Жыхары Саволеўкі: «Галоўнае, каб вайны не было...»

У вёсцы Саволеўка Гарадзенскага раёну ня ведаюць, хто будзе балятавацца ў дэпутаты, скардзяцца на тое, што ў калгасе не даюць працы, і пабойваюцца, што на іх можа напасьці НАТО.
Вёска Саволеўка Гарадзенскага раёну ляжыць паблізу трасы Горадня — Менск. Яна даволі вялікая, відаць, што тут жыве яшчэ шмат людзей. На мясцовай «біржы» сабраліся пэнсіянэры і беспрацоўныя, грэюцца на сонейку і абмяркоўваюць свае праблемы.

Your browser doesn’t support HTML5

Жыхары Саволеўкі: «Галоўнае, каб вайны не было...»


Першае, чым цікаўлюся ў людзей — ці адчуваецца ў іх выбарчая кампанія і за каго зьбіраюцца галасаваць?

Спадарыня: «Ня ведаем мы кандыдатаў. Павінны ж нейкія плякаты павесіць на слупе. А пакуль нічога няма, глухата. Вось раней было... з дрыгам, а цяпер нават ня ведаю, што і сталася, такая глушыня».

Карэспандэнт: «А наведваюцца да вас якія дэпутаты, цікавяцца вашым жыцьцём?»

Спадарыня: «Ніхто ніколі не прыходзіць, мы нават ня ведаем, якія яны».

Спадар: «Мы нічога пакуль ня ведаем. Во хацелі сёньня на работу, прасіліся, ды нават „на камні“ не ўзялі. Я на пэнсіі, а яна ўсяго мільён 300, пражыць цяжка. Хацеў яшчэ на работу, але не ўзялі. Быў на стане а 8-й гадзіне, але начальнік ня ўзяў».

Карэспандэнт: «Дык а якая прычына, што вас не ўзялі?»

Іншы спадар: «Чорт яго ведае, сказаў, што панабіраў іншых людзей».

Карэспандэнт: «А тут болей нідзе ніякай працы ня знойдзеш?»

Спадар: «А дзе ты тут...»

Спадарыня: «І мой сын бяз працы. Не прымаюць, бо кажуць, што ўжо стары. Праўда, ён, бывае, выпівае, ну, але за што жыць? Во ходзіць па людзях і робіць, а на працу не бяруць».

Вяскоўцы распавядаюць: найбольш за апошнія гады вёску падкасіла тое, што людзі ня могуць трымаць кароў і амаль пазводзілі ўсіх сьвіней, а гэта была добрая падмога.

Я размаўляю з трактарыстам, спадаром Валянцінам. Ён распавядае, што нібыта калгас у іх добры, часта прыяжджаюць госьці зь іншых абласьцей і нават іншых краін. У іх ёсьць і свае сьвінафэрмы, і кароўнікі сучасныя, але заробак надта малы, а ўсё навокал дорага.

Спадар: «Малаватыя заробкі, асабліва калі цэны ў крамах растуць. Трэба, каб болей было. Ну вось зараз момант — пасяўная, то, можа, крыху болей заробім. Але гэта часовая зьява».

Карэспандэнт: «А па колькі гадзінаў працуеце цяпер?»

Спадар: «Ну, цяпер з васьмі раніцы і да сямі вечара».

Карэспандэнт: «А як думаеце — чаму ў нас у крамах увесь час цэны растуць?»

Спадар: «Таксама не магу зразумець гэтую палітыку. Малака ў калгасе хапае, па два разы на дзень малакавоз забірае. Малака хапае і мяса хапае, а цэны падымаюць найчасьцей на мяса, малако і хлеб. Дый хлеба ў нас хапае».

Карэспандэнт: «Вы жывяце ў вёсцы, а малако таксама купляеце ў краме?»

Спадар: «Так, бо ніхто не трымае цяпер кароў, у нас няма тут дзе іх пасьвіць. Хочуць, каб паўсюль была чысьціня і парадак, госьці часта прыяжджаюць».

Пагутарылі зь вяскоўцамі і пра палітыку. Я пацікавіўся, што яны думаюць наконт падзеяў ва Украіне.

Спадар: «Ну а што нам? Нам галоўнае, каб вайны не было, і больш нічога ня трэба».

Спадарыня: «Ужо самалёты амэрыканскія ў Літве, па тэлевізары паказваюць і гавораць, што Лукашэнка будзе ставіць свае войскі».

Карэспандэнт: «І як вы да гэтага ставіцеся?»

Спадарыня: «Ну, а як тут ставіцца? Няхай абараняюць нас».

А вось з працы пабегла дадому спадарыня. Мае суразмоўцы кажуць, што яна вельмі адукаваная і да яе прыслухоўваюцца людзі. Пытаюся ў спадарыні Галіны — што яна думае пра падзеі ва Ўкраіне?

Спадарыня: «Я наагул думаю: ну чаго яны палезьлі ва Ўкраіну? Кожны народ павінен сам вырашыць, што ў яго адбываецца. Ну вось чаму Беларусь ня можа забраць Смаленск — ён жа некалі быў наш? Альбо чаму японцы ня могуць забраць Курылы — яны ж ім належалі? Я супраць вайны, але чаго лезьці? Я супраць расейскай акупацыі».