Дзеячы навукі і культуры Беларусі асудзілі спробы дзяліць Украіну

  • БелаПАН
Шэраг вядомых дзеячаў навукі, мастацтва і культуры Беларусі падпісалі зварот да ўкраінскага народу, парлямэнту і ўраду, у якім выказалі падтрымку народу Украіны «ў гэты няпросты для яго час».
«Вы ўступілі ў новы пэрыяд сваёй дзяржаўнасьці. Само па сабе гэта ўжо выпрабаваньне як для ўраду, так і для ўсяго ўкраінскага грамадзтва. На вялікі жаль, зьмены, якія адбыліся ў вашай краіне, азмрочаныя гібельлю людзей... Мы лічым, што кроў не павінна праліцца яшчэ раз. Памяць пра Нябесную сотню Майдана абавязвае ўсіх ўтрымацца ад разьвязваньня вайны... Цяпер вы сутыкнуліся з праблемай сэпаратызму, якая пагражае выліцца ва ўзброены канфлікт. Рэфэрэндум па далучэньні Крыму да Расеі зьяўляецца замахам на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і супярэчыць яе Канстытуцыі і нормам міжнароднага права», — падкрэсьліваецца ў звароце.

Падпісанты «рашуча асуджаюць усе спробы дзяліць Украіну па этнічным прынцыпе» і выступаюць за «мірнае вырашэньне праблемаў унутры краіны самімі грамадзянамі Украіны ў рамках закону».

«Украіна павінна захавацца ў межах, якія замацаваліся за ёй з моманту падпісаньня Белавескіх пагадненьняў», — гаворыцца ў звароце.

Сярод аўтараў (усяго больш за 40 чалавек) — Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Зінаіда Бандарэнка, Ігар Варашкевіч, Анатоль Вярцінскі, Радзім Гарэцкі, Аляксей Марачкін, Уладзімір Някляеў, Юрый Хашчавацкі, Віктар Шалкевіч. Зварот адкрыты для падпісаньня.