Яцанюк заручыўся падтрымкай МВФ

Арсені Яцанюк

Прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк у рамках свайго візыту ў Злучаныя Штаты Амэрыкі сёньня возьме ўдзел у пасяджэньні Рады бясьпекі ААН у Нью-Ёрку і выступіць на ім.
Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва UNIAN са спасылкай на Дэпартамэнт камунікацыяў і сувязяў з грамадзкасьцю і СМІ Сакратарыяту Кабінэта міністраў Украіны.

Раней Яцанюк, пасьля размовы зь лідэрам ЗША, выступіў на пасяджэньні Атлянтычнай Рады, зьвярнуўшы ўвагу прысутных на драматычныя часы, якія перажывае краіна.

Учора ж ён меў сустрэчу і ў Міжнародным валютным фондзе.

«Мы зацікаўленыя ў тым, каб дапамагчы Ўкраіне на шляху да эканамічнай стабільнасьці і росквіту. У гэтай сувязі МВФ будзе працягваць кансультацыі са сваімі чальцамі і іншымі міжнароднымі фінансавымі інстытутамі пра тое, як найлепшым чынам аказаць дапамогу народу Ўкраіны», — сказала дырэктар-распарадчык МВФ Крысьцін Лягард.

Лягард таксама адзначыла, што ў ходзе сустрэчы прадстаўнікоў МВФ зь Яцанюком адбылася «плённая дыскусія ў дачыненьні да захадаў, неабходных, каб паставіць Украіну на шлях рацыянальнага эканамічнага кіраваньня і ўстойлівага росту, адначасова абараняючы неабароненыя пласты насельніцтва».