Расея лічыць, што галасаваньне ў Крыме адпавядае нормам міжнароднага права

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў лічыць, што галасаваньне ў Крыме пра выхад са складу Ўкраіны адбываецца «ў поўнай адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права».
Пра гэта ён завіў у тэлефоннай размове зь дзяржсакратаром ЗША Джонам Кэры.

Ён таксама адзначыў, што ўкраінская ўлада павінна ўтаймаваць «ультранацыяналістычныя і радыкальныя групы, якія тэрарызуюць дысыдэнтаў і расейскамоўных».

ЗША і Эўразьвяз ужо назвалі крымскі «рэфэрэндум» нелегітымным. Расея 15 сакавіка заблякавала ў Радзе бясьпекі ААН прыняцьця рэзалюцыі аб абвяшчэньні нядзельнага галасаваньня несапраўдным. 13 сябраў Рады бясьпекі падтрымалі гэтую рэзалюцыю, Кітай устрымаўся.