Адэсіт: Прыйдуць расейскія войскі — пайду ў катакомбы

Самаабарона адэскага антымайдану. Фота: Зьміцер Галко

У Адэсе, ва Ўкраіне, знаходзіцца беларускі журналіст, карэспандэнт незалежнай газэты «Новы час» Зьміцер Галко.
Зьміцер Галко: Адэса — горад пераважна дробных прадпрымальнікаў, якія найперш зацікаўленыя сваім бізнэсам. Вельмі часта я чуў, як людзі кажуць: «Калі да нас прыйдуць нешта забіраць, возьмемся за вілы». Але людзі не ўсьведамляюць, што іх не папярэдзяць, як прыйдуць, і вілаў, тыя, хто прыйдуць, таксама не баяцца. Але пры гэтым настрой тут жартаўлівы, як звычайна ў Адэсе, і даволі спакойны. Учора я быў на так званым Антымайдане і быў вельмі зьдзіўлены, бо гэта быў бадай самы неадэкватны Майдан з тых, якія я пасьпеў пабачыць. Значна больш неадэкватны, чым у Данецку. Там быў чалавек, які мае прапанову, якая, на яго думку, вырашыць увесь канфлікт — адабраць ва ўкраінцаў права карыстацца расейскімі літарамі і нават гукамі. Апроч таго, у іх маніфэсьце напісана, што ў выпадку разгону мітынгу ці ўжываньня сілы, Расея павінна і ўвядзе войскі для іх абароны. Гэтыя людзі канкрэтна стаяць, нягледзячы на тое, што яны прыкрываюцца фразамі пра рэфэрэндум, дзеля таго, каб прыцягваць сюды расейскія войскі.

Your browser doesn’t support HTML5

Зьміцер Галко расказвае пра сытуацыю ў Адэсе і Данецку


Ганна Соўсь: Якая моўная сытуацыя ў горадзе цяпер?

Зьміцер Галко, журналіст, блогер

Галко: Тут шмат людзей гаворыць па-украінску. Сытуацыя, калі адзін гаворыць па-украінску, а яму адказваюць па-расейску, не выклікае ніякіх канфліктаў у горадзе. Тут паболей украінамоўных чым у Данецку, і канфліктаў на гэтай глебе няма.

Соўсь: Вы толькі вярнуліся з Данецку. З вашых уражаньняў, ці былі там перадумовы для таго, што адбылося ўчора?

Галко: Для мяне тое, што адбылося, было шокам, як і для мясцовых жыхароў. Усе яны гэты горад апісвалі найперш як вельмі спакойны. І сапраўды, я бачыў спакойны горад. І нават такія бяскроўныя спробы справакаваць сытуацыю 9 сакавіка падчас мітынгу выклікалі непаразуменьне і незадаволенасьць нават ва ўдзельнікаў прарасейскага мітынгу. Сьцягі зрываць, у машыну плюнуць — гэты былі бяззубыя спробы. Я бачыў відэа бойкі. Там быў вельмі агрэсіўны, п’яны натоўп. Я ня бачыў такіх людзей, калі быў у Данецку.

Соўсь: У Адэсе агрэсія не адчуваецца?

Галко: Не, гэта эўрапейскі разьняволены горад. У хостэле, дзе я жыву, супрацоўнік, карэнны адэсіт, інтэлектуал, кажа: «Калі прыйдуць расейскія войскі, то пайду ў катакомбы, буду ладзіць дывэрсіі». Хаця і вельмі пашыраныя настроі проста зьяжджаць з Украіны...