Анэксія Крыму абыдзецца Расеі ў 20 млрд эўра — СМІ

Нават калі Крым адколецца ад Украіны і далучыцца да Расеі, прайграюць ад гэтага самі крымчане і расефцы, але не народ Украіны. У сярэднетэрміновай пэрспэктыве далучэньне паўвострава абыдзецца Маскве ў 20 млрд эўра. Расейскім падаткаплатнікам ёсьць над чым задумацца.

Крэмль, здаецца, паверыў у створаную ім для ўнутранага спажываньня казку пра тое, што ўсходнія раёны Ўкраіны — гэта лякаматыў яе эканомікі, а заходнія рэгіёны — нахлебнікі, піша Інапрэса.

«Аднак дадзеныя малююць трошкі іншую карціну», — адзначаецца ў артыкуле, апублікаваным у The Washington Post дырэктарам Цэнтру дасьледаваньняў постіндустрыяльнага грамадзтва Уладзіславам Іназемцавым.

Паводле зьвестак украінскага ўраду, у 2013 годзе на долю ўсходняй Данецкай вобласці прыпадала 12,4% ВУП краіны. У той жа час доля адразу пяці заходніх абласьцей (Закарпацкай, Івана-Франкоўскай, Валынскай, Цярнопальскай і Львоўскай) складала толькі 12,1%. Аднак Данецк пры гэтым атрымаў 31% ад датацыяў, разьмеркаваных урадам паміж рэгіёнамі. Акрамя таго, у мінулым годзе данецкім прадпрыемствам пакрылі 129% ад выплачанага імі ПДВ.

Завод у Данецку

Эканаміст таксама паказвае на тое, што ў 2013 годзе датацыі Данецкай, Луганскай і Харкаўскай абласьцей складалі 14% ад ВУП Украіны, а бюджэт Крыму на 63% залежаў ад субсідыяў цэнтральнага ўраду.

Як адзначае Іназемцаў, усе «сябры» Расеі патрабуюць на сваё ўтрыманьне немалых сродкаў. Беларусь штогод атрымлівае каля 7 млрд даляраў у выглядзе субсідыяў на энерганосьбіты і 2 млрд даляраў у выглядзе крэдытаў і грантаў. Малюсенькія дзяржавы-сатэліты Абхазія і Паўднёвая Асэтыя атрымалі 1,8 млрд даляраў прамых інвэстыцыяў і 800 млн даляраў «прыватных» інвэстыцыяў ад расейскіх дзяржкампаніяў. «Дадайце да гэтага ўсходнія правінцыі Ўкраіны і саюзныя сярэднеазіяцкія дзяржавы — і Расея можа быць вымушана штогод выплачваць па 12 млрд даляраў субсідыяў», — зьвяртае ўвагу аўтар артыкулу.

Як бы дзёрзка гэта ні гучала, але эўрапейская Ўкраіна бяз Крыму з эканамічнага пункту гледжаньня будзе лепш за Ўкраіну ў бягучых межах, якая разрывацца паміж Эўропай і Расеяй, упэўнены Іназемцаў: «Прэтэндуючы на Ўсходнюю Украіну, Расея змагаецца за фінансава незаможныя эканомікі, якія нагадваюць яе ўласную. Нават калі частка Ўкраіны прагаласуе за ўваходжаньне ў Расею, прайграюць ад гэтага яе жыхары і расейцы, а не ўкраінскі народ».

Калі паслухаць расейскае тэлебачаньне, то ўваходжаньне Крыму ў склад РФ суправаджаецца толькі магутным уздымам салідарнасьці, аднак эканамічныя рэаліі беднага Крыму абвяргаюць гэты пункт гледжаньня. «Сярэдняму падаткаплатніку ёсьць над чым задумацца», — гаворыцца ў артыкуле журналіста Le Figaro П’ера Аўрыля.

Так, у працэнтных суадносінах колькасьць пэнсіянэраў у Крыме на 17% вышэйшая, чым у сярэднім па Расеі. Іх пэнсіі пры гэтым яшчэ ніжэйшыя, чым у нестабільным расейскім Дагестане. Сярэдняя зарплата (каля 250 эўра ў месяц) таксама ніжэйшая, чым у самых бедных расейскіх рэгіёнах. Такая няроўнасьць можа пацягнуць за сабой міграцыю крымчанаў (2,4 млн чалавек) на «сапраўдную» тэрыторыю Расіі.

Галоўным чынам, Крамлю прыйдзецца кампэнсаваць геаграфічную ізаляцыю паўвострава, фінансуючы будаўніцтва інфраструктуры. У цяперашні час разглядаецца пытаньне аб будаўніцтве моста, які злучае «кантынэнт» з Керчу, коштам каля 480 млн эўра, паведамляе журналіст.

«Даставы газу і нафты павінны будуць ажыцьцяўляцца па моры, што будзе даражэй, чым сёньня, калі забесьпячэнне ажыцьцяўляецца праз тэрыторыю Ўкраіны», — распавядае прафэсар Вышэйшай школы эканомікі Аляксей Партанскі.

Паводле ацэнак экспэртаў, у сярэднетэрміновай пэрспэктыве інтэграцыя Крыму абыдзецца Расеі ў 20 млрд эўра, і гэта ў і без таго няпростых бюджэтных умовах.

«Нам зь цяжкасьцю верыцца, што расейскія ўлады пойдуць да канца, занадта ўжо ад гэтага вее фантастыкай», — цытуе Аўрыль словы Партанскага.