Парлямэнт Украіны распусьціў Вярхоўную Раду Крыму

Пастанову падтрымалі 278 народных дэпутатаў Ўкраіны.
Зь іх ад Партыі рэгіёнаў — 19 дэпутатаў, ад «Бацькаўшчыны» — 83, УДАРу — 37, ад фракцыі «Эканамічнае разьвіцьцё» — 30, ад фракцыі «Сувэрэнная эўрапейская Ўкраіна» — 30, ад «Свабоды» — 35, ад кампартыі Ўкраіны — 0, пазафракцыйных — 44.

Падставай такога рашэньня сталася пастанова Канстытуцыйнага суду Ўкраіны, які прызнаў што Вярхоўная Рада Крыму ўхваліла неканстытуцыйнае рашэньне аб заўтрашнім рэфэрэндуме наконт далучэньня да Расеі, і скасаваў гэтае рашэньне.

Сэпаратысты зь Вярхоўнай Рады Крыму заявілі, што не прызнаюць рашэньня Канстытуцыйнага суду Ўкраіны.

Крым фактычна акупаваны 22-тысячным расейскім войскам.