У Гомелі згадалі Героя Ўкраіны Міхаіла Жызьнеўскага

На магіле Міхаіла Жызьнеўскага

2 сакавіка ў Гомелі родныя забітага пад час пратэстаў ва Ўкраіне на Эўрамайдане Міхаіла Жызьнеўскага адзначалі саракавіны зь дня яго сьмерці.
У Навабеліцкай праваслаўнай царкве, якую наведваў Міхаіл і ад якой меўся паехаць вучыцца ў духоўную сэмінарыю, прайшло памінальнае набажэнства.

На могілкі ў вёску Сьцяг Працы, дзе пахаваны Герой Ўкраіны, прыехалі бацька загіблага Міхаіл Пятровіч Жызьнеўскі, сёстры, пляменьнікі, іншыя сваякі, а таксама грамадзкія актывісты з Гомеля.

Маці Міхаіла, Ніны Васільеўны Жызьнеўскай, на могілках не было. Дзень таму яна патрапіла з інфарктам у рэанімацыю кардыялягічнага цэнтру.

Бацька Міхаіла быў у Кіеве на Майдане, калі сталіца Ўкраіны разьвітвалася з ахвярамі рэжыму Януковіча. Украінцы тады скандавалі: «Слава Героям!»

А 24 лютага Вярхоўная Рада Ўкраіны пастанавіла надаць званьні Героя Ўкраіны ўсім загіблым на Эўрамайдане пад час рэвалюцыйных падзеяў.

Міхаіл Жызьнеўскi ў гэтым сьпісе пад № 2. Яго забілі 21 студзеня з агнястрэльнай зброі стрэлам у сэрца пад час сутычак на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве. Да свайго 26-годзьдзя Міхаіл не дажыў чатыры дні.

Your browser doesn’t support HTML5

Саракавіны Міхаіла Жызьнеўскага


Міхаіл Пятровіч перакананы, што «бэркутаўцы» найперш выбівалі на Майдане лідэраў, якія здольныя былі абараняць свабоду ўкраінцаў, незалежнасьць і сувэрэнітэт украінскай дзяржавы.

Грамадзкі актывіст «Нашай ініцыятывы» Андрэй Стрыжак паведаміў Свабодзе: «Беларуская грамадзкасьць даволі шырока адгукнулася на гэтую бяду. Было сабрана ў эквіваленце каля 4700 даляраў на дапамогу сям’і. Аднак і дагэтуль людзі зьвяртаюцца з прапановамі дапамогі. Хваля салідарнасьці зараз ідзе з боку ўкраінцаў. Міша Жызьнеўскі быў у першых шэрагах „нябеснай сотні“, якая загінула на Эўрамайдане за свабоду Ўкраіны. І ва Ўкраіне таксама вядзецца збор сродкаў на дапамогу сем’ям загіблых. З нашага боку ёсьць прапановы на ўшанаваньне памяці Міхаіла. Як варыянт, гэта можа быць памятная шыльда на доме, дзе ён жыў».

Тым часам гомельскія ўлады не выявілі ніякага інтарэсу да жалобнай даты. Сваякі заяўлялі, што было складана нават знайсьці сталоўку, каб заказаць памінальны абед да саракавін зь дня сьмерці Міхаіла.

Урэшце дапамагчы сям’і пагадзілася кавярня «Таверна», якая знаходзіцца непадалёк ад дома, у якім жыў Герой Украіны Міхаіл Жызьнеўскі.