Новы ўкраінскі ўрад загадаў усім здаць агнястрэльную зброю

Арсен Авакаў

Выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Арсен Авакаў і старшыня СБУ Валянцін Налівайчанка заклікалі ўсіх грамадзянаў неадкладна здаць у органы МУС агнястрэльную зброю, якая не зьяўляецца законна зарэгістраванай належным чынам.

Важнасьць такіх дзеяньняў яны адзначаюць у сувязі «з надзвычайнай грамадзка-палітычнай сытуацыяй, якая склалася ў краіне, абвастрэньнем крымінагеннай абстаноўкі і сыстэмнымі правакацыямі з боку замежных грамадзянаў у Крыме і на ўсходзе Украіны».

Пра гэта гаворыцца ў іх сумесным звароце, апублікаваным на сайце МУС.

Авакаў і Налівайчанка загадваюць супрацоўнікам МУС і СБУ неадкладна прыступіць да выяўленьня незаконнай зброі, яе канфіскацыі і безумоўнага і стараннага прыцягненьня да адказнасьці ўсіх асобаў, якія не здалі зброю, па ўсёй строгасьці закону незалежна ад палітычнай прыналежнасьці і ўдзелу ў грамадзкіх фармаваньнях правапарадку.

«Мы павінны разам неадкладна спыніць гвалт на вуліцах нашых гарадоў і абараніць жыцьцё і здароўе людзей. Гэта бясьпека кожнага з нас, нашых сем’яў, усіх грамадзянаў», — гаворыцца ў іх сумесным звароце.