Аксёнаў: незалежнасьці ў нас ня будзе

Сяргей Аксёнаў

Улады Крыму не разглядаюць магчымасьць абвяшчэньня незалежнасьці рэспублікі «паводле абхаскага варыянту», а лічаць, што працэс далучэньня да Расеі зойме да году, заявіў прэм’ер Крыму Сяргей Аксёнаў.
«Я думаю, што тэрмін пераходнага пэрыяду будзе да году, калі мы ўжо паўнавартасна зможам карыстацца ўсімі працэсамі, ільготамі ў Расейскай Фэдэрацыі», — заявіў Аксёнаў на брыфінгу ў Сымфэропалі.

На пытаньне пра магчымасьць «абхаскага варыянту» Аксёнаў адказаў адмоўна:

«Не, у нас ня будзе незалежнасьці. У цяперашні час мы лічым, я асабіста лічу, што Крым павінен увайсьці як суб’ект Расейскай Фэдэрацыі ў склад Расеі», — паведамляе Інтэрфакс.