Пуцін памыліўся адносна Ўкраіны — Гардзіеўскі

Алег Гардзіеўскі

Алег Гардзіеўскі, былы палкоўнік зьнешняй выведкі КДБ СССР і агент спэцслужбаў Вялікабрытаніі (1974–1985 гады), які ў СССР быў прысуджаны да пакараньня сьмерцю, не адмененага і сёньня ў Расеі, ацаніў пуцінскую палітыку адносна Ўкраіны.
"Тое, што Пуцін захапіў Крым, яму так проста ня пройдзе, бо краіны Захаду, ЗША і Эўропа вельмі мала залежаць ад Расеі. І іх пагрозы санкцыяў, ціску канчаткова дыскрэдытуюць Маскву. Гэта велізарная памылка Пуціна і ягонай кампаніі. Яны плянавалі захапіць Крым, а магчыма, і іншыя ўкраінскія тэрыторыі, калі ня ўсю Ўкраіну. Цяпер выходзіць, што гэты плян ня ўдасца ажыцьцявіць з-за надзвычай рэзкай і аднадушнай міжнароднай рэакцыі. І ў Крамлі ўжо зразумелі, што яны гуляюць з агнём. А Ўкраіна цяпер рухаецца па шляху дэмакратыі, і спробы Пуціна аднавіць нешта накшталт новага СССР ніколі ня будуць рэалізаваныя.

— Спадар Гардзіеўскі, Пуцін, мабыць, доўга рыхтаваўся да такога пляну дзеяньняў ва Ўкраіне?

— Ну вядома, даўно. Гэта наўпрост рыхтавалася больш за 5 гадоў, калі ня ўсе 10. Асабліва актыўна Пуцін распрацоўваў гэта са сваёй кампаніяй пасьля першага Майдана 2004 году. Першы Майдан іх страшэнна напалохаў і паказаў, што такое можа дзе заўгодна адбыцца. Хоць у Расіі пасьля сталінскіх рэпрэсіяў народ стаў такі баязьлівы, што ён, як мне здаецца, у сваёй большасьці яшчэ не гатовы ісьці ні на які Майдан. І наўрад ці ў Расеі будзе ў бліжэйшы час нейкі Майдан. Але яны, Пуцін і кампанія, усё ж такі пачалі тады яшчэ рыхтаваць удар па Ўкраіне. І вось сёньня такое адбываецца.

— Хоць для акупацыі такіх вялікіх тэрыторыяў патрэбныя вялізныя сродкі і гэта можа ўдарыць па эканоміцы Расеі?

— Вядома. Я цяпер гляджу розныя аналітычныя матэрыялы, агляды, якія адзначаюць, што гэта ўсё абернецца для Расеі велізарным прыніжэньнем. Бо эканоміка яе слабая. Як адзін з заходніх аўтараў напісаў пра знаходжаньне ў Расеі: пайшоў адвёртку купіць — і няма ніводнай, якая б была зроблена ў Расеі. Усё імпартнае. Расія трымаецца на заходнім імпарце і імпарце з Кітая. Эканоміка сёньня коціцца ўніз. А пасьля таго як бухнулі ў зімовую Алімпіяду ў Сочы больш за 50 мільярдаў даляраў, цяжка сказаць, як Расея можа пасьля гэтага акрыяць. Пуцін зрабіў цяпер усіх сваімі ворагамі.