Рэфэрэндум пад аўтаматамі

16 сакавіка ў Крыме пройдзе рэфэрэндум, нягледзячы на прызнаньне яго нелегітымным Канстытуцыйным судом Украіны і Вэнецыянскай камісіяй. У Кіеве асьцерагаюцца, што пасьля рэфэрэндуму ў Крыме Расея ўвядзе войскі і ў іншыя рэгіёны Ўкраіны.
У бюлетэнях для галасаваньня жыхарам Крыму прапануюць адказаць на адно з двух пытаньняў:

1. Вы за ўзьяднаньне Крыму з Расеяй на правах суб’екта РФ?

2. Вы за аднаўленьне дзеяньня Канстытуцыі Рэспублікі Крым 1992 і за статус Крыму як частцы Украіны?


На паўвостраве жыве амаль 2,5 млн. чалавек. Зь іх 1,8 млн. маюць права голасу. Некаторыя жыхары аўтаномнай рэспублікі ўжо радуюцца, чакаючы моманту ўзьяднаньня з Расеяй, а многіх ахапіла паніка. Чэргі выстройваюцца ў крамах, аптэках і банкаматах. Украінскія банкі спынілі выдачу грошай, у Крыме перабоі з пастаўкамі прадуктаў харчаваньня і мэдыкамэнтаў.

Самаабвешчаны крымскі прэм’ер Сяргей Аксёнаў запэўнівае, што Кіеву не ўдасца сарваць рэфэрэндум, адключыўшы паўвостраў ад электрычнасьці. З Расеі, па словах Аксёнава, прывезлі 9 газатурбінных электрастанцый агульнай магутнасьцю 200 МВт. Яны былі ў рэзэрве на Алімпійскіх гульнях у Сочы. Газ будуць браць наўпрост на месцы — з запасаў у сховішча і бягучай здабычы «Чарнаморнафтагаза».

Пра байкот рэфэрэндуму абвясьцілі крымскія татары, нягледзячы на тое, што абараніць іх правы паабяцаў асабіста прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін. Крымскія татары заяўляюць, што рэфэрэндум — незаконны, а тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны павінна быць непарушнай.

Не толькі на ўсходнім, але і на паўночным участку мяжы з Украінай Расея разьмясьціла вялікую колькасьць бронетэхнікі і войскаў. Украінская армія, якая значна саступае па колькасьці расейскай, пачала маштабныя вучэньні.

Чальцоў выбаркаму ахоўваюць вайскоўцы



У мінулы чацьвер Вярхоўная Рада прыняла закон аб стварэньні на базе ўнутраных войскаў Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны. Яе колькасьць павінна скласьці ня менш за 60 тысяч чалавек.

Напярэдадні рэфэрэндуму па пытаньні аб статусе паўвострава Расея спрабуе дэстабілізаваць сытуацыю ва ўсходніх абласьцях Украіны. У ноч на чацьвер у сутыкненьнях прыхільнікаў і праціўнікаў ўкраінскай ўлады ў Данецку быў забіты сябра партыі «Свабода». А ў пятніцу ў выніку беспарадкаў у Харкаве загінулі два актывісты таварыства «Просвіта». У суботу каля паўтары тысячы чалавек, у тым ліку і так званыя «палітычныя актывісты» з Расеі мітынгавалі ў Данецку ў падтрымку крымскага рэфэрэндуму.

— Аскепкі старой улады, злачыннай па сутнасьці Партыі рэгіёнаў, якая прывяла крыміналітэт ва ўладу і прывяла да ўзурпацыі ўлады Януковічам, гэтыя аскепкі сёньня разам з расейскімі «цітушкамі» падпальваюць ўсход і поўдзень нашай краіны, - заявіў дэпутат парлямэнцкай партыі «Бацькаўшчына» Андрэй Сенчанка.

У суботу Вярхоўная рада прагаласавала за роспуск крымскага парлямэнту. Падставай для гэтага сталі высновы Канстытуцыйнага суду Ўкраіны, які прызнаў не адпаведным асноўнаму закону шэраг апошніх рашэньняў дэпутатаў аўтаноміі. У адказ на гэта ў Сымфэропалі заявілі, што не прызнаюць легітымнымі органы ўкраінскай улады.

На пачатку тыдня ў Крыме канчаткова адключылі ўкраінскія тэлеканалы. Па ўказаньні сваіх лідэраў так званыя прадстаўнікі «самаабароны» Крыма пачалі «паляваньне» на ўкраінскіх і замежных журналістаў.

У адказ на блякаванне ў Крыме ўкраінскіх вайсковых частак, зьбіцьцё і выкраданьні журналістаў і грамадзкіх актывістаў у Кіеве рэагавалі адкрыцьцём крымінальных спраў.

Былы дарадца расейскага прэзыдэнта Андрэй Іларыёнаў дапускае, што пасьля рэфэрэндуму Ўладзімер Пуцін ператворыць Крым у найбуйнейшую ваенную базу ў Чарнаморскім рэгіёне. Такой колькасьці войскаў, тэхнікі і авіяцыі, якую Расея ўжо перакінула на паўвостраў, не было нават за савецкім часам. Расейскія вайскоўцы ня толькі блякуюць ўезды ў Крым, кантралююць ўкраінскія ваенныя аб’екты паўвострава, але нават аднавілі расфармаваныя больш за дваццаць гадоў таму некаторыя воінскія часткі СПА.