Беларусы неўзабаве будуць езьдзіць у Ізраіль бязь візаў

У справе бязьвізавага наведваньня грамадзянамі Беларусі Ізраіля і ізраільцянамі Беларусі зьявіўся пэўны прагрэс.
Пра гэта сёньня заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра тое, якія пытаньні абмяркоўваюць сёньня прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Ізраіля ў Менску.

«Беларускія і ізраільскія дыпляматы абмяркоўваюць сёньня пытаньні бясьпекі і зьнешнепалітычнай дзейнасьці», — сказаў Дзьмітры Мірончык. — З ініцыятывай аб скасаваньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Ізраілем выступіў кіраўнік беларускай дзяржавы, а непасрэдна рэалізацыя яе ўскладзеная на Міністэрства замежных спраў Беларусі і нашу амбасаду ў Ізраілі. Мы бачым у гэтай справе пэўны прагрэс і зыходзім з таго, што гэтая ініцыятыва будзе рэалізаваная".

Нагадаем, што на сёньняшні дзень грамадзяне Беларусі мусяць атрымліваць візу, каб паехаць у Ізраіль, а вось у Расейскай Фэдэрацыі і Ўкраіны з Ізраілем бязьвізавы рэжым.