Беспарадкі ў Харкаве, падчас якіх загнулі двое, былі сплянаванай правакацыяй

Па факце перастрэлкі ў цэнтры Харкава ў ноч на суботу, калі загінулі два чалавекі, распачата крымінальная вытворчасьць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паведаміў пракурор гораду Яўген Паповіч.
Як цытуе яго словы агенцтва Інтэрфакс-Украіна, гаворка ідзе пра наўмыснае забойства дзьвюх і больш асобаў, зьдзейсьненае па папярэдняй змове групай асобаў спосабам, небясьпечным для жыцьця многіх асобаў, арганізацыя масавых беспарадкаў, якія прывялі да гібелі людзей, і замах на жыцьцё работніка праваахоўнага органа.

Пракурор пацьвердзіў, што, як цяпер вядома, у сутыкненьнях загінулі дзьве цывільныя асобы. Акрамя таго, паранены адзін міліцыянт.

Паведамлялася таксама і пра іншых параненых, якіх вывозілі зь месца сутыкненьня машынамі хуткай дапамогі.

Старшыня абласной дзяржаўнай адміністрацыі Ігар Балута назваў падзеі сплянаванай правакацыяй.




Як паведамляюць, невядомыя справакавалі бойку з прарасейскімі актывістамі, якія зьбіраюцца ля помніка Леніну, а потым зьехалі на мікрааўтобусе ў дом на вуліцы Рымарскай, дзе знаходзяцца офісы грамадзкіх арганізацыяў «Просвіта» ды «Патріот України». Прарасейскія дэманстранты, вырашыўшы, што напад зьдзейсьнілі прадстаўнікі «Правага сэктару», пры падтрымцы баевікоў з сэпаратысцкага прарасейскага руху «Апора» пайшлі штурмаваць дом. Раздаваліся стрэлы і выбухі.

Як паведаміў Балута, мікрааўтобус з днепрапятроўскімі нумарамі, пасажыры якога справакавалі канфлікт, быў у вышуку з дня папярэдняй правакацыі, якая здарылася ў Харкаве 8 сакавіка. Тую сутычку шырока асьвятлілі расійскія сродкі масавай інфармацыі, якія загадзя былі на месцы здарэньня.

Днём у пятніцу Балута заяўляў, што ўлады маюць інфармацыю пра магчымую падрыхтоўку тэракту на тэрыторыі гораду ў гэтыя выходныя.