Дзень Волі на тле вайны

Адметнасьцю сёлетняга Дня Волі стане салідарнасьць удзельнікаў акцыі з народам Украіны.
Пра гэта сёньня заявілі на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску сябры аргкамітэту, які рыхтуе сьвяткаваньне. Арганізатары паведамілі, што 7 сакавіка яны перадалі ў сталічны гарвыканкам заяўку на правядзеньне акцыі. Збор прызначаны на 25 сакавіка каля Акадэміі навук. Затым плянуецца шэсьце да плошчы Незалежнасьці, дзе плянуецца мітынг.

На прэсавую канфэрэнцыю заяўнікі сьвяткаваньня Дня Волі прыехалі зь Менскага гарвыканкаму. Адзін зь іх — прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Сідарэвіч — сказаў Свабодзе, што ніякіх размоваў з чыноўнікамі не было. Заяўнікі толькі пакінулі дакумэнты і цяпер будуць чакаць адказу. Яго павінны даць не пазьней як за пяць дзён да пачатку акцыі.

Яе фармат агучыў журналістам яшчэ адзін заяўнік — лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч

«А шостай гадзіне вечара 25 сакавіка плянуецца збор удзельнікаў каля Акадэміі навук. Затым будзе шэсьце па праспэкту Незалежнасьці да плошчы Незалежнасьці. І з 19.30 да 20.00 мы просім дазволу на правядзеньне мітынгу на плошчы Незалежнасьці».

Адметнасьцю сёлетняга сьвяткаваньня Дня Волі стане пашырэньне яго ідэйнай скіраванасьці. Да ранейшых прыярытэтаў — адзначэньня Дня Волі як найвялікшага сьвята і патрабаваньня свабоды палітвязьням — дадаецца салідарнасьць з народам Украіны. Неабходнасьць гэтага патлумачыў заяўнік — прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кандыдат у дэпутаты сталічнага гарсавету Антон Жылко:

«Цяпер гэта вельмі актуальная тэматыка і ў беларускім грамадзтве. Украінцы самааддана і самаахвярна змагаюцца супраць расейскага вайсковага ўварваньня. Мы расцэньваем гэта як расейскую агрэсію і цалкам падтрымліваем Украіну.

Мы лічым, што ў Беларусі шмат людзей, якія думаюць так. Асабліва — у Менску. І ім будзе вельмі важна і цікава выказаць сваю салідарнасьць. Таму мы заклікаем іх прыняць як мага больш актыўны ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі. Калі Ўкраіна са сваёй разьвітай самасьвядомасьцю і нацыянальным адраджэньнем цяпер ня выстаіць, то справы будуць кепскія і для Беларусі».

Аляксей Янукевіч сказаў, што, магчыма, у сьвяткаваньні Дня Волі будуць удзельнічаць вядомыя грамадзкія дзеячы з Украіны:

«Зараз гэта абмяркоўваецца. Украінскім палітыкам цяпер больш важна знаходзіцца на радзіме. У іх вельмі шмат працы і па адбудове эканомікі, і па супрацьстаяньні расейскай агрэсіі. Аднак некаторыя дзеячы ўкраінскай культуры, магчыма, возьмуць удзел у нашым сьвяце. Вядуцца перамовы зь вядомымі асобамі, у тым ліку і зьвязанымі з Майданам, каб яны прыехалі ў Менск».

Заяўку на акцыю падалі прадстаўнікі руху «За свабоду», партыяў БНФ, АГП, БСДГ (Грамада), аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД і Рады беларускай інтэлігенцыі.