Беларусь: Ніхто ня супраць выхаду Ўкраіны з СНД

Будынак выканкаму СНД

Першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандар Міхневіч заявіў, што ў выпадку рашэньня Ўкраіны выйсьці з СНД ніхто такі выбар не зьбіраецца аспрэчваць.
Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва UNIAN.

«У выпадку рашэньня Ўкраіны выйсьці з СНД ніхто такі выбар не зьбіраецца аспрэчваць. Аднак грукнуць дзьвярыма пад гарачую руку вельмі проста, тым больш і фармальная нагода ёсьць: „Не прыехалі ў Кіеў, дык абыдземся бяз вас“. Разам з тым нават павярхоўны цьвярозы аналіз удзелу Ўкраіны ў Садружнасьці паказвае цэлы шэраг плюсаў: тут і пытаньні гандлю, і пытаньні эканамічных сувязяў, і шматлікія фарматы супрацоўніцтва ў сфэры транспарту, энэргетыкі, сувязі, барацьбы са злачыннасьцю, і гэтак далей. Не кажу ўжо пра чалавечыя кантакты», — падкрэсьліў Міхневіч.

Пры гэтым Аляксандар Міхневіч выказаў упэўненасьць, што ў Кіеве прагматычна пралічаць свае крокі і зробяць той выбар, які ўхваліць і бізнэс, і простыя людзі.

Нагадаем, сёньня не адбылося паседжаньне на ўзроўні намесьнікаў міністраў замежных спраў дзяржаў — удзельніц СНД, ініцыяванае 1 сакавіка Ўкраінай, каб абмеркаваць сытуацыю, якая тут склалася. Сустрэча мелася адбыцца ў выканкаме Садружнасьці ў Менску. Яе адмянілі, бо прадстаўнікі ўкраінскага боку адмовіліся ўдзельнічаць у паседжаньні.