У Менску адбылася прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільму маладой рэжысэркі Алены Верашчагінай «Наш выбітны ліхадзей». Стужка прысьвечаная авантурысту, кантрабандысту, шпіёну і пісьменьніку Сяргею Пясецкаму. Ці мог падумаць ляхавіцкі хлапец, што пасьля шматлікіх прыгодаў скончыць жыцьцё ў далёкім Лёндане?
Перад прэм’ерным паказам Алена Верашчагіна расказала, чаму ўзялася за ўвасабленьне гісторыі, мала вядомай шырокай аўдыторыі:
«Хацелася паказаць беларускаму гледачу, што гісторыя — гэта ня толькі тое, што ведаюць пра яе пасьля сярэдняй школы. „Вось бы ўдалося зацікавіць, — думалі мы. — Вось бы ўдалося захапіць“. Менавіта захапіць, расказаць такую гісторыю, каб гледачу самому захацелася яе абдумваць, а ня ўказваць яму, як правільна трэба думаць. Таму мы выбралі вельмі складаны пэрыяд „ад вайны да вайны“: 1914–1941 год, калі нашу з вамі краіну, як торт, рэзалі на кавалкі, калі здушылі БНР, калі мы на доўгія гады страцілі незалежнасьць. І герояў мы выбралі вельмі складаных, пра якіх глядач ня мог бы секчы з пляча — станоўчы гэта пэрсанаж ці, наадварот, адмоўны. Нам хацелася, каб глядач уявіў сябе на месцы героя, адчуў, што тады тварылася на нашай зямлі. Каб пражыў нашу гісторыю наноў і, магчыма, пачаў яе лепш разумець».
Да нашых дзён пра Сяргея Пясецкага дайшло зусім мала біяграфічных зьвестак, а тыя, што ёсьць, наўрад ці вартыя поўнага даверу. Але можна не сумнявацца: у пэрыяд імклівай зьмены рэжымаў на пачатку ХХ стагодзьдзя гэта быў адзін з самых няўрымсьлівых «анархістаў», які не зьбіраўся падпарадкоўвацца ніводнаму палітычнаму ладу, але намагаўся напоўніцу скарыстацца ўсімі выгодамі безуладзьдзя.
З аднолькавай лёгкасьцю Пясецкі спрабаваў далучыцца да рэвалюцыйнага руху ў Маскве, пасьля вяртаньня быў у антысавецкім падпольлі, служыў «шпіёнам» у асаблівым аддзеле польскай выведкі, сябраваў з ракаўскімі кантрабандыстамі на польска-савецкай мяжы і ваяваў пад сьцягамі Арміі Краёвай. А калі пэрыядычна трапляў за краты, у яго адкрываўся талент пісьменьніка. Найбольш вядомы турэмны твор — біяграфічны раман «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы», за які аўтара нават вылучалі былі на Нобэлеўскую прэмію — але тут пачалася Другая ўсясьветная вайна. У 2009 годзе з польскай на беларускую мову твор пераклаў Фэлікс Янушкевіч.
Многія з прысутных на прэзэнтацыі не хавалі, што ўпершыню адкрылі для сябе імя незаслужана забытага суайчыньніка. Затое крутымі паваротамі жыцьця Пясецкага шчыльна займаўся графік, паэт Міхал Анемпадыстаў, аўтар рок-мюзыклу «Народны альбом», падзеі ў якім адбываюцца якраз у «кантрабандысцкім раі» — Ракаве:
«Пясецкі цікавы проста як зьява. Як асоба, якая пры ніводным рэжыме ня будзе супрацоўнічаць зь дзейнымі ўладамі. З аднаго боку, гэта абсалютна кепскі прыклад грамадзянскай пазыцыі, бо ён авантурыст з крыві і косьці. Яго выгналі з польскай выведкі, ён зрабіў некалькі бунтаў у турмах. Яго выпусьцілі з турмы і прынялі ў Армію Краёву, урэшце выгналі і адтуль. Апынуўся пад Монтэ-Касіна, але таксама бясслаўна. Як вынік — Вялікая Брытанія, жыцьцё ў эміграцыі. Тым ня меней Пясецкі — гэта прыгожая гісторыя, гэта ўнікальны чалавек, зь якога можна зрабіць смачны камэрцыйны прадукт, паказаўшы ўсе ягоныя прыгоды бяз спробаў палітычных адзнак. Па вялікім рахунку, тут няма палітыкі, тут ёсьць жывёльны, першапачатковы інстынкт: выжываць у любой сытуацыі, змагацца, ісьці супраць плыні. Вось такі Пясецкі».
Магчыма, асоба Пясецкага вымагае большага, чым кароткая дакумэнтальная стужка. Гэта прызнае і Алена Верашчагіна, якая кажа, што ўкласьці ў два дзясяткі хвілін поўнае прыгодаў і драматызму жыцьцё героя — справа невыканальная. Тэму «недалепленасьці» вобраза для разуменьня непадрыхтаваным гледачом эмацыйна ўзьняў кінакрытык Максім Жбанкоў:
«Я нічога ня ведаў пра Пясецкага — прабачце мяне, вінаваты, я зь ім не знаёмы. Але я мала пра што даведаўся і пасьля гэтай стужкі. Для мяне самае цікавае было б — гэта лёгіка ягонага разьвіцьця. Чаму раптам рабаўнік пачынае пісаць? Спадарства, гэта эпічны сюжэт! Чаму, адкуль? А хто яго ведае. Зь якой прычыны чалавек пачынае быць крымінальнікам? Проста так абставіны склаліся, штосьці з генамі ў яго ня так? Зноў жа, невядома. Чаму ён адна за адной мяняе краіны? Без адказу. Тут проста канстатацыя: а вось Пясецкі рабаўнік (ла-ла-ла), а потым ён у Маскве (ла-ла-ла), хоча ўлады (ла-ла-ла), потым у Польшчы (ла-ла-ла), потым 1945 год, 64-ты — і ўсё, ён памёр. А да таго яшчэ пісаў. Чаму пісаў — а хто ведае? А яшчэ раней вагаўся паміж рэжымамі. Чаго вагаўся — паняцьця ня маем. І як спалучалася праца ў выведцы і кантрабанда — таксама пытаньне. То бок усё атрымліваецца раптам. І пэрсоны за гэтым ня бачна, і нейкай лёгікі — таксама».
Дакумэнтальны фільм «Наш выбітны ліхадзей» зьняты студыяй «Absalut прадакшн» пры падтрымцы «Лятучага ўнівэрсытэту».
Урывак з кнігі Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы»
«Мы жылі як каралі. Гарэлку пілі шклянкамі. Кахалі нас ладныя дзяўчыны. Хадзілі мы па залатым дне. Расплачваліся золатам, срэбрам і далярамі. Плацілі за ўсё: за гарэлку і за музыку. За каханьне плацілі каханьнем, за нянавісьць — нянавісьцю».