АБСЭ не зьбіраецца назіраць за крымскім рэфэрэндумам

Вайсковыя назіральнікі АБСЭ ня могуць уехаць у Крым

Раней расейскія агенцтвы паведамлялі з Крыму, што ўлады аўтаноміі «афіцыйна запрасілі» назіральнікаў з АБСЭ на свой ​​рэфэрэндум 16 сакавіка.
Арганізацыя па бясьпецы і супрацы ў Эўропе заявіла сёньня, што гаворкі аб разглядзе «запрашэньня» з Крыму назіраць за рэфэрэндумам аб далучэньні паўвострава да Расеі не вядзецца.

Паводле словаў прэс-сакратара АБСЭ, Крым ня мае паўнамоцтваў запрашаць назіральнікаў, бо зьяўляецца рэгіёнам, а не дзяржавай і не асобным членам арганізацыі:

«Крыму было б цяжкавата нас запрасіць», — заявіла прэс-сакратар.

Як падкрэсьліла прэс-сакратар, Украіна, якая зьяўляецца сябрам АБСЭ, ніякага запрашэньня не дасылала, а арганізацыя прытрымліваецца прынцыпу поўнай тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Украіны.

Раней расейскія агенцтвы паведамлялі з Крыму, што ўлады аўтаноміі «афіцыйна запрасілі» назіральнікаў з АБСЭ на свой рэфэрэндум 16 сакавіка.

Раней крымскія ўзброеныя ваеўнікі тройчы запар сілай не ўпусьцілі ў Крым назіральнікаў АБСЭ, якія павінны былі праверыць становішча на паўвостраве пасьля ўварваньня ў яго расейскіх войскаў.

Як заявіў незаконна прызначаны прэм’ер-міністар Крыму Сяргей Аксёнаў, прадстаўнікоў АБСЭ «ветліва папрасілі» ехаць назад, таму што яго ўлада ня хоча, каб аб становішчы ў Крыме «давалі недакладную інфармацыю».

У той жа час у сацыяльных сетках зьяўляюцца паведамленьні, што да рускіх па нацыянальнасьці, якія жывуць у краінах Эўразьвязу і маюць грамадзянства гэтых краінаў, паступаюць запрашэньні ўзяць удзел у назіраньні за крымскім рэфэрэндумам, каб выступіць там як «назіральнікі ад Эўразьвязу», але ацаніць яго, «як належыць рускім суграмадзянам».