш крыніцы, чым ён аўтарытэтнейшы, тым большая яго частка напрыканцы. Вынік прапаганды: ва Ўкраіне няісны вораг РФ — бандэравец, фашыст, які забівае за расейскую мову. Я ня ўмею гаварыць па-ўкраінску. Я выходзіў у сьнежні за эўраінтэграцыю. Меня пабілі. Я купіў каску і бронекамізэльку, каб абараніць сябе. І зноў выйшаў. Ужо супраць тых, хто зьбіў мяне. І тых, хто даў ім загад. Гэта было 18 лютага. Ня ведаю, чаму я выжыў, калі вакол столькі загінула. Бачыў, як камянямі праломвалі галовы, бачыў, як адрывала рукі і ногі. Вярнуўся дадому з камянём, які засеў у маім сноўбардысцкім шаломе. Я бандэравец? Я нават ня ведаў, хто такі Сьцяпан Бандэра.

Нэля. Львоў

Жыхары Крыму самі павінны вырашаць, у якой краіне яны хочуць жыць.

Жыхары Крыму самі павінны вырашаць, у якой краіне яны хочуць жыць. Карэнныя жыхары Крыму, а ня тыя, каго прымусова прывезьлі. Эканоміка ў нас у даўно ў тым месцы, пра якое прыстойныя людзі не гавораць. Ды сытуацыя ў Крыме паўплывае на эканоміку Ўкраіны ў горшы бок. Але я амаль упэўненая, што адным Крымам гэтая гісторыя ня скончыцца. У першыя дні, калі войскі ўступілі на тэрыторыю Крыму, пасьля прагляду фон Трыера, у суботу, а палове на дванаццатую ночы — майму хлопцу патэлефанавалі і сказалі прыйсьці ў ваенкамат. І так, тады было не да жартаў. Таму, ну яго... перажыць тое, што бачылі нашы дзядулі і бабулі.

Аляксей Нарко для Радыё Свабода